Творчае падарожжа ў краіну зубра

Апублiкавана: 23 красавiка 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

У самым сэрцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — у галерэі “Атрыум” — 13 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-мастацкай выставы “Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра”, прымеркаванай да 500-гадовага юбілею першага выдання знакамітай паэмы. Арганізатарамі праекта выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі саюз мастакоў і гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. 

Падчас адкрыцця з вітальнымі словамі да прысутных звярнуліся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Кніжнікава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі-каледжа імя І. В. Ахрэмчыка, мастак, сябра БСМ Пётра Багданаў, прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзін з удзельнікаў выставы Усевалад Свентахоўскі і загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, мастак і мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. 

Імя Міколы Гусоўскага займае пачэснае месца сярод слынных імён эпохі Адраджэння. Прадстаўнік новалацінскай паэзіі і адзін з заснавальнікаў жанру ліраэпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы пакінуў па сабе некалькі буйных твораў, нізку вершаў і прысвячэнняў. Але сусветную славу майстар слова здабыў дзякуючы дэбютнай рабоце “Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis” — “Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”. Менавіта гэтай працы было наканавана доўгае жыццё і ўвага даследчыкаў і прыхільнікаў. Дзякуючы таленту і багатаму досведу Гусоўскага, паэма ператварылася ў песню сэрца літаратара, сапраўдны гімн Бацькаўшчыне — гістарычнай Літве, Вялікаму Княству Літоўскаму. 

Але нельга забываць, якія складаныя, цяжкія былі часы, калі жыў і ствараў майстар, — бясконцыя войны як на радзіме, так і ва ўсёй Еўропе. І таму “Песня” — у першую чаргу заклік гуманіста Гусоўскага да спынення міжусобіц і кровапраліцця. І заклік гэты, што чырвонай ніткай праходзіць праз апісанне векавых пушчаў, і сёння, на вялікі жаль, не губляе актуальнасці. Своеасаблівая “Адвечная песня”… 

Да сюжэта “Песні пра зубра” і вобраза яе аўтара неаднойчы звярталіся знакамітыя беларускія мастакі. На выставе прапанаваны выданні паэмы з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Савіча, Міхаіла Басалыгі, Барыса Заборава і асобныя аўтарскія эстампы. У экспазіцыі дэманструюцца пераклады “Песні пра зубра” на беларускую мову Язэпа Семяжона і Уладзіміра Шатона, на рускую — Якава Парэцкага, а таксама на балгарскую. Сярод выданняў варта адзначыць адмысловае трохмоўнае (на лацінскай, беларускай і рускай), якое выйшла ў 1980-м да 500-годдзя Міколы Гусоўскага. З нагоды юбілею, дарэчы, імя паэта было ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных міжнародных дат. Праўда, адносна часу нараджэння гуманіста ў даследчыкаў няма аднагалоснасці. Мы ўжо пісалі аб гэтым і некаторых малавядомых і новых фактах з жыцця славутага земляка (“К”, № 6, 2023). 

Асобнае месца на выставе займаюць публікацыі беларускіх мастацтвазнаўцаў і вершы паэтаў, прысвечаныя Міколу Гусоўскаму. 

Адзін з найцікавейшых экспанатаў праекта — выданне паэмы, выкананае беларускім графікам Юрыем Якавенкам у элітарным напрамку кніжнага мастацтва — livre d’artiste. Артэфакт створаны цалкам уручную, аздоблены 13 гравюрамі ў тэхніках афорта і меццатынта. Як і ў часы Гусоўскага, выданне надрукавана на паперы ручной працы, а вокладка зроблена з натуральных матэрыялаў. 

Што датычыцца мастацкага складніка экспазіцыі, то поглядам на твор як на значную падзею ў беларускай культуры падзяліліся сталыя айчынныя майстры Усевалад Свентахоўскі, Андрэй Васілеўскі, Станіслаў Сугінтас, Лізавета Пастушэнка, Міхаіл Шыкаў, Дар’я Шыкава. Таксама — магістранты, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і навучэнцы гімназіі-каледжа імя І. В. Ахрэмчыка. 

Пераасэнсаванні ўзнёслай эпічнай песні пра радзіму і народ прадстаўлены ў лічбавым і высокім друку, жывапісе, графіцы і каліграфіі, у жанрах партрэта, сюжэтнай кампазіцыі. У работах мастакоў перададзены вынікі эксперыментаў па стварэнні і аднаўленні шрыфтавых напісанняў, інтэрпрэтацыі тытульнага аркуша і кампазіцый на аснове арыгінальных старонак “Песні пра зубра”, цытаты з паэмы, радкі, перакладзеныя на кітайскую мову, а таксама маляўніча адлюстраваны сюжэтныя лініі, адметныя вобразы, прыгожыя айчынныя пейзажы. Уладар беларускіх пушчаў зубр, падрабязна апісаны Гусоўскім, успрымаецца на выставе як алегарычны вобраз Бацькаўшчыны, сімвал нашай зямлі. 

Экспазіцыя дазваляе здзейсніць чароўнае падарожжа на паўтысячагоддзя ўглыб роднай гісторыі і скласці ўласнае ўяўленне аб велічы продкаў сучасных беларусаў. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