Фэст пад знакам Перамогі

Апублiкавана: 29 красавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сёння, 29 красавіка, у Мінску ўрачыста адкрываецца рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога”. Цягам двух з паловай тыдняў будзе паказана восем айчынных спектакляў пра Другую сусветную, прывезеных з усіх куткоў нашай краіны. 

Арганізатарамі свята, што ладзіцца ўпершыню, выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, дзе пройдзе большасць паказаў. 

Глыбока сімвалічна, што адмысловы марафон да Дня Перамогі распачне Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, прычым пастаноўкай п’есы Аляксея Дударава з не менш сімвалічнай назвай — “Не пакідай мяне”. Брэсцкі абласны тэатр лялек выступіць 2 мая — са спектаклем “Сотнікаў” паводле Васіля Быкава. Дарэчы, інсцэніроўкі твораў гэтага славутага беларускага класіка сустракаюцца ў фестывальнай афішы цэлыя чатыры разы. Гомельскі абласны драматычны тэатр прывязе прэм’еру мінулай восені — “Пайсці і не вярнуцца”. А ТЮГ і РТБД пакажуць на сваіх падмостках запар два розныя ўва- сабленні “Альпійскай балады”. 

Гродзенскі драматычны тэатр прапануе “Трыбунал” Андрэя Макаёнка, што быў пастаўлены летась у ліпені да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фінальным акордам фэсту стане “Пасланне з мінулага” ад Палескага драматычнага тэатра ў Пінску. Гэта шмат у чым дакументальная трагедыя, у аснову якой пакладзена гісторыя Пінскага гета, дзе загінула больш як 17 тыс. яўрэяў. 

А заўтра, 30 красавіка, нас чакае абсалютная прэм’ера (і нават перадпрэм’ера): Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску, падрыхтаваў трагедыю “У спісах не значыўся” па рамане Барыса Васільева. На роднай сцэне гэтую гісторыю пра абарону Брэсцкай крэпасці і пра каханне, што нарадзілася ў казематах, артысты распавядуць пазней. Спектакль, створаны рэжысёрам Дзмітрыем Нуянзіным, які з’яўляецца і аўтарам сцэніч- най кампазіцыі, пройдзе ў Бабруйску 2—7 мая. Запланаваны 10 паказаў запар, па два на дзень. 

Надзея БУНЦЭВІЧ