“Шаленства”: сам-насам з жахам

Апублiкавана: 20 красавiка 2023 Стужка Кіно Мінск Галёрка

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Не паспела зарасці народная сцежка да “Чабурашкі”, як у айчынным кінапракаце з'явілася новая “сямейная казка” ад Дзмітрыя Дзячэнкі – “Шаленства”. Вядомае імя рэжысёра і эфектныя трэйлеры з першых дзён паказу прыцягнулі ўвагу гледачоў і крытыкаў. Якое кіно патрэбнае сёння і чаму не заўсёды варта мудраваць з сюжэтам, паспрабуем разабрацца разам.

Сюжэт фільма “па-руску” сур’ёзны: бацька (Аляксей Серабракоў) прывозіць свайго сына-наркамана (Усевалад Валодзін) на рэабілітацыю на Алтай, каб перайначыць свайго недарэчнага нашчадка раней, чым гэта зробіць гераінавая ломка. План лячэння суровы: спачатку дзіця пасадзіць на ланцуг, а раніцай — на снегаход, і ў самае сэрца тайгі. Толькі не ведае клапатлівы бацька, што ў заснежаным краі — эпідэмія шаленства і што мясцовы егер (Аляксандр Усцюгаў) на пару з участковым (Яўген Ткачук) які дзень лічаць трупы ў дарэмным чаканні каранціну. 

Здымкі фільма “Шаленства”

Фільм заснаваны на рэальных падзеях, якія адбыліся ў Амурскай вобласці ў 2019 годзе

“Таежны постхорар”, як яго ахрысцілі расійскія кінакрытыкі, абсалютна новы кадр у фільмаграфіі Дзмітрыя Дзячэнкі, і кадр удалы. Нягледзячы на тое, што карціна выбіваецца з плеяды работ рэжысёра, яна дэманструе аўтарскую шматграннасць, здольнасць працаваць з любым жанрам. І хаця гэты фільм наўрад ці пераўзыдзе па зборах касавага гіганта “Чабурашку”, але стоадсоткава запомніцца і ў расійскім, і ў беларускім пракаце. 

НЯМА ДРАПЕЖНІКА СТРАШНЕЙШАГА ЗА ЧАЛАВЕКА 

“Шаленства” не казырае багаццем сэнсаў і падтэкстаў, якія імкнуцца дасягнуць глыбіні. Гісторыя на фоне сацыяльна-бытавых рэалій не мае патрэбы ў дадатковай ідэйнай нагрузцы: тут на першым плане сапраўднасць характараў і яркасць эмоцый. Перавага фільма — у апеляцыі да страху смерці. Аднак, нягледзячы на тое, што ўсё трымаецца на жывёльным жаху, нельга абмінуць ядро сюжэта — канфлікт бацькі і сына. 

Аўтар сцэнарыя Аляксей Казакоў хоць і не адмаўляецца ад некаторай сентыментальнасці, усё ж будуе сямейныя зносіны на падмурку мужчынскай грубасці і няўмольнасці. Ён дазваляе сваім героям дзейнічаць імпульсіўна, каб агаліць сапраўдныя пачуцці і аб’яднаць у барацьбе за выжыванне. Гэта дапамагае персанажам не забыцца адзін на аднаго, калі смерць будзе дыхаць у твар. Жорсткі канфлікт бацькі і сына вырашаецца таксама бязлітасна: супрацьстаянне лютага звера і не менш страшнага драпежніка — чалавека — заканчваецца крывёй. Фінал абыходзіцца без праніклівых маналогаў паміраючага, аднак слязу ў гледача ўсё ж выбівае балючае шкадаванне галоўнага героя і застылае: “Прабач”. Натуральна, жыццёва, брутальна. 

СІМФОНІЯ ТАЙГІ З ВОЎЧЫМ АКАМПАНЕМЕНТАМ 

Прастору барацьбы за выжыванне Аляксей Казакоў сшывае трывалымі ніткамі выключна сямейнага канфлікту, здольнага ўзмацніць напружанне, але не разарваць яго. Сутыкнення гарачых эмоцый прынцыповага бацькі і звар’яцелага сына з халоднай фізічнай моцай — шалёнымі ваўкамі— дастаткова, каб завалодаць даверам гледача. Калі кантакт удалося ўсталяваць, аўтары арганічна разблытваюць і іншыя клубкі праблем— напрыклад, сквапнасць і наркатычную залежнасць. 

У “таежнай казцы” выдатна ўсё: ад акцёрскага аркестра да здымачнай каманды і непасрэдна рэжысёра, які дырыжыруе гэтай “Сімфоніяй №5”, напрыканцы больш падобнай да “Рэквіема”. Аператарская праца і мантаж зліваюцца ў гарманічным гучанні: вось вам і перавернутыя ракурсы алтайскіх пейзажаў, якія нагадваюць звярыныя іклы, і рэзкія з’яўленні драпежнікаў у кадры, што прымушаюць уціскацца ў крэсла. Але вядучая партыя — у акцёраў, натуральных і сапраўдных у сваіх амплуа. У прынцыпова цвёрдага Аляксея Серабракова з “воўчай” натурай яго героя Ігара. У апантана адданага гісторыі Усевалада Валодзіна, які ў гэтым фільме выконвае сваю першую галоўную ролю. І, канешне, у майстроў ператварэння Аляксандра Усцюгава і Яўгена Ткачука, якія могуць сыграць другасных персанажаў так, каб глядач атрымаў шчырае задавальненне. 

Усевалад Валодзін у ролі Воўкі

Усевалад Валодзін у ролі Воўкі

ЗАМЕСТ P.S. 

“Шаленства” паказала, што, зняты па лякалах заходняй кінасцэнарыстыкі, але без фанатызму галівудскай мішуры, фільм можа прэтэндаваць на званне годнага дзецішча расійскага кінематографа. Камбінацыя адпрацаваных на сотнях блокбастарах сцэнарных асноў і нацыянальнага каларыту з яго архетыпічнымі вобразамі ў сюжэце і антуражы — універсальная формула для стварэння таго самага кіно, якога прагне сучасны глядач. Таму беларускім кінатворцам можна смела вучыцца ў суседзяў: сорамна не будзе. 

ШТО ВАРТА ПАЗЫЧЫЦЬ? 

Прастату гісторыі з акцэнтам на эмацыянальных кантрастах, аб’ёмныя архетыпічныя вобразы персанажаў, суровую сацыяльную тэматыку ў не менш суровых абставінах і знаёмыя патэрны. 

Яўгенія ГАБЕЦ