Яны змагаліся за Радзіму

Апублiкавана: 09 мая 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Сёлета спаўняецца 70 гадоў з дня заснавання Міністэрства культуры БССР, пераемнікам якога з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ведамства было створана 8 мая 1953-га шляхам аб’яднання Міністэрства кінематаграфіі, Камітэта па справах культурнаасветніцкіх устаноў, Камітэта па справах мастацтваў, Камітэта радыёінфармацыі і Упраўлення па справах паліграфічнай прамысловасці, выдавецтваў і кніжнага гандлю. На старонках газеты мы яшчэ працягнем больш падрабязнае знаёмства з гісторыяй міністэрства і прысвецім ёй шэраг матэрыялаў. А сёння хацелася б прыгадаць найстарэйшых ветэранаў ведамства, якія абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай, а пасля аддалі яшчэ шмат гадоў жыцця, працуючы дзеля нацыянальнай культуры.

Варта адзначыць, што першым міністрам культуры СССР стаў Панцеляймон Панамарэнка, які з 1938 па 1948 год займаў па чарзе пасады першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі і старшыні Савета Міністраў БССР, а ў 1942—1944 гг. кіраваў Цэнтральным штабам партызанскага руху. Удзельнікамі вайны з’яўляліся і тры першыя міністры культуры БССР — Рыгор Кісялёў, Міхаіл Мінковіч і Юрый Міхневіч. Рыгор Кісялёў, які знаходзіўся на пасту ў 1953—1964-м, змагаўся на Паўночна-Заходнім фронце, быў двойчы паранены, удастоіўся ордэна Чырвонай Зоркі. Міхаіл Мінковіч, што кіраваў ведамствам у 1964—1971 гг., пачатак Вялікай Айчыннай правёў на Цэнтральным і Калінінскім франтах, пасля служыў у Беларускім штабе партызанскага руху, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Юрый Міхневіч, які ўзначальваў міністэрства з 1971-га па 1988ы, добраахвотна сышоў на фронт у лютым 1943 года, быў паранены і атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, канец вайны заспеў на Эльбе ў раёне Магдэбурга. Падчас працы ў газеце мне пашчасціла пазнаёміцца з калегамі гэтых дзяржаўных дзеячаў. Людзі, якія працавалі поруч з кіраўнікамі ведамства, на момант сустрэчы ўжо адсвяткавалі соты дзень народзінаў.

Юрый Міхневіч

Юрый Міхневіч

АЎТОГ­РАФ НА СЦЯ­НЕ РЭ­ЙХСТА­ГА

Аляксандр Ульяновіч, намеснік міністра культуры БССР з 1974 па 1982 год, нарадзіўся ў Капылі 3 кастрычніка 1921-га. У 1940-м быў прызваны ў войска, трапіў у Омск, у 66-ю школу малодшых авіяспецыялістаў, дзе рыхтавалі кадры для далёкай бамбардзіровачнай авіяцыі. З пачаткам вайны частку выпускнікоў накіравалі ў Іванава працягваць навучанне ў 2-й Вышэйшай школе штурманаў. Там маладыя сяржанты адразу ж уключыліся ў баявыя дзеянні — з першых дзён ВАВ да лістапада 1941 года Аляксандр Іосіфавіч быў стралком-радыстам двухматорнага дальняга бамбардзіроўшчыка “ДБ-3Ф”, на якім здзейсніў 18 баявых вылетаў. Увосень 1942-га чарговае заданне ледзь не скончылася для юнака трагічна: снарад нямецкай зеніткі трапіў у рухавік, і паветранае судна загарэлася. Камандзір экіпажа загадаў пакінуць машыну.

Пасля выпіскі са шпіталя Аляксандр Ульяновіч меркаваў вярнуцца ў авіяцыю, але па стане здароўя быў пераведзены ў наземныя войскі, у 62-і асобны гвардзейскі батальён сувязі 28-га стралковага корпуса 8-й гвардзейскай арміі, на пасаду начальніка батальённай радыёстанцыі. Удзельнічаў у вызваленні Харкава, Варшавы. За штурм Зеелаўскіх вышынь удастоіўся ордэна Чырвонай Зоркі — але наперадзе яшчэ было наступленне на Берлін. Да цэнтра нямецкай сталіцы батальён Аляксандра Іосіфавіча з вулічнымі баямі падбіраўся з боку Тыргартэна і апоўдні 2 мая 1945 года спыніўся за 300 метраў ад лініі супрацьстаяння, калі абвясцілі аб капітуляцыі берлінскага гарнізона і заканчэнні баявых дзеянняў. Трапіўшы да сцен Рэйхстага, Аляксандр Ульяновіч пакінуў на іх аўтограф хімічным алоўкам — каб было лепш відаць, распісваўся вышэй, залезшы на плечы таварышаў. Ветэран падкрэслівае, што з гонарам адзначыў, адкуль прыйшоў: “Гвардыі старшына Ульяновіч, беларус”.

