У спісах “Перамогі”

Сярод спектакляў рэспубліканскага тэатральнага фестывалю “Перамога” вылучаецца прэм’ера — “У спісах не значыўся” Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Інсцэніроўку прадставілі ў Мінску 30 красавіка, перад васьмю, па два на дзень, майскімі паказамі ў родным для калектыву горадзе. 

Першая сустрэча з гледачом — і адразу “на выездзе”. Прычым не дзе-небудзь, а ў легендарным Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Ужо адно гэта — небывалая падзея. Галоўны рэжысёр бабруйскай установы Дзмітрый Нуянзін падышоў да працы з усёй адказнасцю. Паставіць да Дня Перамогі менавіта такі, а не якісьці іншы матэрыял было яго ідэяй. Не абмежаваўшыся раманам Барыса Васільева, упершыню надрукаваным у 1974 годзе, рэжысёр звярнуўся да аднайменнай п’есы пісьменніка — знайшоў яе ў Маскве ў Літаратурным інстытуце. Падрабязна вывучыў і інсцэніроўку Юрыя Візбара ды Марка Захарава для тэатра “Ленкам”. На аснове ўсяго гэтага зрабіў уласную кампазіцыю, скараціўшы дзеянне да аднаактовага спектакля, але захаваўшы галоўнае невырашальнае супрацьстаўленне — вайна і каханне. 

Дэкарацыі Вольгі Машковай — абрысы казематаў, што асацыіруюцца не толькі з Брэсцкай крэпасцю, але і з Бабруйскай. Пры ўсёй пазнавальнасці чырвоных цаглін узнікае абагульненае аблічча абаронцаў, што знаходзілі спосабы змагацца з акупантамі літаральна з кожнай шчыліны роднай зямлі. Даваеннае мінулае мільгае за белай суперзавесай: пад наглядам маці (Наталля Буднік) маленькі Мікалай (Дзяніс Ліпніцкі) бегае з мадэллю самалёціка. Пазней такі ж вэлюм падрослы Мікалай Плужнікаў (Дзмітрый Тужакоў), які стаў лейтэнантам і прыбыў на месца службы акурат у ноч на 22 чэрвеня, надзене на галаву Міры (Маргарыта Марахоўка): каханне пераадольвае вайну, хай і неверагодна высокай цаной. Празрыстая тканіна яшчэ надоўга павісне пад каласнікамі, бы душы загінулай гераіні і яе ненароджанага дзіцяці — і як прывіды ўсіх, хто ператварыўся цягам Вялікай Айчыннай у буслоў-журавоў. Рэжысёр невыпадкова пакідае ў тэксце лейтматыў белых буслоў, якіх у Беларусі многа. І разам з тым адлюстроўвае ўсю складанасць сітуацыі ў першыя дні вайны. Гэта былі і неабгрунтаваны аптымізм многіх людзей, упэўненых у вядзенні баёў выключна на чужой тэрыторыі ды ў імгненнасці лёгкага трыумфу. І збянтэжанасць ад згубленай ідыліі. Гэта вяртанне ў страшную рэчаіснасць, якое можа прывесці і да страты розуму (Вася Волкаў — Данііл Данілаў), і да думкі здацца ў палон (Федарчук — Павел Мікулік), і, вядома, да жадання супраціўляцца да апошняга. Пэўныя купюры сцісла, літаральна адной фразай пераказваюцца персанажамі. Верагодна, такі прыём можна было крыху пашырыць, бо не зусім зразумелымі, асабліва ў параўнанні з раманам, застаюцца моманты смерці некаторых герояў — таго ж Сцяпана Мацвеевіча (Андрэй Марахоўка). 

Відавочная вялікая рэпетыцыйная праца, праведзеная з выканаўцамі роляў. Найвышэйшай планкай, на якую і далей будзе арыентавацца творчая моладзь, бачыцца работа акцёраў старэйшага пакалення, асабліва заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Парфяновіча (пан Глузняк), Жанеты Зарэмба (цётка Хрысця), Сяргея Баброўніка (Рувім Свіцкі). У працэсе “абкаткі” некаторыя эпізоды яшчэ дасягнуць неабходнага ўзроўню, больш дакладным стане тэатральнае святло (напярэдадні ў калектыву “паляцеў” камп’ютар са светлавой партытурай). Але галоўнае, што спектакль не пакідае публіку абыякавай. 

Зала вітала бабруйчан доўгімі авацыямі. На паклон акцёры выйшлі не ў сцэнічных строях, а ў сучасным цывільным адзенні. Не таму, што надта спяшаліся дадому: гэты прыём наблізіў герояў да гледача. І вымусіў задумацца, як паводзілі б сябе мы на месцы ўдзельнікаў тых падзей — адначасова далёкіх і не. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