Тэатральны клан Кажынскіх

Апублiкавана: 26 красавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

У Год міру і стварэння мы распачынаем цыкл артыкулаў, прысвечаных людзям самых мірных і стваральных прафесій. Тэатралы, музыканты, дзеячы культуры таксама пакінулі значны след у нашай гісторыі, але жыццярысы многіх з іх поўныя таямніц. Сёння згадаем пра стваральніка першага сталага мінскага тэатра, знакамітага ў XVIII—XIX стагоддзях опернага спевакаМацея Кажынскага. У яго, дарэчы, сёлета юбілей —260 гадоў з дня нараджэння. 

РАДАВОДНЫЯ ТАЯМНІЦЫ 

У Нацыянальным гістарычным архіве захоўвацца невялічкая па аб’ёме справа (усяго некалькі старонак) дваранскага роду Кажынскіх, з якой вынікае, што бацьку Мацея Аляксандра звалі Антон, дзеда Францішак. Дзе тыя жылі, чым займаліся, не гаворыцца, а дакументаў, што ў 1802 годзе Кажынскі прадаставіў камісіі па сцвярджэнні дваранства, у справе няма. Акрамя продкаў, згаданы нашчадкі Мацея — Адам і Дыянізі. Гэта, падаецца, адзіная згадка першынца Ада- ма (нар. да 1795 г.), які, магчыма, неўзабаве адышоў у іншы свет. Ці былі карані Кажынскіх на Міншчыне? Не выключана. У метрычных кнігах мінскай катэдры за XVIII стагоддзе сустракаецца гэтае прозвішча — праўда, рэдка. Сустракаецца яно і на Гарадзеншчыне. 

Мацей Кажынскі, партрэт пач. XIX ст.

АДВАКАТ, ЯКІ СТАЎ ДЫРЭКТАРАМ ТЭАТРА 

Як вынікае з метрыкі смерці Мацея (у 1823 меў 60 гадоў), нарадзіўся ён у 1763-м. Дзе гэта здарылася, хто была яго маці, гісторыя маўчыць. Лічыцца, што, перш чым на ўсё жыццё захапіцца тэатрам, ён паспеў папрацаваць адвакатам у Петркове Трыбунальскім Люблінскага ваяводства. У 1787-м ён трапляе ў Люблін, а ў 1791 годзе — у Варшаву, дзе адбыўся, паводле афіш, яго дэбют. Пасля Кажынскі адпраўляецца ў Гродна. У 1793-м лёс зводзіць яго з вядомым антрэпрэнёрам Дамінікам Мараўскім, а ў 1795 годзе — з Войцахам Багуслаўскім, адным з бацькоў польскага нацыянальнага тэатра. Лічыцца, што Мінск Мацей Кажынскі наведвае ўпершыню ў 1797-м, пасля чаго ізноў злучаецца з Мараўскім і актыўна выступае ў Вільні. Далей спявак вяртаецца ў Гродна, дзе, пасля канфлікту з жонкай Мараўскага, прыходзіць да думкі аб стварэнні ўласнай трупы. 

Дарэчы, канфлікт інтарэсаў палягаў у тым, што, паводле Мараўскай, Кажынскі не жадаў вучыць новыя ролі (ведаючы чатыры), сабаціраваў рэпетыцыі і яго хутчэй можна было ўбачыць у гарадзенскіх кафенгаўзах, чым на сцэне. Быццам бы не самая лепшая характарыстыка. Але ў трупу да Мацея Кажынскага перайшлі добрыя акцёры і менавіта з імі ў 1802-м ён адправіўся на “штурм” губернскага Мінска. 

Цікава, што Мечыслаў Рулікоўскі, вядомы тэатразнаўца, лічыў, што Кажынскі прыбыў у Мінск у 1803-м. Калі так, то 220-я гадавіна заснавання мінскага тэатра можа трошкі пасунуцца. Атабарыўшыся ў мурах былога базыльянскага кляштара, дзе размясцілася гімназія і “была адзіная прыдатная для выступаў тэатра прастора”, Мацей Кажынскі разгортвае бурлівую дзейнасць. Так нарэшце ў будучай сталіцы Беларусі з’явіўся сталы тэатр. Час ад часу трупа выязджала ў “правінцыі”, часам забіраючыся даволі далёка. 

