Дзеля агульнай карысці

Апублiкавана: 13 мая 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

Першы беларуска-расійскі музейны форум прайшоў у Мінску 11–12 мая. Мерапрыемства, прысвечанае супрацоўніцтву музеяў дзвюх краін, аб’яднала цэлы комплекс пляцовак для двухбаковага музейнага дыялогу. 

Стартаваў форум з выставы “Дыялог з космасам”, якая праходзіць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе можна пабачыць экспанаты з Аб’¬ яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Юрыя Гагарына. 

Пленарнае пасяджэнне адбылося ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там прадстаўнікі сферы культуры дзвюх краін — кіраўнікі музеяў і супрацоўнікі турыстычных прадпрыемстваў — паразважалі аб пашырэнні міжмузейнага ўзаемадзеяння ўстаноў, аб павышэнні ролі музеяў у прадухіленні спроб перапісвання гісторыі, абмеркавалі сумесныя выставачныя праекты, неабходнасць павышэння кваліфікацыі музейных работнікаў і шмат іншага. 

Удзельнікі форуму ўсклалі кветкі да манумента "Мінск – горад-герой"

Удзельнікі форуму ўсклалі кветкі да манумента "Мінск – горад-герой" 

Выступіўшы з прывітальным словам, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч уручыў кіраўніку расійскай дэлегацыі Але Манілавай нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры”. Прывітанні дэлегатам форуму накіравалі таксама міністр культуры Расійскай Федэрацыі Вольга Любімава і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. Выступілі з прывітальнымі словамі кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна, першы намеснік Адказнага сакратара Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі Вольга Петрашова, дырэктар расійскага Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Школьнік і дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў. 

У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі больш за 70 прадстаўнікоў з 18 расійскіх рэгіёнаў, адбылося падпісанне 43 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж музейнымі ўстановамі дзвюх краін. 

Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала пад старшынствам першага намесніка міністра культуры Валерыя Грамады і кіраўніка расійскай дэлегацыі Алы Манілавай. У сустрэчы прынялі ўдзел міністры культуры расійскіх рэгіёнаў — Ніжагародскай, Растоўскай, Яраслаўскай, Варонежскай, Тульскай абласцей і Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры. Падчас дыялогу прагучала шмат прапаноў па арганізацыі сумесных праектаў: выстаў, канцэртаў і турыстычных маршрутаў, прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі распавялі пра культуру кожнай з абласцей, абмяняліся досведам работы з расійскімі калегамі, прэзентавалі свае брэндавыя культурныя мерапрыемствы і запрасілі расійскіх прадстаўнікоў актыўна ў іх удзельнічаць. 

А 12 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі ў рамках форуму прайшлі тэматычныя секцыі “Музейныя фонды Расіі і Беларусі: сучасныя метады захавання і прамоцыі музейных калекцый”, “Расія і Беларусь: музейны праектны офіс” і “Музейны турызм”. Для ўдзелу былі запрошаныя кіраўнікі і спецыялісты вядучых музеяў абедзвюх краін, прадстаўнікі Саюза музеяў Расіі, музейных асацыяцый Беларусі, а таксама фондаў і арганізацый у сферы захавання культурнай спадчыны. Удзельнікі надалі ўвагу развіццю музейнай індустрыі ў лічбавую эпоху, абмеркавалі ўкараненне ў работу музеяў інфармацыйных тэхналогій, перспектывы рэалізацыі сумесных выставачных праектаў і навукова-асветніцкіх праграм, а таксама пытанне прыцягнення ў музеі дзяцей і моладзі. Больш падрабязны агляд работы форуму чытайце ў наступным нумары.