Трыадзінства майстра

Віцебскі мастак Дзмітрый Гаралевіч бездакорна стварае і дзівосна-казачныя светы, і рэфлексіўныя палотны, прадыктаваныя рэчаіснасцю і асабістымі душэўнымі парывамі. Адданы жывапісу, толькі гэтым відам мастацтва майстар не абмяжоўваецца. 

Падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта з Дзмітрыя і яго аднакашнікаў імкнуліся вырасціць універсальных майстроў: не толькі давалі асновы малюнка і жывапісу, але і вучылі працаваць з дрэвам і металам. Пазней кожны мог абраць улюбёны занятак і ўжо самастойна ўдасканальваць навыкі. Спадар Гаралевіч аддаў перавагу жывапісу, але з часам пачаў асвойваць усё новыя палі. 

СУВЕНІР З МАРАЛЛЮ 

Дзмітрый з усмешкай прызнаецца: “Развітвацца з дзяцінствам не хочацца зусім”. Лёс падарыў магчымасць даросламу творцу заглыбіцца ў свет маленства. Ужо пяць гадоў мастак шчыруе ў віцебскім тэатры “Лялька”. Хоць у рэпертуары ўстановы ёсць спектаклі для рознаўзроставай аўдыторыі, найбольш актыўна трупа працуе менавіта з юнымі гледачамі. Збудаваць на сцэне прывабны ды зразумелы малым свет для Дзмітрыя не праблема: дапамагае тое самае памкненне захаваць унутранае дзіця, уменне зірнуць на жыццё вачыма хлапчука. Майстар і цяпер любіць чытаць казкі. Не дзіва, што аднойчы мастаку-канструктару, які адказвае выключна за стварэнне лялек, даверылі працу пастаноўшчыка, то-бок аўтара ўсяго выяўленча-пластычнага вобраза дзеі, у тым ліку дэкарацый і касцюмаў. 

Першай работай у новай якасці стала містычная гісторыя “Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех” рэжысёра Міхася Клімчука. Нагадаю, пазалетась пастаноўка атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію. Для работы над наступным спектаклем “Мой вялікі маленькі дзядуля” мастак узяў у суаўтары хлопчыкаў і дзяўчынак, якія лячыліся ў рэспубліканскім цэнтры анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Ад іх работ Дзмітрый адштурхоўваўся ў распрацоўцы аздаблення — і ўдала захаваў эстэтыку дзіцячага малюнка, дзе рэальнае пераплятаецца з фантастычным, дзе ўмоўныя маштабы неістотныя. Вялізны добры сабака, што нібы ляціць над горадам і трымае герояў на спіне, быццам сшытыя з рознакаляровых лапікаў тканіны дамкі, агромністыя яркія кветкі, амаль роўныя па вышыні з дрэвамі... 

“Матэрыял мусіць цікавіць мастака, інакш праца пойдзе цяжка”, — упэўнены Дзмітрый Гаралевіч. Адданы аматар традыцыйнай культуры, ён вырашыў звярнуцца ў тэатры да нашага фальклору і прапанаваў рэжысёру Віктару Клімчуку зрабіць спектакль па матывах народнай казкі “Ох і залатая табакерка”. Як і было задумана, пастаноўка выявілася своеасаблівым беларускім сувенірам. Выразаныя з дрэва маскі і некаторыя лялькі, народныя строі, уплеценыя ў шырмы тканыя паясы, дзіўныя чаўны-маладзікі на задніку, някідкія фрагменты арнаменту — глядач нібыта адкрывае чароўны куфар са скарбамі мінулых часоў. Са сцэнаграфіяй спектакля “Ох і залатая табакерка” аўтар перамог у Рэспубліканскім конкурсе мастакоў тэатра і на правах трыумфатара сёлета зладзіў персанальную выставу ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. 

ПРАФЕСІЙНЫ ПРЫМІТЫЎ 

Захапленне народным мастацтвам адкрыла Дзмітрыю Гаралевічу дадатковую прастору для творчага выказвання. Ён вырабляе драўляныя скульптуры рэлігійнага зместу — увасобіў Распяцце (найбольш ранні і важны пластычны вобраз у афармленні храмаў), а таксама Хрыста ў вязніцы ноччу перад жорсткім пакараннем, дакладна перадаўшы ціхмянасць і адчуванне пакінутасці адначасова. Таксама мастак прапанаваў уласную трактоўку вобразаў апостала Пятра, архангела Міхаіла, святога Георгія Пераможцы, херувімаў, анёлаў. Заслугоўваюць увагі і шматфігурныя кампазіцыі на біблейскую тэматыку — ад поўнай спакою і ціхай радасці сцэны пакланення вешчуноў да пераследу Ірадам нявінных немаўлят. Дарэчы, нават далёкія ад выяўленчага мастацтва аматары фолка з творчасцю Дзмітрыя знаёмыя: фотаздымак батлейкі, якую зрабіў майстар, упрыгожыў калядны альбом “Месяц узышоў” сталічнага гурта Astroŭna. 

