Да 110-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі

Апублiкавана: 19 лютага 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: КРЭПАК Барыс

Назву эсэ я выбраў з першых радкоў вядомага верша Уладзіміра Дубоўкі, бо яна, назва, добра кладзецца на мастацкі вобраз майго героя. Свой кароткі аповед пра выдатнага беларускага жывапісца-пейзажыста і буйнога майстра “эпічнага” нацюрморта, народнага мастака Беларусі Віталя Канстанцінавіча Цвіркі, якому 14 лютага споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння, я хацеў бы пачаць з неверагоднай, амаль дэтэктыўнай гісторыі. 

Здараюцца ў жыцці дзіўныя, амаль містычныя рэчы. І ніякія разумныя тлумачэнні, якія б раскрылі сапраўдную прычыну такіх здарэнняў, не дапамагаюць. Напрыклад, чалавек знайшоў раптам скарб старажытных манет. Гэта што — заканамернасць (бо менавіта яму гэты скарб дастаўся) або неспасцігальная выпадковасць? Хто ведае... 

МІСТЫЧНАЯ ЗНАХОДКА 

...Аднойчы, напярэдадні Калядаў, у пачатку 2003 года, вядомая акварэлісткалірык Аліса Мароз, вучаніца Віталя Цвіркі, вярталася дадому. На тралейбусным прыпынку, што на сталічнай вуліцы Кузьмы Чорнага каля аптэкі, раптам убачыла на снезе старэнькую папку з раскіданымі побач фотаздымкамі. Падняла гэтую папку і фотаздымкі, азірнулася па баках з надзеяй убачыць неахайнага гаспадара — нікога, ды і тралейбус пайшоў ужо. Зайшла ў аптэку, раскрыла папку і... сумелася. У папцы ляжалі два дзясяткі старых фотаздымкаў з архіва сям’і Цвіркі (!), у асноўным старэйшага роднага брата Віталя Канстанцінавіча — Аляксандра. Тут былі і фотакарткі з выявай самога мастака, пачынаючы з 1920-х і амаль да 1950-х. 

Што тычыцца Аляксандра Канстанцінавіча, то свае апошнія гады жыцця ён знаходзіўся ў псіханеўралагічным домеінтэрнаце, што доўгі час размяшчаўся на вуліцы Кузьмы Чорнага, пакуль інтэрнат не пераехаў у Дражню. Магчыма, тут і трэба было шукаць разгадку, якім чынам гэты альбом апынуўся менавіта ў тым раёне. Ці нехта выпадкова згубіў яго або проста выкінуў (адрасат на папцы адсутнічаў), так і засталося невядома. Можна толькі меркаваць, што калі б на гэтым месцы і ў тую хвіліну не апынулася Аліса — папка магла б знікнуць назаўсёды. 

Аліса доўга думала, што ёй рабіць з гэтай каштоўнай знаходкай. Калі б існавалі музей ці галерэя В.К. Цвіркі, такога пытання не ўзнікла б. Перадаць сваякам Віталя Канстанцінавіча? Або ў Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва? Пакуль што вырашыла з гэтымі фотаздымкамі азнаёміць мяне, ведаючы, колькі любові і ўвагі надаваў я жыццю і творчасці вялікага мастака. Ды і пра маё сяброўства з Цвіркам многія ведалі, бо мой вялікі манаграфічны альбом пра яго карыстаўся папулярнасцю з 1985 года. 

І я быў адным з першых, хто выйшаў з прапановай да Саюза мастакоў і Міністэрства культуры правесці на Гомельшчыне — радзіме выдатнага пейзажыста ХХ стагоддзя — міжнародны пленэр яго імя. Дарэчы, такі пленэр з падтрымкай Гомельскай абласной арганізацыі СМ і быў арганізаваны ў канцы лета 2003 года. Павінен сказаць, што ён прайшоў на вельмі высокім узроўні. На жаль, пленэр з розных прычын не стаў традыцыйным... 

Словам, у выніку Аліса Мароз папку падаравала мне, а я ў сваю чаргу перадаў фотаздымкі Таццяне Цвірка, дачцэ маэстра. Некаторыя фота з гэтай папкі публікавала “К” у пачатку чэрвеня — роўна праз дзесяць гадоў, як мастак пайшоў з жыцця. Зноў жа — містыка? Сёлета 11 чэрвеня споўніцца роўна 30 гадоў з дня смерці творцы... Вось такія дзве даты — нараджэння і адыходу ў вечнасць найвыдатнейшага сына зямлі беларускай — прыпадаюць на гэты год. 

"ЗА МАІХ ВУЧНЯЎ!.." 

Можа, пара б ужо зноў успомніць і пра яго музей (ці галерэю) у Мінску, пра які марылі ўсе, для каго нацыянальная культура не пусты гук; і пра адраджэнне пленэраў на Гомельшчыне ці на яго любімай Міншчыне; і пра найменне нейкай вуліцы на яго радзіме — на Буда-Кашалёўшчыне або ў беларускай сталіцы і г.д. Канешне, прыемна, што дзіцячая мастацкая школа №1 у г. Мінску носіць імя мастака ды на доме №44 па вуліцы Сурганава, дзе тварыў і побач жыў мастак, ёсць мемарыяльная шыльда. Але ж для творцы такой велічыні гэтага замала... 

Апошні, 80-ы дзень нараджэння Віталь Канстанцінавіч правёў дома — у вузкім коле блізкіх і сяброў. З мастакоў былі Леанід Шчамялёў — яго любімы вучань, Іван Шастапалаў — ягоны сябра па творчых паездках па краіне. Быў і я — адзін з ягоных біёграфаў і даследчыкаў творчасці, чым ганаруся і дасюль. 

