Выконваць, а не пераносіць!

Апублiкавана: 30 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” ў 2022 годзе і задачы на 2023-і абмяркоўваліся на чарговым пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры 27 красавіка. Адкрываючы мерапрыемства, міністр Анатолій Маркевіч адзначыў, што падчас выканання дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады выявілася патрэба ў карэкціроўцы дакумента. Неабходныя захады былі зроблены. У прыватнасці, павялічаны агульны аб’ём выдаткаў на ажыццяўленне дзяржпраграмы, перагледжаны пералік аб’ектаў для рэканструкцыі і рамонту. Толькі ў 2022-м фінансаванне дзяржпраграмы ўзрасло на 100,8 млн рублёў. 

Па словах міністра, галіне культуры даведзены складаныя, але рэальныя задачы. Пра гэта сведчыць тое, што летась былі выкананы 26 мэтавых паказчыкаў. Але не ўдалося дасягнуць зводнай мэтавай лічбы па колькасці наведванняў арганізацый культуры на 1000 чалавек насельніцтва. Анатолій Мечыслававіч назваў задачай калегіі выпрацоўку рашэнняў, скіраваных на безумоўнае выкананне ўсіх паказчыкаў. 

Падрабязную справаздачу па рэалізацыі дзяржпраграмы зрабіла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Ірына Карповіч. Расходы на выкананне дзяржпраграмы ў 2022 годзе склалі больш за 941 млн рублёў. Цяжкасці, што тычацца зводнага паказчыка, абумоўлены існай методыкай разліку статыстычнай інфармацыі. Каб дасягнуць запланаванага выніку, прапануецца дадаць сюды лічбы наведвання бясплатных культурна-масавых мерапрыемстваў. 

Міністр запытаў, як ацэньваецца ажыццяўленне дзяржпраграмы ў першым квартале 2023-га. Ірына Карповіч паведаміла, што галоўны зводны паказчык выкананы на 27 % ад гадавога значэння. Тэмп зададзены добры. Калі яго вытрымліваць, план на 2023-і будзе рэалізаваны. Тым больш па асобных мэтавых паказчыках гадавое заданне ўжо зроблена цалкам. 

З асаблівай увагай члены калегіі разгледзелі ажыццяўленне мерапрыемстваў дзяржпраграмы. З 88 прапі- саных у ёй летась выкананы толькі 78. Пры гэтым восем з іх — мерапрыемствы падпраграмы “Функцыянаванне і інфраструктура сферы культуры”, якія маюць на мэце будаўніцтва, рэстаўрацыю ці рэканструкцыю пэўных аб’ектаў культурнага прызначэння. У справаздачы начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльнатэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Аляксандра Бартошыка галоўнай прычынай, з якой гэтыя восем мерапрыемстваў не былі рэалізаваны, названа поўная ці частковая адсутнасць фінансавання, а вырашэннем праблемы — перанос тэрмінаў. Такое тлумачэнне, аднак, не задаволіла міністра. 

Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што планы павінны выконвацца, а не пераносіцца на больш позні тэрмін. Пошук фінансаў — гэта сумесная праца адпаведных выканкамаў і прадстаўнікоў Міністэрства культуры. Анатолій Мечыслававіч запатрабаваў дэтальную інфармацыю пра кожны незавершаны аб’ект. 

Асабліва акцэнтаваў увагу на рэпетыцыйнай зале гродзенскага ансамбля “Белыя росы”, на мясцовым Палацы культуры і на шэрагу сталічных пабудоў. Адпаведныя рашэнні зафіксаваны ў пастанове калегіі і будуць накіраваны ў аблвыканкамы. 

Віктар ГАЎРЫШ