"Песняры"

Танцаваць ён любіў з дзяцінства. Выхадца са шматдзетнай грузінскай сям’і ўжо тады вельмі захапляла народная музыка, і не толькі грузінская. Асабліва ўразіла пласцінка з песнямі знакамітых “Песняроў”. Хто ведаў, што лёс знітуе Георгія з Беларуссю і яе культурай?

У 1979 годзе малады чалавек з’ехаў у Маскву, дзе стаў удзельнікам народнага харэаграфічнага ансамбля грузінскага танца “Калхіда”. Потым у войску служыў у ваенным ансамблі песні і танца супрацьпаветранай абароны савецкай сталіцы. У 1986-м скончыў Арлоўскі філіял Маскоўскага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Дзяржаўнага інстытута культуры па спецыяльнасці “кіраўнік самадзейнага харэаграфічнага калектыву”. І ўвесь гэты час, цягам дзевяці гадоў, працягваў супрацоўнічаць з ансамблем “Калхіда”.

 

"Гелаці"

Вярнуўся на радзіму і ў 1990 годзе стварыў прафесійны народны ансамбль “Гелаці” ў горадзе Кутаісі, быў яго мастацкім кіраўніком. Гэты калектыў быў даволі вядомы. Шмат гастраляваў па свеце, у тым ліку і па Беларусі.

Адначасова Квасціані з’яўляўся артыстам Тэатра оперы і балета горада Кутаісі. Пазнаёміўся з Махмудам Эсамбаевым, пазней сустрэўся з ім на “Славянскім базары ў Віцебску”, калі там выступаў ансамбль “Гелаці”.

 

"Сувенір"

А пазней па запрашэнні пераехаў у Беларусь. Пачынаў працаваць балетмайстрам у Магілёўскай абласной філармоніі, уваходзіў у склад рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па рабоце з аматарскімі калектывамі мастацкай творчасці ад Магілёўскай вобласці. З 1997 года – у Палацы культуры вобласці, дзе стварыў яскравы і самабытны харэаграфічны ансамбль “Сувенір”.

Разам з Георгіем Шотаевічам працуе і яго жонка Марына Аркадзеўна. Яна – балетмайстар гэтага калектыву. Марына Аркадзеўна – душа і сэрца ансамбля. З ёй творца пазнаёміўся падчас вучобы ў інстытуце. Як кажа Георгій Шотаевіч: “Я вельмі рады, што яна са мной працуе. Заўсёды падтрымае, падкажа, выкажа заўвагі”. Разам яны выкладалі ў Магілёўскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова, выхавалі і падрыхтавалі не адно пакаленне студэнтаў, вучылі сваіх будучых артыстаў. У 2010 годзе за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках 2008-2009 вучэбнага года дацэнт кафедры музычнага выхавання і харэаграфіі Квасціані быў уганараваны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пошукі

Георгій Квасціані з’яўляўся галоўным балетмайстрам-пастаноўшчыкам рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў працаўнікоў сяла “Дажынкі”, Дзён беларускага пісьменства, якія адбываліся ў Магілёўскай вобласці, Міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер у Магілёве” і шматлікіх іншых міжнародных, абласных, гарадскіх культурных мерапрыемстваў і творчых праектаў.

Харэаграфічныя пастаноўкі Георгія Шотаевіча адрозніваюцца арыгінальнасцю, наватарствам, высокім мастацкім густам. Ён сцвярджае свой кірунак у харэаграфіі, заснаваны на высокіх традыцыях мастацтва танца розных народаў свету, прывучае да гэтага моладзь. Яго рэпетыцыі – гэтае сапраўднае ўвасабленне культуры і інтэлігентнасці. Такіх асоб называюць "цэльная натура". Строгасць і патрабавальнасць дзіўным чынам спалучаюцца і заўжды прыносяць плён.

26 гадоў служэння Беларусі

Ён пабываў у многіх мясцінах, але Беларусь прыцягнула яго раз і назаўжды. Цягам 26 гадоў харэограф жыве ў Магілёве, а Беларусь лічыць другой радзімай.

Натхненне – гэта бясцэнны падарунак, які даецца чалавеку для рэалізацыі творчых магчымасцей. Галоўнае не даць яму загаснуць. Тады натхненне мацуе талент. Яго Георгій Шотаевіч дорыць людзям.

Аліна ФЯДОСАВА,

загадчык адзела Палаца культуры вобласці горада Магілёва

На здымках:

Георгій Квасціані

Выступае "Сувенір"