Не забывайце код вайны

Апублiкавана: 11 мая 2023 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Пра жахлівыя падзеі 1941— 1945 гадоў нам расказвалі продкі, мы чыталі шмат кніг, дзе падрабязна апісваліся тыя страшныя часы, падмацоўвалі веды праглядам ваенных кінастужак і праслухоўваннем песень. Але як перадаць гісторыю трагічных падзей па-новаму? 

Гэта ўдалося творчаму праекту “Лінія памяці. Код вайны”, які стаў сінтэзам асноўных жанраў эстрады: харэаграфічнага, вакальнага, інструментальнага і тэатральнага. Пра тое, як крануць сэрцы людзей сваім бачаннем жудаснага ліхалецця, разважае галоўны балетмайстар спектакля, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Наўроцкая

— Ідэя ўзнікла даўно. Некаторыя эпізоды я часткова ўвасабляла сумесна з рэжысёрам Агатай Мацко ў рамках вялікіх канцэртных праграм, прысвечаных Дню Перамогі, на працягу апошніх двух гадоў. Гэтыя фрагменты і паслужылі штуршком да стварэння вялікай пастаноўкі. 

ЯК АБ ТЫМ РАСКАЗАЦЬ? 

Карпатлівая праца пачалася ў студзені, калі праект атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры, і працягвалася чатыры месяцы. Спярша дэталёва прадумвалася рэжысёрская канцэпцыя: чым напоўніць спектакль, як аб гэтым расказаць, у якіх форме і жанры данесці тэму? Наступны этап — падбор музыкі. У праграме можна пачуць новыя песні кампазітара Дзмітрыя Парфёнава і замежныя мелодыі. 

— Было вырашана зрабіць пастаноўку ў форме не проста творчага праекта, а творчага праекта-ўрока для дзяцей і дарослых, — падзялілася Вольга Наўроцкая. — Музычны матэрыял, з аднаго боку, мусіў быць не надта складаным, паколькі тэматыка сама па сабе эмацыйна цяжкая. Але з іншага — пра такія рэчы нельга казаць з дапамогай зусім простай музыкі. Таму мы выкарыстоўвалі розныя кампазіцыі, падабраныя канкрэтна пад той сцэнарны план, які ўжо вымалёўваўся ў маіх думках. 

КАМАНДА МАРЫ 

Выканаўцаў шукалі ў адпаведнасці з рэжысёрскім бачаннем і тэматыкай блокаў спектакля. У праекце ўдзельнічаюць не толькі студэнты кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, але і дзіцячыя танцавальныя калектывы, якія з’яўляюцца лаўрэатамі многіх рэспубліканскіх і замежных конкурсаў. Так, харэаграфічны праект RDC, каманда Стаса Грачко Stay dance project і ўзорны ансамбль танца “Натхненне” сталі пераможцамі “Дэнс Кангрэса”. 

“Безумоўна, гэта вялікі гонар — удастоіцца прэзідэнцкага гранта ў сферы культуры на рэалізацыю ўласнага творчага праекта. Цудоўна, калі дзяржава дапамагае таленавітым людзям”.

Вольга Наўроцкая, галоўны балетмайстар пастаноўкі

— Паколькі БДУКМ — суарганізатар мерапрыемства “Дэнс Кангрэс” і кузня талентаў у галіне харэаграфіі, то лагічна запрасіць калектывы, якія паспяхова сябе праявілі ў спаборніцтве, — распавядае балетмайстар. — Гэта вельмі эмацыйныя дзеці з добрай падрыхтоўкай, максімальна ўцягнутыя ў работу і практычна на ўзроўні студэнтаў здольныя доўга і плённа працаваць над задачай. Да праекта таксама далучыўся выпускнік кафедры харэаграфіі Андрэй Харловіч, ён увасабляў вязня 32 815. Песню “Пустата” ў раздзеле “Лічбы на сэрцы” выконваў вакаліст Яўген Курчыч. Быў задзейнічаны пераможца “Жывой класікі” — конкурсу юных чытальнікаў на тэлеканале “СТБ” — Радзівон Дземянчук. Праніклівы голас, які расказвае ўсю гісторыю, належыць цудоўнай актрысе Веры Паляковай. Агулам на сцэне выступала больш за 60 чалавек. І чатыры месяцы — не так шмат для стварэння падобнага праекта, але дакладна акрэслены тэрмін стымуляваў не спыняцца, а ўвесь час знаходзіцца ў пошуку. 

