Суботнік: з Мінска да Менска

Апублiкавана: 29 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

22 красавіка ў межах рэспубліканскага суботніка на магутных валах старажытнага пасялення ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна адбылася эпічная талака. На тэрыторыі буйнога археалагічнага комплексу працавала больш за 100 чалавек. 

А перадгісторыя ў выбару месца дзеяння наступная. 10 верасня 2022 года Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка наведаў гэты помнік. Пазней Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі было даручана арганізаваць маштабнае даследаванне ў мэтах высвятлення гісторыка-культурнай ролі пасялення ў ІХ—ХІ стагоддзях і яго значэння ў гісторыі Мінска і Беларусі. Якія ж існавалі перадумовы для такой цікавасці да аб’екта, на якім не бачна замкаў ці вежаў? 

Як сцвярджаюць адмыслоўцы, менавіта там, на берагах ракі Менка і ручая Дунай блізу вёскі Гарадзішча, мог размяшчацца далетапісны горад Полацкай дзяржавы Менск. У выніку трагічных падзей у другой палове ХІ стагоддзя ён быў перанесены на Свіслач, а яшчэ пазней стаў цэнтрам асобнага княства. Гэтую гіпотэзу на аснове багатых археалагічных матэрыялаў прапанаваў напрыканцы 1920-х гадоў гісторык Антон Ясінскі. Падчас даследавання селішча і гарадзішчаў — Вялікага і Малога — знаўцы знаходзілі рэшткі посуду, зброі, упрыгожанняў, артэфакты са Скандынавіі, Візантыі ды нават Егіпта. Як лічыў навуковец Георгій Штыхаў, іншага такога буйнога раннефеадальнага селішча ў Беларусі не захавалася. 

Словам, месца для рэспубліканскага суботніка на Міншчыне абралі невыпадкова. У мерапрыемстве, якое пачалося а 9-й гадзіне раніцы і доўжылася амаль да вечара, удзельнічала кіраўніцтва і іншыя супрацоўнікі Міністэрства культуры, работнікі ўсіх інстытутаў і фарміраванняў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Да падзеі далучыліся таксама прадстаўнікі Мінскага райвыканкама і гарвыканкама, Шчомысліцкага сельсавета і жыхары вёскі Гарадзішча. 

Адзначым выдатную арганізацыю талакі. Кожнай установе быў адведзены пэўны ўчастак і тэхніка, без якой укласціся ў тэрмін, па шчырасці, было б вельмі цяжка. Аб’ём работы — горы насечанага галля, дзясяткі нядаўна спілаваных і даўно спарахнелых дрэў, а таксама “радовішчы” бытавога смецця ў ярах — папраўдзе ўражваў. Але працавалася лёгка. Спрыяла таму выдатнае надвор’е, узнёслая атмасфера і адчуванне важнасці місіі. 

А пачаўся суботнік з таго, што міністр культуры Анатолій Маркевіч і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза блізу валоў гарадзішча ўсталявалі знак “Археалагічны комплекс на р. Менка. Гісторыка-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі”. Больш высокі статус робіць гэты помнік гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. 

Акрамя згаданых задач талака мела і іншыя. Напрыклад, асобны атрад займаўся ўпарадкаваннем сцяжынкі ад Мікольскага храма да гарадзішча. Уздоўж яе з’явіліся прысады. Таксама прыводзілі да ладу пляцоўку вакол крыніцы Усяслава Брачыслававіча Чарадзея. Адмыслоўцы Інстытута гісторыі рыхтавалі “летапісны Менск” да дэталёвага вывучэння, высякалі хмызы ў месцах, дзе будуць закладзены раскопы. Асобная група пад кіраўніцтвам эксперта Андрэя Вайцяховіча прыступіла да раскансервацыі раскопу 2022 года на тэрыторыі Вялікага гарадзішча. Такім чынам, можна лічыць, што сезон даследаванняў у 2023-м ужо пачаўся. 

У перапынках паміж працамі нам удалося паразмаўляць з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам, які шчыраваў поплеч з калегамі. Сярод іншага ён адзначыў: “Мясціны, асабліва такія, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі, патрабуюць самага пільнага клопату. Нездарма гарадзішчу на Менцы, дзе, на думку даследчыкаў, бярэ пачатак летапісны Менск, кіраўніцтвам Беларусі сёння надаецца столькі ўвагі. А мясціна сапраўды выбітная, прывабная сваёй гісторыяй і маляўнічасцю для жыхароў нашай краіны і, безумоўна, для турыстаў”. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ, удзельнік суботніка ад "К"