У 1803 годзе трыумфальны выступ трупы так уразіў маскоўскую публіку, што мясцовыя музыканты, якія акурат у гэты час развучвалі тую ж оперу, баяліся пасля Кажынскага выступаць, каб не “осрамиться”.“Польская трупа з Мінска” зацьміла, дарэчы, не толькі Рускі, але і мясцовы Французскі тэатр. Аб гэтым пісаў свайму сыну Якаў Булгакаў, вядомы расійскі дыпламат, пасол (і аўтар п’ес), які добра ведаў Кажынскага. 

У 1805-м Мацей Кажынскі пакідае Мінск, вяртаецца ў Вільню і набывае будынак пад тэатр, які з цягам часу стане сапраўдным культурным маяком на землях былога ВКЛ. Выязджалі яны з гастролямі ў Полацк і Віцебск, Зельву, Беласток, Пецярбург і шмат куды яшчэ. Выступалі ўсюды паспяхова. У 1820 годзе Кажынскі пакідае сцэну. Пасля яго смерці тэатрам стала загадваць яго нібыта трэцяя (дакладна не вызначана) жонка Ганна з Кочкаў. Пахавалі знакамітага і шанаванага публікай актора, спевака і дырэктара мінскага і віленскага тэатраў у катакомбах на віленскіх бернардынскіх могілках. На жаль, магіла не захавалася. 

МАРЫЯ КРАЕЎСКАЯ 

Даследчыкі называюць яе другой жонкай Мацея Кажынскага. Так гэта ці не, праверыць пакуль не ўдалося. Але само гэтае сцвярджэнне выклікала такі стос генеалагічных знаходак, што самы час хапацца за галаву. Бо, будучы жанатым з ёй, прынамсі з 1795-га, калі нарадзіўся іх сын Дыянізі (так у дакументах), удовы Мацей Кажынскі ў 1805 годзе ў мінскай катэдры бярэ шлюб з нейкай Марыяй Цымерманавай, удавой. Напрошваецца выснова, што недзе нехта памыліўся, але гэта не апошняя шлюбная загадка. Марыя (нар. у 1777 г.), як і яе муж, з маладосці стала на шлях служэння Мельпамене. У 1795—1798 гадах яна належала да знакамітай трупы Войцаха Багуслаўскага. Пазней яна перайшла ў трупу Дамініка Мараўскага, чыя база была ў Вільні. Далей увайшла ў трупу свайго мужа, з якой выступала ў Гродна, Мінску, Вільні. Спявала ў операх, лічылася таленавітай акторкай. Памерла ў 1813-м у Вільні. І праз нейкі час на яе магіле, што ў цэнтры бернардынскіх могілак, муж і сын паставілі прыгожы помнік, які захаваўся да нашых дзён. 

ДЫЯНІЗІ — ЗОРКА ВІЛЕНСКАЙ СЦЭНЫ 

Калі верыць дакументам, нарадзіўся Кажынскі-малодшы 8 кастрычніка 1795 года (хрост дапоўнілі ў віленскай катэдры у сакавіку 1813-га). Вучыўся ў Вільні. Дэбют на сцэне бацькавага віленскага тэатра адбыўся ў 17 (28) снежня 1812 года, у драме “Чорны чалавек”. А ўжо з красавіка 1813-га ён уваходзіць у асноўны склад трупы. 

Час, калі пачаўся ўзыход зоркі Дыянізія Кажынскага на сцэне віленскага тэатра, супаў са з’яўленнем у Віленскім універсітэце Таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябры якіх не прапускалі аніводнага спектакля. Таму ў іх успамінах і лістах можна сустрэць згадкі і пра Дыянізія, і нават пра яго брата Віктара. Дарэчы, калегам Кажынскага па сцэне быў не менш аддадзены тэатру Юзаф Сурэвіч (гл. “К” №№ 39-40, 2021). 

