Праведнік народаў свету, або Гісторыя аб рускім Майсеі

Апублiкавана: 01 мая 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Фільм “Праведнік” Сяргея Урсуляка працягвае збіраць залы па ўсёй краіне, а ў Расіі стужку ўбачыла ўжо больш за паўтара мільёна чалавек. Сюжэт, заснаваны на рэальных падзеях, моцна ўражвае кінааматараў: на тварах людзей, якія выходзяць з паказаў, адлюстроўваюцца і сум, і глыбокія роздумы. І здзіўленне: як карціна, што доўжыцца амаль тры гадзіны, успрымаецца на адным дыханні? Чым кранае гэты аповед і якое месца займае “Праведнік” сярод ваенных фільмаў, паспрабуем разабрацца разам.

У аснову сюжэта пакладзена рэальная гісторыя, якая здарылася ў Беларусі ў 1942 годзе. Палітруку Мікалаю Кісялёву даручылі вывесці з акупаваных тэрыторый 270 яўрэяў. Шлях ад Вілейшчыны да “Суражскіх варотаў”, 40-кіламетровага разрыву ў лініі фронту, быў няблізкім: належала прайсці праз лясы 1500 кіламетраў. Атрад Кісялёва выправіўся ў небяспечную дарогу ў жніўні 1942-га і 25 верасня апынуўся ў цэнтры партызанскага раёна Віцебшчыны. Аднак немцы, якія высочвалі яўрэяў, нібы звяры, у тую ж ноч вырашылі нанесці ўдар па атрадзе. 

ЗАСНАВАНА НА РЭАЛЬНЫХ ПАДЗЕЯХ 

Хоць у кіно ёсць мастацкая выдумка, у сапраўднай гісторыі шмат момантаў, што літаральна просяцца на экран. Вайна прапануе неймавернае мноства далёка не шаблонных выпадкаў, якія варта паказваць сучаснаму гледачу, каб збіць скептыцызм. Некаторым эпізодам з жыцця людзі ў зале не вераць, а дарэмна! 

У стужцы адлюстравана сцэна з маленькай Бертай. Дзяўчынка ўсю дарогу плакала ад страху і голаду, што было небяспечна: атрад маглі знайсці немцы. Бацькі малой дзеля выратавання астатніх падумалі яе ўтапіць. Насамрэч гэтае рашэнне прынялі разам мама і тата дзіцяці, аднак ніхто з іх не адважыўся на жахлівы ўчынак. У фільме жудасную адказнасць бярэ на сябе бацька Берты, але гераіню ратуе Кісялёў, пасля чаго дзяўчынка супакойваецца. Многія гледачы былі незадаволеныя падобным нежыццёвым рашэннем праблемы. Тым не менш такім жа чароўным чынам плач Берты сціх у рэальнасці. Праўда, далей Кісялёў увесь час нёс дзіця на руках. Гэтая сцэна — прамы доказ адрознення рэалій ад звыклых шаблонаў, асабліва калі дзеянне разгортваецца ў вайну. 

МОВА КІНО — МОВА ДЭТАЛЕЙ 

Дэталізацыя — унікальная для сінема рэч, што часта надае карціне завершанасць і глыбіню. У “Праведніку” гэты прыём выкарыстаны вельмі якасна. Часам менавіта невялікія нюансы характараў стваралі патрэбны эфект — і яшчэ больш узрушвалі гледача, калі той акцэнтаваў увагу на дробязях. Так, жудасны эпізод, дзе немец Шмюкер разгульвае па лясным прыстанку партызан, чытаючы Пушкіна, а пасля робіць здымак павешанага яўрэя, палохае ўдвая, калі заўважыць, з якой асалодай фашысцкі афіцэр здзекліва трактуе вершаваныя радкі. Дарэчы, ад хобі Шмюкера — фатаграфавання — на працягу ўсяго фільма кроў стыне ў жылах, аднак яно яскрава ўдакладняе вобраз бяздушнай машыны для забойстваў. 

