Са Слуцка – у Віцебск

Апублiкавана: 05 красавiка 2023 Арт-блог Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У культурнай сталіцы Беларусі — Слуцку — адбыліся фіналы нацыянальных адбораў на конкурсы XXXII “Славянскага базару ў Віцебску”. Сярод дзяцей нашу краіну прадставіць Сафія Рустамава з Брэста, сярод дарослых — Самір Ёлчыеў з Оршы. 

Праслухоўванні ладзіліся ў выглядзе публічнага канцэрта 18 сакавіка ў Слуцкім гарадскім Доме культуры. У абодвух фіналах — па 10 удзельнікаў, якія спявалі па дзве песні. Адну — беларускіх аўтараў на беларускай мове (у дзіцячым конкурсе) ці славянскага кампазітара на адной са славянскіх моў (у дарослым). Другую, адпаведна з узростам канкурсантаў, — на выбар ці сусветны хіт. 

Цікава было прасачыць, да якіх менавіта песень звярталіся канкурсанты (і іх выкладчыкі — перадусім у дзіцячым конкурсе). Вольны выбар і пошукі сусветных хітоў прыводзілі часцей да еўрапейскай эстрады, а з расійскай двойчы была абрана “Калыханка” з рэпертуару Паліны Гагарынай. Што ж да беларускіх песень, дык цягам двух канцэртаў прагучалі пяць — Валерыя Шмата, чатыры — з рэпертуару “Песняроў” розных часоў, тры — Алены Атрашкевіч. Чым не нагода для сацыялагічнага даследавання? Сваіх аналітыкаў чакае і той феномен, што ўзровень дзіцячых конкурсаў ужо далёка не ўпершыню і даволі трывала апярэджвае планку дарослых. Галоўнай праблемай апошніх бачыліся брак культуры выканання, няўменне злавіць розніцу між рэстараннай манерай спеваў і рознастылёвай эстраднай. А яшчэ — недастаткова добрая дыкцыя. 

У сваіх каментарыях, па якія “К” звярнулася да журы, чальцы адзначалі добрую падрыхтоўку мерапрыемства, рабілі некаторыя заўвагі канкурсантам, давалі парады будучым удзельнікам і зычылі ўсім поспехаў на ніве мастацтва. 

Іна Адамовіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, член журы абодвух адбораў: 

— Штогод мы ўзрошчваем канкурсантаў. Наведваем папярэднія рэгіянальныя адборы, іншыя праслухоўванні, таму амаль усіх цяперашніх удзельнікаў я бачыла і чула неаднаразова, добра ўяўляю іх магчымасці і развіццё. У дзіцячым конкурсе абсалютна ўсе маглі б годна прадстаўляць нашу краіну. Гэта былі не проста спевы, а выдатныя пастаўленыя нумары — з рэквізітам, падтанцоўкай. У такім сур’ёзным падыходзе бачыцца заслуга выкладчыкаў і бацькоў. Але перамога Сафіі Рустамавай невыпадковая. Юная спявачка доўга ішла да яе, мае добры вакал і духоўную моц, ездзіць на заняткі з Брэста ў Мінск. Нядзіва, што ў яе за плячыма шматлікія поспехі на іншых творчых спаборніцтвах. Дый на леташнім адборы ёй не хапіла зусім крыху: яна была на другім месцы. І не апусціла рукі, працягнула ўдасканальвацца. А вось на дарослым конкурсе лідара не было. Вылучылася тройка лепшых, розніца паміж усімі была ў адзін бал. І Саміру Ёлчыеву пашанцавала. Дарэчы, ён таксама не ўпершыню ўдзельнічаў у праслухоўваннях. Заўважыла яго некалькі гадоў таму ў Магілёве — за гэты час ён вельмі ўзрос. У яго ёсць вакальныя здольнасці, жаданне перамагаць, і Міністэрства культуры будзе патраніраваць яго, дапамагаць у далейшай падрыхтоўцы да конкурсу. 

Ірына Дарафеева, заслужаная артыстка Беларусі, загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня журы дзіцячага конкурсу: 

— Я вельмі задаволеная вынікамі і самой працай журы: усё адбывалася вельмі дэмакратычна і аб’ектыўна. Увогуле ўзровень дзіцячага конкурсу быў надзвычай высокім. Многіх удзельнікаў я ўзяла сабе на заметку, буду сачыць за імі, дапамагаць. Тая ж Лізавета Цупрык з Брэста — быццам Барбара Стрэйзанд. А якая харызма! Так можна пра кожнага гаварыць, бо ўсе канкурсанты мелі сваю разыначку. Жадаю ім жыць з пазітывам у душы, не страчваць веру ў сябе і жаданне працаваць. 