Пасля вайны працаваў на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Быў старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сакратаром Гродзенскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі, а з 1981-га па 1994-ы год узначальваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў мірны час за дасягненні ўзнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны” і медалём “За працоўную доблесць”. Аляксандр Ульяновіч памёр у кастрычніку 2021-га на 101-м годзе.

РА­ТУ­ЮЧЫ ЧУ­ЖЫЯ ЖЫЦ­ЦІ

А Георгій Лазычэнка, які з 1971-га па 1988-ы з’яўляўся начальнікам аддзела забеспячэння Галоўнага ўпраўлення рамонтна-вытворчых прадпрыемстваў і забеспячэння Міністэрства культуры БССР, Вялікую Айчынную прайшоў ад першага да апошняга дня ў якасці ваенфельчара. Гэты чалавек — двойчы кавалер ордэна Чырвонай Зоркі. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і многімі іншымі. Нарадзіўся 23 красавіка 1921 года ў сяле Грэкава-Вішнявецкае Антрацытаўскага раёна Луганскай вобласці. У верасні 1939-га стаў курсантам Харкаўскага ваенна-медыцынскага вучылішча, а ў маі 1941-га атрымаў накіраванне ў Барысаў.

З пачаткам вайны дывізія Георгія Лявонцьевіча заняла пазіцыі на захадзе ад беларускай сталіцы. Назаўтра начальнік медсанбата даў маладому ваенфельчару першае даручэнне — узяць санітарную машыну і ехаць у Мінск, дзе належала забраць з ваенкамата папаўненне з ліку лекараў. Яшчэ адным заданнем Георгія Лазычэнкі зрабілася дастаўка параненых з-пад Мінска ў Магілёў. Там шпіталі, аднак, ужо былі перапоўнены, таму давялося ехаць у Смаленск, а калі немцы падступілі і туды — перабірацца ў Вязьму. На мясцовым аэрадроме з урачоў і медсясцёр сфарміравалі 77-ы авіяцыйны эвакапрыёмнік. Пасля чарговага прарыву фронту прыйшлося рухацца далей на ўсход — так эвакапрыёмнік перадыслацыраваўся ў цэнтральны аэрапорт у Маскве, на Хадынскім полі, дзе працаваў да снежня 1941 года. Потым, да лютага 1942-га, — у Туле.Аляксандр Ульяновіч (злева) і Георгій Лазычэнка (справа)

Аляксандр Ульяновіч (злева) і Георгій Лазычэнка (справа)

Неўзабаве Георгія Лявонцьевіча выклікалі ў Маскву, дзе паведамілі, што ён накіроўваецца ў 6-ю артылерыйскую дывізію рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандавання, якая тады акурат фарміравалася ў Адзінцове непадалёк ад сталіцы СССР. Там ваенфельчар стаў камандзірам узвода санхімабароны 535-й асобнай медсанроты, у складзе якой ваяваў на Бранскім і Заходнім франтах. Пасля вызвалення Арла быў прызначаны камандзірам санітарнага ўзвода на 1-м Прыбалтыйскім фронце, у 405-м стралковым палку 145-й стралковай дывізіі, часткі якой абараняліся ў раёне станцыі Лосвіда ля Віцебска. У сярэдзіне чэрвеня пачалося наступленне на горад, і ўжо 26-га абласны цэнтр быў заняты часткамі Чырвонай арміі.

Немцы сыходзілі агрызаючыся, але ў Літве, у раёне горада Біржай, аказалі зацяты супраціў. Там 8 жніўня 1944 года пры адпраўцы параненых у медсанбат Георгій Лазычэнка ўпершыню за вайну атрымаў сур’ёзную траўму — жывата. У снежні ўцёк на фронт, трапіў у 82-ю асобную роту медыцынскага ўзмацнення 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Канец Вялікай Айчыннай Георгій Лявонцьевіч сустрэў на беразе Балтыйскага мора, у Сопаце, у штабе 5-й гвардзейскай танкавай дывізіі. Пасля Перамогі служыў у Горкаўскім вучылішчы зенітнай артылерыі, у Групе савецкіх войскаў у Германіі, быў слухачом Акадэміі тылу і транспарту ў Ленінградзе. З 1965 года служыў у Мінску, ва Упраўленні тылу Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, адкуль у 1971-м, пасля звальнення з арміі, і трапіў на працу ў Міністэрства культуры.

Антон РУ­ДАК