БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. МАЙ

Апублiкавана: 30 красавiка 2023 Каляндар Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

1. п. Кузьма. “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком”.

5. пт. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады. “Благаславі, маці, // Ой, Лада, маці! // Вясну заклікаці”.

6. сб. Юр’е. Свята жывёлы. “Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня”. Абрад “Страла”.

7. н. Алісей. “Прыйшоў Алісей  — авёс пасей”. Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці. *Міраносцы. “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адну за валосця”.

8. п. Пачатак *Пераплаўнага (Чарвівага) тыдня. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава  — вырасце, як лава”. Марк. “Дождж на святога Марка — дык зямля як шкварка”.

10. с. Ярылавіца. Свята Ярылы. *Градавая, Пераплаўная серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

13. сб. Якуб. “На Якуба грэе люба”.

14. п. Макарэй. Абрады ля вады.

15. а. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і.

19. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

20. сб. Антоній. “На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца”.

21. н. Іван Веснавы. Апякун земляроба. “На Івана каласок, а на Пятра піражок”.

22. п. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. “Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена”.

23. а. Зілот. “Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе, як злота”.

24. с. Макей. “Мокра на Макея — і лета не прасушыць”. Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае.

25. ч. *Ушэсце. Абрад “Страла”. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета”.

27. сб. Сідары. “Прыйшлі Сідары  — прыйшлі і сіверы”.

28. н. *Пяцідзясятніца (Узнясенне Святога Духа). *Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. “На Духа будзе цёпла і суха”. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом”. “Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом”.

29. п. Магдалена. “Магдалена зязюльку прысылае”.

31. с. *Градавая серада. Шэсць дзеў. “Лён сей позні”. Канапелька Матруна. “У зямлю махнула”. Фядот. “Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка”.