Прыкласці руку — ёсць куды

Апублiкавана: 22 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Каля трох мільёнаў беларусаў выйшлі сёння на Рэспубліканскі суботнік. 

У мэтах мерапрыемства — добраўпарадкаванне і ўборка мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурных каштоўнасцей, аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў. Таксама праводзяцца пасадка лесу, азеляненне. 

Лакацыяй суботніка для супрацоўнікаў апарату Міністэрства культуры стаў археалагічны комплекс IX—XI стагоддзяў каля вёскі Гарадзішча на рацэ Менка. Багацце археалагічнага матэрыялу IX—XI ст. і аналіз летапісных дадзеных дазволілі гісторыку А. Ясінскаму яшчэ ў канцы 1920-х выказаць здагадку, што Мінск першапачаткова размяшчаўся там. Гіпотэзе быў прысвечаны неапублікаваны артыкул вучонага, у друку ж гэтыя звесткі ўпершыню з’явіліся ў “Малой савецкай энцыклапедыі” ў 1937-м: “Спачатку горад знаходзіўся на рацэ Менцы, у 1066-м быў разгромлены, спалены кіеўскім князем Ізяславам і перанесены на р. Свіслач”. 

Каля вёскі на Менцы археолагі выкопвалі рэшткі посуду, зброю, упрыгожанні, артэфакты са Скандынавіі, Візантыі, Егіпта. Побач з гарадзішчам было сканцэнтравана шмат паселішчаў, якія займалі каля 30 гектараў, а шчыльнасць насельніцтва з’яўлялася адной з самых высокіх у Полацкім княстве — той Мінск разам з ваколіцамі можна назваць мегаполісам Х стагоддзя. 

У суботніку ля Гарадзішча таксама ўдзельнічаюць работнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінскага раённага выканаўчага камітэта. На расчышчанай тэрыторыі ўстановяць новы ахоўны знак аб прысваенні археалагічнаму комплексу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці цяпер ужо другой катэгорыі. Аб’екты такога класа маюць нацыянальнае значэнне. 

А заробленыя беларусамі на Рэспубліканскім суботніку грошы пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці і на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.