Каманда шукальнікаў на чале з Валянцінай

“Ваенны музей у чамадане” Казлоўскай сельскай бібліятэкі Светлагорскага раёна прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі. Але гэтая ініцыятыва — толькі дробка таго, што робіць гаспадыня ўстановы Валянціна Пятрова для захавання памяці пра мінулае свайго краю.

Актыўныя бібліятэкары на вёсцы даўно сталі адмыслоўцамі-ўніверсаламі. Яны ж пачуваюцца ўпэўнена і ў ролі артыста, і ў ролі пастаноўшчыка імпрэз, і ў ролі музейшчыка. Валянціна Пятрова таксама з той кагорты, каму замала працаваць толькі з кніжным фондам. Жанчына ўразумела, як важна зберагчы гісторыю малой радзімы і выхаваць у маладых павагу да мінулых пакаленняў, таму актыўна занялася краязнаўствам. 

ВАЛАНЦЁРСКІЯ ЗНАХОДКІ 

Яна стала чальцом мясцовага пошукавага атрада “Эстафета Памяці”, які аб’ядноўвае людзей розных прафесій. Толькі за мінулы год каманда разам з вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны падняла астанкі 37-і чырвонаармейцаў. Каб устанавіць імёны і біяграфіі загінулых абаронцаў, Валянціна Іванаўна шукае звесткі ў абагульненым банку даных “Мемарыял” і ў інфармацыйнай сістэме “Памяць народа”, звяртаецца да тэматычнай літаратуры. А знойдзеныя падчас раскопак элементы ўзбраення і абмундзіравання, прадметы салдацкага ўжытку пасля вывучэння і абясшкоджвання атрад перадае ў музеі. Летась узбагацілі экспазіцыі мемарыяльных комплексаў “Ала” і “Аперацыя “Баграціён” у Светлагорскім раёне. Нярэдка пошукавікі праводзяць там экскурсіі разам з навуковымі супрацоўнікамі, ладзяць урокі памяці, удзельнічаюць у аўтапрабегах па значных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны. 

Валянціна Іванаўна расказвае пра гераізм чырвонаармейцаў і трагедыю мірнага насельніцтва, знаёміць аўдыторыю з працай пошукавікаў.

Нямала артэфактаў папоўніла таксама музей малой радзімы пры Казлоўскай сельскай бібліятэцы. Ён адкрыўся ў 2017-м да гадавіны Перамогі. Экспазіцыя змяшчае даўнія прадметы побыту, нацыянальнае адзенне, рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны ды іншыя каштоўнасці. Завітваюць паглядзець на рарытэты не толькі мясцовыя: бываюць групы школьнікаў і вайскоўцаў, нярэдка заязджаюць на экскурсію наведвальнікі мемарыяльнага комплексу ў гонар аперацыі “Баграціён” (ад яго да Казлоўкі крыху больш за дзясятак кіламетраў), а таксама госці з розных куткоў былога Савецкага Саюза — нашчадкі чырвонаармейцаў, што загінулі на светлагорскай зямлі. Дарэчы, Валянціна Іванаўна праз Сеціва дапамагла немалой колькасці людзей расшукаць інфармацыю пра дзядоў, вызначыць месцы пахаванняў продкаў. 

Альтэрнатыва наведванню традыцыйнай экспазіцыі – “Ваенны музей у чамадане”. Бібліятэкарка збірае найбольш цікавыя прадметы ў звычайную валізку і адпраўляецца на сустрэчы ў навакольныя школы.

Альтэрнатыва наведванню традыцыйнай экспазіцыі — “Ваенны музей у чамадане”. Бібліятэкарка збірае найбольш цікавыя прадметы ў звычайную валізку і адпраўляецца на сустрэчы ў навакольныя школы, а часам нават выязджае за межы свайго раёна. Напрыклад, увесну яна завітала ў Рагачоў. Падчас дэманстрацыі мабільнай экспазіцыі Валянціна Іванаўна расказвае пра гераізм чырвонаармейцаў і трагедыю мірнага насельніцтва, знаёміць аўдыторыю з працай пошукавікаў, а таксама паказвае тэматычныя прэзентацыі. Звычайна захапляльны аповед дапаўняюць каментарыі яе калег па атрадзе. 

