Аляксандр Здановіч. Наперадзе часу

Настаўнік, гісторык, аўтар слоўнікаў і падручнікаў, першы беларускі спрыяльнік жаночай адукацыі, культавая ў ХІХ стагоддзі асоба. Але ў жыццярысе Аляксандра Здановіча, нягледзячы на высілкі даследчыкаў, і па сёння досыць загадак. 

Жывуць сабе ў паралельных сусветах дзва гады нараджэння Аляксандра Здановіча — 1805 і 1808. Хто былі яго бацькі (вядома толькі імя бацькі — Антон) — збяднелыя ці проста вельмі бедныя шляхціцы? Або як павінна пісацца іх прозвішча — Здановічы ці Ждановічы? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні. 

З МІНШЧЫНЫ НА ВІЛЕНШЧЫНУ 

Паводле “Гербоўніка беларускай шляхты”, Аляксандр належаў да адной з галін роду Ждановічаў (КрукоўскіхЖдановічаў) герба “Ждан” ці “Ястрабец”, якая жыла ад Койданава да Ігумена (сённяшнія Дзяржынск і Чэрвень). Прадзедам Аляксандра ў дакументах называецца то Якуб, то Міхал. Дзяды — зямяне Гальяш і Апалонія — жылі ў засценку Шабуневічы (цяпер в. Шабуні, блізу Нацыянальнага аэрапорта). Бацькамі ж Аляксандра былі Антон Ждановіч і Тэрэза Савіцкая. Аляксандр меў братоў, двое з якіх сталі лекарамі— Ежы і Юзаф-Ян (быў доктарам Шляхецкага інстытута ў Вільні), і сястру Юлію, якая ў 1850 годзе ўзяла шлюб з Рыгорам Пул’яноўскім. Апошні мог даводзіцца сваяком Багдану Пул’яноўскаму, нясвіжскаму архіварыусу, аўтару каштоўнай працы па гісторыі радзівілаўскага тэатра (захаваўся рукапіс). 

Аляксандр пераважна выкарыстоўваў форму прозвішча Здановіч. Згодна з “Гербоўнікам”, ён быў ахрышчаны 18 лютага 1808 года (ст. ст.). Праўда, гэтаму пярэчыць дата з надмагільнага помніка (нар. 26 лютага 1805). І ўсё ж, улічваючы, што памёр ён у 1868-м, маючы 60 гадоў, застаецца толькі адзін слушны варыянт. Месцам нараджэння лічацца Бялькевічы ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. 

ПЕРШЫЯ ПЕДАГАГІЧНЫЯ КРОКІ 

Скончыўшы парафіяльную школку ў Дудзічах, ахвочы да навук Аляксандр Здановіч паступае ў павятовую базыльянскую школу ў Лядах. Пра тое, што і як там выкладалася, перафразуючы Здановіча, скажам: усё было вельмі кепска. Таму, скончыўшы школу, ён апантана займаецца самаадукацыяй і два гады працуе хатнім настаўнікам. Усё, каб зарабіць грошы на вучобу ва ўніверсітэце, куды паступае ў 1827-м. У 1829 і 1830 гадах Здановіч, які яшчэ нядаўна наракаў на недахоп адукацыі, выдае ў друкарні Юзафа Завадскага свае першыя педагагічныя работы — “Слоўнічак французскай мовы з кароткай інфармацыяй па вымаўленні і размове” і “Французская граматыка для дзяцей”, якія перавыдаваліся пазней яшчэ не раз. Ганарар за выданні дазволіў Здановічу скончыць у 1831-м універсітэт і атрымаць ступень кандыдата філасофіі. 

Ва ўспамінах вучняў Здановіча можна знайсці нямала цёплых слоў у адрас настаўніка, памяць пра якога яны пранеслі праз усё жыццё.

ШЛЯХЕЦКІ ІНСТЫТУТ І МНОГАЕ ІНШАЕ 

Замест закрытага ў 1832 годзе ўніверсітэта ў 1834-м у Вільні быў заснаваны інстытут, узровень адукацыі ў якім быў нечым сярэднім паміж гімназічным і ўніверсітэцкім. Вучыліся ў інстытуце прадстаўнікі старых беларускіх родаў — Дамейкі, Ваньковічы, Орды, Слізені (гл. “К” № 33, 2021) і многія іншыя. З'яўляўся вучнем Аляксандра Здановіча і кампазітар з-пад Ракава Міхал Грушвіцкі (гл. “К” № 49, 2021). З першага дня і да закрыцця інстытута ў 1864 годзе Здановіч займаў у ім прафесарскую пасаду. Спярша выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, а потым агульную гісторыю. Неардынарны падыход да выкладання прадмета, уменне ўсталяваць кантакт са студэнтамі (гатовымі падняць на смех любога) і патрыятызм з цягам часу ператварылі Аляксандра ў сапраўды культавую асобу, акружаную ўсеагульнай пашанай. Ва ўспамінах вучняў Здановіча можна знайсці нямала цёплых слоў у адрас настаўніка, памяць пра якога яны пранеслі праз усё жыццё, як, напрыклад, Якуб Гейштар і Антон Лакуцэўскі. Аляксандр Здановіч выкладаў і расійскую гісторыю ў рымска-каталіцкай семінарыі. Акрамя таго, ён веў яшчэ прыватныя ўрокі, падчас якіх выходзіў за межы зададзеных падручнікамі рамак выкладання айчыннай гісторыі (у тым ліку гісторыі ВКЛ). 

