Лічбавая драма

Апублiкавана: 07 мая 2023 Стужка Тэатры Мінск Галёрка

Аўтар: Аўтары

Адзінаццаты год п’еса “Гэта ўсё яна” актуальна і востра распавядае гісторыю жанчыны, якая імкнецца наладзіць адносіны з сынам-падлеткам. 

ЗАВАЯВАЛА СВЕТ 

П’есу “Гэта ўсё яна” напісаў у 2012-м Андрэй Іваноў у рамках лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі. Гэты пакаленчы “дыялог” спадабаўся не толькі аматарам тэатра, але і прафесіяналам — за сцэнічную рэалізацыю браліся расійскія, латвійскія, чэшскія, эстонскія і нават уругвайскія рэжысёры. 

Дзёрзкі тэкст Іванова ставілі і ў розных гарадах Беларусі. Напрыклад, інтэрпрэтацыя Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра прадстаўлена гледачу тры гады таму, а спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ідзе з 2016-га. І вось пытанне: дзе атрымалася больш удалая пастаноўка? 

АДНА ГЕРАІНЯ, ДВА ЎВАСАБЛЕННІ

Ролю маці ў спектаклях адпаведна сыгралі Ірына Дунчанка і Заслужаная артыстка Беларусі Людміла Сідаркевіч. Як няма аднолькавых бацькоў, так і актрысы паўсталі абсалютнай супрацьлегласцю адна адной. 

Людміле ўласцівы асаблівы акцёрскі арыстакратызм, які выяўляецца стрыманасцю персанажа, з выразным стрыжнем і глыбіннай эмацыйнасцю. 

Праца Ірыны Дунчанкі, актрысы Магілёўскага драмтэатра, не рафінаваная досведам іншых роляў, яе выкананне набліжанае да дакументалістыкі: падчас тэлефоннага маналогу яе гаворка дзіўная, паўтаральная і абрывістая, а ў размове з сынам то наўмысна далікатная, то азлобленая ды агідная. 

Сцэна са спектакля Магілёўскага драмтэатра

Але, нягледзячы на розныя падыходы да ўвасаблення, актрыс аб’ядноўвае адно: боль у вачах і тое, пра што нельга моўчкі пракрычаць, не выпрабаваўшы нягоды мацярынства ў пазакулісным жыцці. 

ПАДЛЕТКАВЫ “РАСПАД” 

Наша рэчаіснасць парадаксальная ў двух складніках: у лішку віртуальнай і недахопе рэальнай камунікацыі. Бо выбар у падлеткаў паўстае паміж цудоўным лічбавым светам і цвілай будзённасцю. 

Косцік — імпульсіўны, шалапутны, эгацэнтрычны. Менавіта такім мы ўбачылі падлетка ў выкананні акцёра РТБД Дзмітрыя Давідовіча. У пачатку спектакля яго ігра можа нават адштурхоўваць — яна быццам на мяжы, занадта гіпербалізаваная. Але пасля разумееш, што гэта распад падлеткавай псіхікі. Ад пяшчоты да агрэсіі, ад болю да адчаю.

Сцэна са спектакля РТБД

Максім Чарнюк, які сыграў гэтую ж ролю ў Магілёўскім драмтэатры, дыяметральна процілегла паказаў Косціка. Тут не было надрыву і вар’яцтва. Акцёр пайшоў ад адваротнага: не стаў паглыбляцца ва ўнутраным, а ўвасобіў знешні фактар — пратэснасць узросту, перакананняў і поглядаў. Праца Чарнюка была іранічнай і адкрытай, максімальна набліжанай да падлеткаў у зале. 

З АВАТАРАМІ ЦІ БЕЗ? 

Гісторыю, дзе пераплятаецца віртуальнае і рэальнае, Андрэй Іваноў задумаў як ігру чатырох акцёраў: маці, сына і іх лічбавых аватараў — Тофі і Таўэрскага крумкача. 

Рэжысёр-пастаноўшчык РТБД Моніка Дабраўлянская не павялася на ідэю драматурга, аддаўшы перавагу гіперрэалізму. Так на сцэне засталіся ўсяго два персанажы. 

Тэкст сына Дабраўлянская аформіла ў першым акце як перапіску з сябрам, якую агучваў акцёр, у другім — тэлефоннай размовай. Тым самым Косцік ніяк не ўзаемадзейнічаў з залай. Гэтую ролю на сябе ўзяла маці: яна глядзела ў камеру, быццам зна- ходзілася або на допыце, або на ток-шоу. Так у РТБД на авансцэну выходзіць гісторыя жанчыны, яе бачанне сітуацыі. 

Тофі ў выкананні Амаліі Старавойтавай

Тофі ў выкананні Амаліі Старавойтавай

У Магілёўскім драмтэатры рэжысёр Уладзімір Пятровіч захоўвае арыгінальную колькасць персанажаў. Ролю Тофі сыграла Амалія Старавойтава, а Таўэрскага крумкача — Вадзім Арціменя. 

Увядзенне лічбавых аватараў пазбаўляе п’есу таго псіхалагізму, які ёсць у пастаноўцы мінскіх калег. Персанажы Тофі і Крумкача эмацыйна плоскія. Яны не адлюстроўваюць рэальных пачуццяў, тым самым не даючы магчымасці зразумець галоўны трыгерны момант п’есы. 

РОДНЫЯ — ЧУЖЫЯ 

Сямейны разлад падкрэсліваецца і ў дэкарацыях. У пастаноўцы РТБД мастак Андрэй Жыгур стварыў нешта накшталт пазлаў, якія ніяк не падыходзяць адзін да аднаго, але варта толькі змяніцца мізансцэне, як дэкарацыі злучаюцца, быццам інь і янь. 

Аўтар Магілёўскай сцэнаграфіі Ге- надзь Кутовіч таксама праводзіць раздзяляльную рысу паміж маці і сынам: сцэна рассечаная белай паласой, па абодва бакі якой існуюць два розныя светы. 

Тут няма нейкіх мудрагелістых пазлаў, дастаткова на фоне белага дрэва з чорнымі каранямі — сімвала главы сям’і, які да сваёй смерці незразумелай сілай прыцягнення аб’ядноўваў абсалютна розных людзей, хоць і родных па крыві. 

ЗРАЗУМЕЛАЙ МОВАЙ 

Хоць п’еса была напісаная больш за дзесяць гадоў таму, але дагэтуль застаецца актуальнай, як і праблема тургенеўскага рамана “Бацькі і дзеці”. З неактуальнага ў ёй толькі моладзевы слэнг. Як дарослыя нярэдка няздольныя падабраць неабходныя словы ў размове з падлеткамі, так і рэжысёры дзвюх інтэрпрэтацый не адважыліся адаптаваць пад сучасную “лічбавую лінгвістыку” выразы, выкарыста- ныя драматургам у тэксце. 

“Гэтак размаўлялі гадоў пяць таму”, — заўважалі і мінскія, і магілёўскія гледачы. 

ДЗЕ ГЛЯДЗЕЦЬ? 

Адказу на гэтае пытанне няма. Розныя гарады, розныя інтэрпрэтацыі п’есы пра маці і сына, якія не зразумелі адно аднаго ва ўмовах лічбавай рэальнасці. Чаму? Мабыць, гэты спектакль не для дарослых? Навошта спрабаваць адрэфлексаваць памылкі свайго бацькоўства? Думка памылковая, бо варыяцыі “Гэта ўсё яна” глядзець трэба — і не паасобку з падлеткамі, а разам, каб разарваць нарэшце ўраборас неразумення. 

Мікалай КАСЦЮКОЎ 

Фота з сайтаў тэатраў