НАШЧАДКІ ПЕРАМОГІ 

Па адукацыі Валянціна Іванаўна педагог, больш за дваццаць гадоў адпрацавала выхавацелькай і настаўніцай пачатковых класаў. У бібліятэчную справу яна прыйшла ў 2014-м, і на новым месцы выкладчыцкі вопыт прыдаўся. Бо юныя вяскоўцы прыходзяць не толькі па кнігі: некаторыя далучыліся да дзіцячай суполкі пры мясцовым пошукавым атрадзе. Маладых аматараў гісторыі Валянціна Іванаўна вучыць складаць радавод, працаваць з базамі даных у інтэрнэце. Давялося хлопцам і дзяўчатам пазнаёміцца на практыцы з працай пошукавікаў у полі: як правільна карыстацца шчупам і металадэтэктарам, як арыентавацца на мясцовасці. Таксама бібліятэкарка ладзіць з моладдзю працоўныя акцыі. Увосень талакою яны прыбіралі тэрыторыю вакол абеліска землякам, што не вярнуліся з франтоў вайны, і ля памятнага знака лётчыкам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай. Да Дня народнага адзінства ўдзельнікі суполкі пасадзілі дрэўцы побач з брацкай магілай, а падчас летніх канікул паўдзельнічалі ў аўтапрабегу “Дарогай памяці” па мемарыялах раёна і няўлічаных пахаваннях, дзе працавалі пошукавікі. 

АСВЕТНІЦТВА Ў ІНТЭРНЭЦЕ 

Валянціна Пятрова разумее, колькі магчымасцей адкрывае праца ў анлайн-фармаце, таму актыўна выкарыстоўвае Сеціва для асветніцкіх праектаў. Яна вядзе блог бібліятэкі, а таксама тэлеграм- канал, старонкі ўстановы ў “Аднакласніках” і “Укантакце”. Гэтыя рэсурсы — сапраўдны скарб са звесткамі па гісторыі і сучаснасці Казлоўкі, карыснымі парадамі. Наведвальнікам даступны каляндар знамянальных дат, даведкі пра выдатных землякоў (да прыкладу, у Казлоўцы нарадзіўся заслужаны архітэктар БССР Леанард Маскалевіч) і пра населеныя пункты былога Казлоўскага сельсавета, якія болей не існуюць. Летась, у Год гістарычнай памяці, бібліятэкарка публікавала маршруты выхаднога дня па родным краі (“Пра што расказваюць помнікі”, “Запаведныя тэрыторыі Гомельшчыны” і іншыя), ладзіла анлайн-праекты, прысвечаныя паэтам і пісьменнікам, якія ваявалі на фронце. А яшчэ фотачэлендж, квэсты-гульні, відэапрэзентацыі — усіх фарматаў і не пералічыць. 

Да таго ж Валянціна Пятрова займаецца напаўненнем даведачна-інфармацыйнага партала суседняга пасёлка Парычы. Гэты сайт багаты на эксклюзіўныя матэрыялы. Карыстальнікам даступныя спісы загінулых воінаў, чыіх імёнаў не было ў кнізе “Памяць” і на мемарыяльных плітах, фотаздымкі брацкіх пахаванняў. Усё гэта выдатная дапамога для людзей, якія хочуць знайсці месцы спачыну сваіх продкаў. Доказ таму — сотні лістоў у гасцявой кнізе. Па кансультацыю звяртаюцца калегі-пошукавікі, звычайныя наведвальнікі з Башкартастана, Хакасіі, Прыднястроўя і інш. “Вялікая ўдзячнасць тым, хто дапамагае захаваць памяць воінаў, што сваім жыццём абаранілі нас”, “Нізкі паклон за вашую добрую працу памяці абаронцаў Айчыны” — пішуць на сайце грамадзяне розных краін. 

Хутка пачнецца чарговая Вахта Памяці, а значыць, будуць адкрытыя новыя факты, знойдзеныя новыя артэфакты, устаноўленыя асобы невядомых герояў. І ўсё гэта адлюструецца ў імпрэзах, выставах і анлайн-праектах для наведвальнікаў бібліятэкі і нават замежных сяброў. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва Валянціны ПЯТРОВАЙ