Помню, гаспадар кватэры сказаў на той вечарыне дзіўны тост: “За маіх таленавітых вучняў! За тых, хто выбраў у мастацтве сваю ўласную палітру, не падобную на маю!” І пералічыў імёны, сярод якіх назваў Шчамялёва, Грамыку, Паплаўскага, Казакевіча, Аракчэева, Рэя... І як запавет да гэтага часу чую яго словы: “Не разумею жывапісцаў, якія пазбаўляюць сябе галоўнай радасці творчасці — працаваць у полі, у лесе, ля ракі. Амаль усе свае палотны я напісаў на адкрытым вольным паветры, бо сам-насам з прыродай заўсёды чуў яе жывое пульсаванне…” 

ПЛЕНЭР — ЯГО СТЫХІЯ 

Заўважу адну заканамернасць. Раней Віталь Цвірка паказваў інтымныя, камерныя куткі прыроды, любаваўся адчуваннем кожнага прадмета, яго праўдзівасцю, як гэта рабілі Левітан і Саўрасаў. Успомнім прынамсі цвіркаўскія пейзажы “Сакавік” (1947) ці “Ля млына” (1954). Але ў палотнах апошніх дзесяці — пятнаццаці гадоў жыцця ён імкнуўся да эпічнага апавядання, да ўсебаковага, шырокага ахопу з’яў, да перадачы адвечных заканамернасцей у жыцці прыроды. Здаецца, у многіх работах Цвіркі, у адрозненне, напрыклад, ад твораў яго земляка Георгія Ніскага, і прыкмет новага няма. А вось пачуццё — яно новае, сённяшняе, вострая ўвага да паэзіі прыроды, музыкі прыроды. Сам лад пэндзля, падуладны экспрэсіі, надае сучасную танальнасць яго карцінам. І мы ўваходзім у гэтую рэчаіснасць, мінуючы складаныя, мудрагелістыя гіпербалы і асацыяцыі, уваходзім і спыняемся, зачараваныя. Таму што нас сустракае сапраўдны мастак, уся работа якога падпарадкаваная сцвярджэнню актыўнага аптымістычнага пачатку ў навакольным свеце, сцвярджэнню чалавека, які асвойвае свет. Ці не таму найлепшыя жывапісныя і акварэльныя творы робяць уражанне адкрытай душы? Ці не таму мастака ўсё творчае жыццё так неадольна прыцягвала родная Беларусь, якая стала ў яго палотнах сімвалам вялікай чалавечай любві і прыгажосці? 

З Віталём Канстанцінавічам мы сустракаліся часта: і ў ягонай кватэры, і ў апошняй майстэрні ў “слупку” на вуліцы Сурганава, а яшчэ раней — на ягоным летніку ў Тальцы (там доўгі час жыў ягоны бацька), і ў майстэрні на Першамайскай вуліцы. Тройчы я выязджаў з Цвіркам (за баранкай старой “Победы”, як заўсёды, Іван Шастапалаў) на пленэр у Заслаўе (канец 60-х), Раўбічы (1980) і ў 1982-м — у Вязынку, дзе ён цалкам з натуры пісаў “Фарбы лютага. Ваколіца” і “Зямлю Янкі Купалы”. Назіраючы за натхнёным “дзействам” жывапісца, я адчуваў, што на маіх вачах ствараецца чараўніцтва. Маляваў мастак звычайна моўчкі, але часам насвістваў, прытанцоўваў, мурлыкаў сабе пад нос нейкую мелодыю ці кідаў іранічныя жартачкі ў адрас сваіх калег, тых “акынаў”, якія працуюць на натуры па прынцыпе “што бачу, то пяю”. 

НЕПАРАЗУМЕЛІСЯ? 

Прысутнасць людзей яму ніколі не перашкаджала — у сваёй стыхіі ён быў сапраўдным акцёрам і зараджаў усіх сваёй нястрымнай энергетыкай. Толькі Івана Восіпавіча Ахрэмчыка (дарэчы, даваеннага настаўніка Цвіркі па Віцебскім мастацкім тэхнікуме) гэта крыху раздражняла, калі ён маляваў эцюд побач з Цвіркам. Аднойчы я быў таму сведкам — у наваколлі Заслаўя. Гэта калі я, па яго прапанове, упершыню, дзесьці ў канцы 60-х, суправаджаў Маэстра на эцюды. У Ахрэмчыка быў тонкі музычны слых, і яго нервавалі самадзейныя, далёкія ад прафесіяналізму вакальныя імправізацыі сябра. Цвірка адмахваўся ад яго, як ад надакучлівай мухі, і маляваў далей, мурлычучы сваю музыку. Тады Ахрэмчык буркліва склаў эцюднік і перабраўся ў іншае месца. Назіраць усё гэта было вельмі забаўна... 

Шмат цікавых гадзін нам прынеслі здымкі дакументальнай тэлестужкі пра творчасць мастака. Здымалі ў тым жа Заслаўі, потым на Лысай гары, у ваколіцах Малой Валоўшчыны. Было холадна, саграваліся каньяком. Менавіта ў дзень яго 80-годдзя стужку пракруцілі на тэлебачанні. Віталь Канстанцінавіч радаваўся, як дзіця, хаця ўжо тады дрэнна сябе адчуваў. А праз чатыры месяцы яго не стала... 

І сёння, у 110-ы юбілей выдатнага творцы ХХ ст. Віталя Цвіркі, мы яшчэ і яшчэ раз згадваем яго добрым словам і ганарымся тым, што ён быў і застаецца зоркай першай велічыні ў нашым беларускім пейзажы. 

Барыс КРЭПАК