КОЛЬКІ ГЛЯДЗЕЛА — СТОЛЬКІ ПЛАКАЛА 

Юныя выканаўцы ўдзельнічалі не толькі ў блоку “Дзеці вайны”, але і ў іншых. Пільная ўвага надавалася працэсу спасціжэння тэмы, каб хлопчыкі і дзяўчынкі спачатку дазналіся пра падзеі, якія трэба прадставіць у танцы. Напрыклад, рагачоўскі калектыў Stay dance project увасабляў фрагмент “Красны Бераг”. І гэта сімвалічна: члены каманды жывуць зусім побач з вёскай, у гонар якой эпізод названы. Ансамблю распавялі ўсю гісторыю ў падрабязнасцях, паведамілі, чаму ў мясцовы канцлагер забіралі менавіта дзяцей, пераважна дзяўчынак. Маленькія артысты з “Натхнення” паказалі фрагмент “Яма”. Усім вядома, што колькасць жахлівых “ям” падчас Вялікай Айчыннай вайны была незлічоная. Пастаноўшчыкі дэталёва вывучалі гэтае пытанне, каб зразумела растлумачыць, чаму нумар будуецца менавіта так. 

— Я рашыла, што да спектакля далучацца не толькі дарослыя, але і дзеці. Падчас працы над канцэртнымі праграмамі, прысвечанымі вайне, я заўважыла, што нярэдка нашы школьнікі і нават студэнты не ведаюць нейкіх фактаў аб гэтай жудаснай трагедыі. Хочацца, каб маладыя памяталі пра ліхалецце і перадавалі вопыт наступным пакаленням. Таму праект стаў не толькі творчым, але і адукацыйным — для тых, хто ўдзельнічае ў ім. Дзякуючы нашым расповедам і тлумачэнням, юныя артысты адлюстравалі на сцэне вельмі тонкую эмоцыю, якая знайшла велізарны водгук у сэрцах людзей. Колькі разоў я глядзела фрагмент “Красны Бераг”, столькі разоў і плакала. Дзеці не проста справіліся з задачай, яны зрабілі гэта геніяльна, бо іх пачуцці заўсёды больш чыстыя і праўдзівыя. 

ТВОРЧЫ ЎРОК ДЛЯ КОЖНАГА БЕЛАРУСА 

Прэм’ера праекта “Лінія памяці. Код вайны” прайшла вельмі паспяхова: калі ствараеш такі спектакль з душой, ён не можа атрымацца няшчырым. Больш за 400 гледачоў апладзіравалі стоячы і не адпускалі артыстаў. Калі людзі задумаліся — значыць, мэта дасягнута. 

— Я вельмі шчаслівая, што магу рэалізаваць сябе ў гэтым праекце і нагадаць пра такія важныя рэчы. Ужо 31 мая плануецца другі паказ спектакля, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Мы спадзяёмся, што ўсё атрымаецца і на пачатку верасня школьнікі з розных абласцей Беларусі ўбачаць нашу пастаноўку. Хацелася б, каб падобныя працы мы дэманстравалі хаця б раз на месяц у якасці творчага ўрока. Трэба, каб дзеці з усіх куткоў краіны маглі даведацца неймаверна балючую і разам з тым філасофска-павучальную гісторыю, якую нам належыць трансліраваць. Наступныя пакаленні мусяць памятаць: вайна — гэта страшна. Ніколі нельга казаць ёй “так” — толькі “не”! Галоўны меседж пастаноўкі “Лінія памяці. Код вайны” — гэта чып, які мы павінны ўжыўляць, напэўна, у гены ўсіх людзей на свеце, — лічыць Вольга Наўроцкая. 

Праекты пра жахлівыя падзеі мінулага варта рабіць тонка і прафесійна. Падобных спектакляў не можа быць шмат, таму што тэма вечная, яна і цяпер адгукаецца болем у нашых душах. Такія пастаноўкі заўсёды эмацыйныя. Яны гавораць аб тым, што вайны не павінна быць нідзе. 

Настасся ЮРКЕВІЧ