Шчырыя, сапраўдныя, жывыя — такімі выйшлі галоўныя героі ў выкананні Аляксандра Яцэнкі, Яўгенія Ткачука, Марка Эйдэльштэйна, Марыі Залатухінай. Вельмі паказальным атрымаўся вобраз нямецкага афіцэра, увасоблены Дзітмарам Кенігам, і глыбокім — дарослага Машэ Таля, якога сыграў Довале Глікман. У іх акцёрскай працы адчувалася поўная аддача, дзякуючы якой было складана не паверыць персанажам.

Своеасаблівы падыход сцэнарыста Генадзя Астроўскага да імёнаў герояў, у прыватнасці — да імя сябра Мікалая Кісялёва, Ферзя. Пры першай сустрэчы з персанажам мы застаём яго за гутаркай пра шахматы, са стратэгіяй гульні ў якія Кісялёў параўноўвае паводзіны на вайне. Характэрна, што самая блізкая да Мікалая фігура мае абсалютную моц і адметнае значэнне ў шахматнай партыі. У стужцы Ферзь часта аказваецца “на мушцы” ворага, аднак героя ў момант накалу ратуе “кароль” — Кісялёў. У большасці баявых сцэн менавіта Ферзь прыкрывае тылы пры адступленні. 

Мастацтва любіць кантрасты. Менавіта з гэтай прычыны каханне на фоне вайны — звыклы прыём, якім карыстаюцца многія кінематаграфісты. У стужцы дадатковую яркасць любоўным падзеям прыносіць розніца рэлігійных звычаяў, традыцый яўрэйскай грамады і паводзін выхаванага камуністычнымі канонамі савецкага чалавека. Карціне ўласцівыя эмацыйныя арэлі: напружаныя сцэны і пацешныя дыялогі часам падзяляе некалькі секунд. Аднак гумар тут асаблівы, выгравіраваны агнём вайны і страхам смерці, ён выклікае ўсмешку скрозь слёзы і часам нават шчыміць сэрца. 

Аднак колькі б інтэлектуальных адсылак аўтары ні схавалі ў пласт падтэксту, талент стваральнікаў да дэталізацыі раскрываецца ў характарах персанажаў другога плана. Вядома, у некаторых месцах экранны вобраз яўрэяў зведзены да зразумелых гледачу стэрэатыпаў. Але кожны герой — асоба, і сцэнарысту па-майстэрску ўдалося перадаць гэта. Адзін хлопец быў наіўным і марыў зноў сыграць на скрыпцы, другі хацеў адпомсціць фашыстам за забітую сям’ю, у той час як трэці не мог страляць па немцах, бо яны людзі. 

Падобныя, здавалася б, дробязі ў характарах персанажаў, якія з’яўляюцца толькі на кароткі момант і якімі многія аўтары грэбуюць, не абышоў Сяргей Урсуляк. Каштоўнасць гісторыі — у любові да кожнага вобраза, у трапятлівым яго раскрыцці. Творца не дзеліць герояў на галоўных і другасных, раўняючыся на Кісялёва, што не праводзіў мяжы паміж рускімі і яўрэямі. Для Мікалая ўсе былі савецкім народам, у якім кожны змагаецца за Радзіму, як можа. 

НЕЛЬГА МАЎЧАЦЬ 

Стужка “Праведнік” адрозніваецца ад многіх ваенных драм: у ёй пераважае шчырасць, шчымлівая любоў да людзей і спрэс адсутнічаюць пафас і напышлівыя лозунгі. Аўтары карціны перанеслі малавядомы подзвіг Мікалая Кісялёва, па крупінках адноўлены гісторыкам Інай Герасімавай, на вялікі экран, каб пра наша — беларускае, рускае, яўрэйскае — мінулае даведалася як мага больш людзей. Фільм пра сціплага героя, які ў жыцці не надта распавядаў пра страшныя падзеі 1942-га, распачынае хвалю новага ваеннага кіно, дзе ўчынкі гавораць пра сапраўдны патрыятызм і чалавечнасць мацнейшая за словы. І хоць лёсу людзей падчас Другой сусветнай прысвечана безліч твораў, гэта тэма, да якой трэба звяртацца пастаянна. У гісторыі заўсёды знаходзяцца цудам ацалелыя старонкі, што праліваюць больш святла на падзеі таго балючага ліхалецця. 

РЭЙТЫНГ: ★ ★ ★ ★ ★ 

Яўгенія ГАБЕЦ