СПРАВА ЖЫЦЦЯ 

У часы Здановіча жаночая адукацыя, як правіла, абмяжоўвалася танцамі, музыкай і французскай мовай, мікраскапічнымі дадаткамі арыфметыкі, гамеапатыі, фізікі. Выкладаючы ў дзяржаўным узорным пансіёне для паненак шляхецкага паходжання, а таксама многім дзясяткам паненак як прыватны настаўнік, Аляксандр Здановіч даваў веды па геаграфіі, гісторыі, літаратуры, натуральных навуках. Хоць ён і не меў дару красамоўства, але стыль выкладання, просты, з майстэрскім групаваннем фактаў вакол ядра, і любоў да прадмета пакідалі вельмі моцнае ўражанне, лекцый Здановіча чакалі як свят. Усё гэта абуджала ў дзяўчат прагу да ведаў, павагу да навук, любоў да гісторыі краіны і народа, якія яны перадавалі пазней сваім дзецям. Звесткі пра гэта можна знайсці ва ўспамінах Вілы Зындрам-Касцялкоўскай і Эміліі Урублеўскай, маці заснавальніка бібліятэкі імя Урублеўскіх — сапраўднай архіўнай скарбніцы нашай гісторыі. 

ВЫДАВЕЦКІ НАПРАМАК 

За сваю доўгую педагагічную практыку Аляксандр Здановіч падрыхтаваў і выдаў немалую колькасць работ. Гэта былі і слоўнікі, і падручнікі французскай мовы, а таксама польскай і лацінскай. У яго даробку атлас каляровых карт і немалая колькасць падручнікаў гісторыі (у тым ліку для дзяцей). 

Быў Здановіч гарачым прапагандыстам наватарскага метаду выкладання Антона Язвінскага, былога выхаванца Віленскага ўніверсітэта, які распрацаваў у 1820-х асобую мнеманічную тэхніку, што дазваляла лепш запамінаць матэрыялы пры дапамозе пэўных схем і каляровых плям. Аляксандр Здановіч наладзіў выданне асаблівых “Сімвалічна-храналагічных табліц” па старажытнай і найноўшай гісторыі. Многія з прац, напісаных Здановічам, на жаль, так і засталіся ў рукапісах і знаходзяцца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Дарэчы, даволі працяглы час Аляксандр Здановіч быў ледзь не адзіным паплечнікам Антона Эдварда Адынца, былога філарэта і паэта, у справе выдання “Кур’ера віленскага” (пазней рэдактарам стаў Адам Кіркор). 

ТРАГЕДЫЯ СЯМ’І 

У 1848 годзе Аляксандр Здановіч ажаніўся з настаўніцай Эміліяй (1812— 1893), дачкой Ігната Пясецкага і Юзафаты Івіцкай. Сястра Эміліі Паўліна пабралася шлюбам з пратэктарам школ у Маладзечне Асмольскім, а брат Казімір, былы філамат і сябра Адама Міцкевіча, стаў мужам Сафіі Янушкевіч. Яе браты — вядомыя грамадскія дзеячы: пісьменнік, этнограф Яўстах і паэт, выдавец Адольф. Абодва былі сябрамі студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, а Адольф у Парыжы разам з Міцкевічам выдаваў газету “Пілігрым польскі”. 

У шлюбе з Эміліяй нарадзілася чацвёра дзяцей. Першынцам быў Ігнат (1840—1863), студэнт Маскоўскага ўніверсітэта, аўтар цікавага нарыса па гісторыі таварыства філаматаў. Пазней, у 1842-м, нарадзіліся блізняты, якім лёс адмераў вельмі кароткі час, — Генрык (пам. 1858) і Тэрэза (пам. 1859). Адзіны вядомы на сёння твор мінскага педагога, музыканта і кампазітара Дамініка Стэфановіча (гл. “К” № 12, 2023), па ўсёй верагоднасці, паходзіць са збораў апошняй. У 1850 годзе нарадзілася Міхаліна (пам. 1879). Немагчыма сабе ўявіць гора бацькоў, якія страчвалі адно дзіця за другім, але больш за ўсё па іх ударыў скон Ігната, якому катаргу ў апошнюю хвіліну замянілі смяротным пакараннем. 

НА ЎРВІШЧЫ БЕРНАРДЗІНСКІХ МОГІЛАК 

Як лічылі сучаснікі Здановічаў, менавіта гэтая смерць спрычынілася да таго, што, маючы толькі 60 гадоў, шанаваны калегамі і вучнямі Аляксандр Здановіч 19 (31) мая 1868 года памёр ад кровазліцця ў мозг. Здарылася гэта ва ўласным доме Здановічаў на Зарэчнай, 21. Сёння гэты раён Вільні пераўтвораны ў мастацкі квартал Ужупіс, г. зв. віленскі Манмартр. Пахавалі Здановіча на блізкіх Бернардзінскіх могілках, на самым краі урвішча з боку ракі. Магіла слыннага педагога і яго жонкі, на шчасце, ацалела. З’яўляецца яна і кенатафам іх сына Ігната, чыя сапраўдная магіла — у капліцы на Росах, на якіх спачываюць нашы вядомыя літаратары — Уладзіслаў Сыракомля, Ядвігін Ш. і многія іншыя. 

ПАМЯЦЬ 

У Беларусі асоба Аляксандра Здановіча вядомая. Невялічкі, але змястоўны артыкул быў змешчаны ў энцыклапедычным даведніку “Мысліцелі і асветнікі Беларусі” (1995). Цікавыя звесткі пра ліставанне Здановіча з сынам Ігнатам прывёў у “Героях і музах” (1982) гісторык і літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў. Але няма на радзіме педагога ані манаграфіі, ані хаця б невялічкай брашуры. На вялікі жаль. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