Алена Атрашкевіч, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, член журы дзіцячага адбору: 

— Сафія Рустамава — эстрадная вакалістка з багатым канцэртным і конкурсным вопытам. Сярод яе шматлікіх скораных вяршынь — перамога ў Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, дзе заўжды вельмі вялікая канкурэнцыя. На цяперашнім адборы яна таксама выступіла пераканаўча, з насычанай унутранай энергетыкай. А галоўнае — мела ўласнае прачытанне абраных песень. На другім месцы з розніцай у чатыры балы аказалася Злата Ярашэвіч з Віцебшчыны. Яна сапраўдны самародак, таксама не ўпершыню штурмуе адбор на “Славянскі базар”. Але ў яе беларускай песні хацелася б яшчэ большага кантрасту. Добрыя перспектывы ў Лізаветы Цупрык, ды замежная песня аказалася ёй “на выраст” — не па тэхніцы, а па сэнсавым напаўненні. Мінчанка Маргарыта Цумарава была, бадай, самай стыльнай — і па выкананні, і па сцэнічных строях. Арыне Шурхай з Брэста яшчэ трэба папрацаваць над тэхнікай, набрацца вопыту. Увогуле пра кожнага можна гаварыць як пра будучыню нашай спеўнай эстрады! Адзначу таксама, як прыгожа сустракаў Слуцк канкурсантаў. Ім арганізавалі экскурсію ў Музей слуцкіх паясоў, падарылі слуцкія тарты. А як было праведзена лёсаванне! Дзеці выбіралі лялечку, што ім прыглянулася, і знаходзілі на ёй схаваны парадкавы нумар свайго выступлення. 

Аляксей Снітко, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, харавы дырыжор, заснавальнік і кіраўнік харавога ансамбля Concertіno Беларускага саюза кампазітараў: 

— Адбор на дзіцячы конкурс “Славянскага базару” сёлета паказаў дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Асобна хочацца адзначыць шырокую жанравую палітру песень, якія выконвалі канкурсанты: ад рэпертуару знакамітых “Бітлз”, Лары Фабіян да вакальных палотнаў сучасных кампазітараў Эндру Лойда Уэбера і Алены Атрашкевіч. І гэта вельмі важна для фарміравання добрага мастацкага густу як саміх юных выканаўцаў, так і для маладой слухацкай аўдыторыі. Лічу, што кожны з канкурсантаў у той ці іншай ступені справіўся з выкананымі творамі, кожнаму ўдалося пакінуць добрае ўражанне як у журы, так і ва ўсіх гледачоў, што прыйшлі ў канцэртную залу ці назіралі за творчым спаборніцтвам у прамой трансляцыі па тэлевізары. Але ж для перамогі важна спалучэнне ўсіх прафесійных якасцей артыста: выдатнай вакальнай падрыхтоўкі, вялікага вопыту выступленняў на эстрадзе, яркага сцэнічнага вобраза. А таксама многіх іншых фактараў: ад шанцавання, гэткай любові фартуны, да натхнёнага настрою і выдатнай пеўчай формы выканаўцы непасрэдна ў момант выступлення, бо голас імгненна рэагуе на ўсе змены ўнутранага стану спевака і навакольных, знешніх абставін. Упэўнены, што ў нацыянальным адборы няма тых, хто прайграў. Ужо сам удзел у ім — вялікая перамога. Таму важна не спыняцца на дасягнутым, працягваць рух да новых вяршынь, і рана ці позна яны будуць заваяваныя — працай, настойлівасцю і, вядома ж, любоўю да музыкі. 

Віталь Кульбакоў, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, член журы дарослага адбору: 

— Хлопцы на “Славянскім базары ў Віцебску” звычайна маюць больш перспектыў, чым дзяўчаты. У Саміра Ёлчыева, які працуе ў Оршы, быў смачна зроблены сусветны хіт — “Feeling good”. Адчувалася, што спявак браў урокі ў Пятра Ялфімава. А ў “Чырвонай ружы” Уладзіміра Мулявіна хацелася больш разумення, пра што менавіта спяваецца. Да таго ж не ўдаліся першыя ноты, а яны павінны быць бездакорнымі, адразу захапіць увагу слухачоў і журы. Адзначыў бы таксама мінчанку Даніэлу Цеплякову і Дар’ю Рудко з Баранавічаў за стабільнасць, уменне выдаць усё, што назапашана. Сярод агульных пажаданняў адзначу тры рэчы. Па-першае, неабходнасць добрага англамоўнага маўлення. Па-другое, неверагоднай харызмы, бо зала Летняга амфітэатра ў Віцебску, дзе праходзіць конкурс, патрабуе ў некалькі разоў мацнейшыя эмоцыі. Нарэшце, правільны падбор рэпертуару, на які прыпадае ледзь не 80 адсоткаў поспеху. 

Валерый Шмат, кампазітар, музыкант, стваральнік і кіраўнік Арт-гурта “Беларусы”, член журы дарослага адбору: 

— Уражанні неадназначныя, бо многія недастаткова дбайна паставіліся да рэпертуару: шмат песень, больш прыдатных для выканання дзесьці ў бары, а не на творчым спаборніцтве. Бо конкурсныя кампазіцыі патрабуюць інтэнсіўнага вакальнага развіцця, нават у куплетнай форме павінна прысутнічаць варыяцыйнасць. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на беларускія песні, бо тыя часцяком тэхнічна недаробленыя, з дрэннымі аранжыроўкамі. Так, нацыянальныя творы не маюць у вольным доступе той базы аранжыровак, як замежная эстрада. Выканаўцам трэба ўкладаць у гэта грошы, звяртацца да спецыялістаў. Мець голас сёння ўжо недастаткова. Трэба, каб усё знаходзілася ў гармоніі і было высакаякасным. 

Надзея БУНЦЭВІЧ