У 1833-м шанаванага ўсімі артыстамі трупы і публікай Кажынскага абіраюць загадчыкам тэатра. Апошні выступ цяжка хворага актора адбыўся за тры тыдні да смерці, якая наступіла 23 студзеня (ст.ст.) 1838 года. Пахавалі Дыянізія, як пісаў Адам Кіркор, у правым крыле катакомбаў (знішчаны пасля вайны) на віленскіх бернардынскіх могілках. 

Побач з магілай Дыянізія былі магілы бацькі і трэцяй бацькавай жонкі Ганны Кочык (маці Віктара), а таксама маці мастака Адама Шэмеша. Памёр Дыянізі ад сухотаў, перажыўшы і жонку Ганну Малеўскую, і дзяцей Марыянну-Ганну (нар. 1816 г., Віль¬ня) і Мацея-Андрэя (нар. 17 (29) снежня 1817 г.), які быў ахрышчаны ў мінскай катэдры вясной 1818-га. 

ВІКТАР — КАПЕЛЬМАЙСТАР АЛЕКСАНДРЫНСКАГА ТЭАТРА 

Як вынікае з метрыкі хросту, нарадзіўся Віктар Кажынскі 16 (28) снежня 1812 года ад Ганны Людавікі Кочык, з якой на той момант Мацей у шлюбе не быў. Бо Марыя Краеўская адышла ў лепшы свет 21 студзеня (ст.ст.) 1813-га. Пахаваўшы яе, Кажынскі ажаніўся з Кочык і нарадзіў з ёй яшчэ дзетак — Мацея Аляксандра (1814) і Альжбету (1822). 

Першыя ўрокі музыкі Віктар браў у таленавітага музыканта, колішняга радзівілаўскага капельмайстра, прафесара музыкі Віленскага ўніверсітэта Ёгана Давіда Голанда, якога памылкова лічаць аўтарам музыкі да нясвіжска-варшаўскіх пастановак 1784—1788 гадоў оперы “Агатка” (гл. “К” за люты 2023). Вучыўся ў Віленскім універсітэце. У 1836-м прыняў лёсавызначальнае рашэнне — прысвяціць жыццё музыцы. 

Пэўны час працаваў арганістам пры віленскім касцёле Св. Янаў, пакуль яго на гэтай пасадзе не змяніў Станіслаў Манюшка. З 1836-га кіраваў аркестрам віленскай нямецкай оперы. З 1838 года пачынае пісаць музыку да меладрам. 

У 1842-м Віктар перабраўся з Вільні ў Пецярбург, дзе праз некаторы час займеў славу выдатнага музыканта. Таму ў 1845 годзе яго запрашаюць на пасаду капельмайстры аркестра Александрынскага драматычнага тэатра, на якой ён прапрацаваў 22 гады. Памёр Кажынскі ў дзень свайго канцэрта, 17 (29) сакавіка 1867 года, за 4 гадзіны да выхаду на сцэну, пакінуўшы на волю лёсу жонку і дваіх дзетак. 

Творчая спадчына Віктара Кажынскага вельмі разнастайная: музыка для драм і кантат, аперэткі, мазуркі і шмат чаго. Выдаваў спеўнікі з уласнай музыкай на вершы Уладзіслава Сыракомлі, Юзафа Крашэўскага ды іншых. Мазуркі Кажынскага выклікалі захапленне ў Фрыдэрыка Шапэна. Высока шанаваў Віктара Кажынскага Міхаіл Глінка і многія іншыя музыканты таго часу. 

РОБІМ ВЫСНОВЫ 

Абмежаваная прастора газетнай паласы не дазваляе распавесці пра ўсіх прадстаўнікоў творчай сям’і, заснаванай Мацеем Кажынскім. Ды і, калі шчыра, кожны са згаданых заслугоўвае асобнай публікацыі, каб можна было дэталёва раскрыць іх сувязь з беларускай зямлёй. Але, спадзяёмся, надыдзе час і да іх жыццяпісаў на старонках “К”. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