У скульптуры творца імкнецца да лаканічнасці і абагульненых формаў, а для большай выразнасці выкарыстоўвае паліхромны роспіс у стрыманай гаме. Наследуючы стылю народных прымітываў, разьбяр наўмысна парушае прапорцыі. Падобна да майстроў-самавукаў мінулых часоў, даволі ўмоўна адпавядае канону і дадае ў абліччы нямала асабістага, душэўнага. 

ФІЛАСОФІЯ НАЦЮРМОРТА 

Усмешлівы летуценнік і аптыміст у тэатры, як жывапісец Дзмітрый Гаралевіч нярэдка паўстае маўкліва-задуменным, загадкавым і нават меланхалічным. У значнай частцы работ прыкметнае наследаванне ванітасу — алегарычнаму нацюрморту, які нагадвае пра хуткаплыннасць чалавечага існавання, марнасць зямных уцех і непазбежнасць смерці. На перайманне паказваюць звычайныя для паджанру, народжанага ў эпоху барока, атрыбуты. Да прыкладу, разбітыя пасудзіны розных формаў выступаюць сімвалам крохкасці жыцця. Нярэдка сасуды размешчаныя на хісткіх апорах з ламачча. Здаецца, толькі дыхні на дзіўныя канструкцыі — і яны абрынуцца, ператварыўшыся ў кучу смецця. Так аўтар надае рабоце асаблівы трывожна-насцярожаны настрой, даводзіць гледача да надзвычайнай эмацыйнай напружанасці. Аб недаўгавечнасці чалавека і няўхільным адыходзе кажуць таксама марскія ракавіны, а гадзіннікі наводзяць на думкі пра шалёна хуткі бег часу. Усе рэчы ў беспарадку, яны нагрувашчаныя або раскіданыя па пакоі. Нярэдка ў гэтым хаосе можна трапіць на старыя фотакарткі з абліччамі, верагодна, памерлых гаспадароў развернутых пажыткаў. Аб наследаванні старадаўнім майстрам кажа і гравюра Ганса Голбейна — малодшага з серыі “Скокі Смерці” на адным з нацюрмортаў. Але ў адрозненне ад творцаў мінулых стагоддзяў Дзмітрый Гаралевіч за рэдкім выключэннем адмаўляецца ад паказу чэрапа, некалі цэнтральнага атрыбута жанру, ад пышнасці і дэталізацыі выявы. 

Спектакль "Ох і залатая табакерка"

Спектакль "Ох і залатая табакерка"

Вядома, не кожны нацюрморт заключае развагі пра хуткаплыннасць гадоў. У некаторых работах аўтар хутчэй імкнецца давесці, што неадушаўлёныя прадметы на самай справе жывыя. Мастак пільна даследуе форму, фактуру і колер рэчаў, прыглядаецца нават да самых дробных адбіткаў часу, каб аднавіць гісторыю артэфактаў. Прыцягнуць увагу творцы здольныя самыя непрыкметныя, здавалася б, аб’екты, такія як каменьчык ці сухая галінка. Што ў адборы натуры, што ў пастаноўцы нацюрморта жывапісец збольшага давярае інтуіцыі. Рацыянальна патлумачыць, чаму той ці іншы элемент не пасуе кампазіцыі, папросту немагчыма. 

ЛІРЫКА З ЭЛЕМЕНТАМІ КРАЯЗНАЎСТВА 

Гарадскія пейзажы Дзмітрыя Гаралевіча элегічныя, часам нават трывожныя. На палотнах паўстаюць куточкі роднага Віцебска. Аднак вы не пабачыце ў творах ратушу ці іншыя славутасці, бо мастака цікавяць не прыбраныя брукаваныя кварталы, а невядомыя турыстам мясцінкі са своеасаблівым характарам: ціхія вулкі і звычайныя дворыкі з крывымі агароджамі, гаспадарчымі пабудовамі, цаглянымі і драўлянымі дамкамі на адзін-два паверхі — нярэдка закінутымі, напаўразбуранымі. Некаторыя з гэтых аб’ектаў да цяперашняга часу, на жаль, не захаваліся. 

 Краявіды роднага Віцебска

 Краявіды роднага Віцебска

Творца не вельмі ўтульна пачуваецца ў шматлюднасці, больш любіць пабыць у самоце. Мо таму ў яго гарадскіх краявідах чалавечыя постаці з’яўляюцца рэдка? Толькі часам можна напаткаць адзінокага мінака, які кудысьці брыдзе, ці позняга наведвальніка рэстаранчыка, што выйшаў на перакур. Парадоксу ў тым, што Дзмітрый Гаралевіч можа быць і казачнікам-жыццялюбам, і меланхалічна-раздумлівым сузіральнікам, няма. У кожным відзе творчасці майстар карыстаецца рознай оптыкай для разгляду адных і тых жа тэм — маралі, памяці, месца асобы ў свеце. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва мастака