БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЧЭРВЕНЬ

Апублiкавана: 31 мая 2023 Каляндар Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

2. пт. Тры пакутнікі. “Няма лета, але пасля іх не бывае зімы”.

3. сб. *Сёмушныя Дзяды. *Духавая субота, Зялёная субота. Свята маладой зеляніны. “Завівалі” вянкі, бярозкі. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. “Павядзём Куста пад гай зялёненькі...”. Васіліск. “Ад Васіліска і салавей блізка”.

5. п. *Святы Дух. “На Святога Духа не скідай кажуха”. Садзілі капусту і каноплі. *Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. “На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...”. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк абракацца.

6. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Юстын і Харытон. “Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон – лён”.

7. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Ян. “Рой перад Янам — пчаляр будзе панам”.

8. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне продкаў на могілках.

11. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.

12. п. *Пятроўка, Петравіца. Пятроўскі пост да 11.07. Пятроўка- галадоўка.

13. а. Антоній. “Антоні, аддай коні”. Ерамей. “Прыйшоў Ерамей — больш не сей”.

15. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. “Дзеўяць ягодзін на галінцы”.

16. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.

21. с. Летняе сонцастаянне. Маладзік, 4-ы дзень. Тодар. “На Тодара раса — канапель паласа”.

22. ч. *Дзясятнік. “Дзясятнік гнаі возіць”. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер’і.

23. пт. Купала. У старажытнасці — Новы год / лета. *Дзясятка. “Косы точыць”. “Жыта паспявае”.

24. сб. Ян Купальны. “Сонца грае”.

25. н. Анапрэй. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”.

26. п. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку.Задзярыхвост. Каровы “зыкуюць”.

28. с. Амос. “Прыйшоў Амос  — цягне ўгору авёс”.

29. ч. Ціхан. “Пеўчыя птушкі заціхаюць”. Пятрок. “Да Пятра зязюльцы кукаваці”. “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два”.