Музей для дзяцей, або Загадкі ад княгіні і сакрэты археолагаў

Як завабіць у музей юных наведвальнікаў і зрабіць іх візіт запамінальным ды эфектыўным? Шукаем адказы ў досведзе айчынных устаноў культуры. 

Тэрмін “музейная педагогіка” ўведзены ва ўжытак стагоддзе таму, аднак дагэтуль адмыслоўцы не сфармулявалі яго дакладнае і агульнапрынятае азначэнне. На практыцы за гэтым словазлучэннем часцей стаяць разнастайныя формы прэзентацыі калекцыі, дзе мяркуецца актыўны саўдзел наведвальнікаў (найперш дзяцей і падлеткаў) і маецца на мэце паглыбленне ў тэму ды эмацыянальны водгук. Але прадметам дыскусіі не ёсць патэнцыял музея як часткі навучання і выхавання маладога пакалення, сродку далучэння да спадчыны. Работнікі сферы разбураюць стэрэатып “музей — статычны збор артэфактаў” і паспяхова збліжаюць наведвальнікаў з калекцыямі ў дыялогу. 

АСНОВЫ ПЕДАГОГІКІ ДЛЯ МУЗЕЙШЧЫКАЎ 

Нават скептычна настроеныя да экскурсіі як навучальнага працэсу эксперты сцвярджаюць, што экскурсаводу для эфектыўнай працы неабходныя педагагічныя кампетэнцыі. Супрацоўніца Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Вольга Капытка звяртае ўвагу калег: адштурхоўвацца трэба ад узроставых асаблівасцей увагі і мыслення групы. Малодшых школьнікаў найбольш прыцягваюць гульні, а для падлеткаў вядучы від дзейнасці — калектыўная справа з равеснікамі. Не дзіва, што ў візіцёраў Нясвіжскага замка карыстаюцца папулярнасцю тэатралізаваныя экскурсіі з элементамі квэста. 

Самым юным наведвальнікам яшчэ складана доўга канцэнтравацца на адным аб’екце ці адной справе. Вольга Капытка раіць чаргаваць розныя заняткі, каб хлопчыкі і дзяўчынкі не засумавалі: “Падчас экскурсіі ў Залатой зале, цэнтральным пункце палаца, мы загадваем жаданні, у арсенале ладзім фізкультхвілінку і вучымся зараджаць гармату, а пазней выпраўляемся паслухаць, як тэатральныя машыны Францішкі Уршулі Радзівіл імітуюць гукі прыроды, ды разгадваем загадкі княгіні”. 

Не страціць зацікаўленасць дзяцей дапамагаюць заданні на пошук: падлічыць гербы ў аздабленні памяшкання, агледзець інтэр’еры Зорнай залы і патлумачыць паходжанне назвы гэтага пакоя. Падобныя выпрабаванні дазваляюць таксама замацаваць веды. Пасля знаёмства з атрыбутамі ўлады і біяграфіяй прадстаўнікоў магнацкага роду экскурсанты праз пэўны час лёгка знаходзяць у партрэтнай галерэі выяву гетмана Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. На раз-два тлумачаць, навошта люстэркі ў Бальнай зале пастаўленыя адно насупраць аднаго, бо колькі хвілін таму даведаліся пра спосабы візуальнага пашырэння прасторы. 

Экскурсаводу важна памятаць пра школьную праграму, каб разумець, якія з’явы і падзеі ўжо знаёмыя гасцям. Напрыклад, вучні пачатковай школы ведаюць пра слуцкія паясы і ахвотна падтрымліваюць размову пра гэтыя артэфакты. 

Натуральна, тэкст экскурсіі не павінен быць перанасычаны фактамі і датамі. Дзецям малодшага школьнага ўзросту лягчэй запомніць неабходную інфармацыю праз легенды і прыгодніцкія гісторыі. Яны з ахвотай слухаюць аповеды пра спробу Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі прывезці ў Нясвіж егіпецкія муміі, пра драму Чорнай Панны і лёс залатых радзівілаўскіх апосталаў. На завяршэнне экскурсіі абавязковая рэфлексія: аб чым даведаліся і што спадабалася найбольш. Дадатковай матывацыяй не заставацца ўбаку ад усялякіх актыўнасцей і завітаць у музей зноў будзе падарунак у фінале сустрэчы. 

СУВЕНІР СВАІМІ РУКАМІ 

У замкавым комплексе “Мір” дзецям прапануюць зрабіць сабе падарунак уласнаруч падчас заняткаў “Таямніцы кафляных «люстэркаў»” па тэме “Печы з каробкавай кафлі XVI—XVII стагоддзяў у палацы Радзівілаў”. Як расказала навуковы супрацоўнік Вольга Каласоўская, іх ладзяць з 2020 года для фарміравання гістарычнай памяці праз вывучэнне матэрыяльнай культуры мінулых пакаленняў. 

У пачатку музейны педагог расказвае наведвальнікам, што такое артэфакт і як ён трапляе ў музей, знаёміць дзяцей з археалагічнымі знаходкамі. Далей удзельнікі групы прымерваюць ролю даследчыка і аглядваюць пячную каробкавую кафлю, вызначаюць з дапамогай вядучага матэрыял, форму, колер, асноўныя часткі і асаблівасці паверхні пласцін. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі самастойна вырабляюць паменшаныя гіпсавыя копіі кафлі і расфарбоўваюць іх. Дарэчы, невялікі склад груп — да 10 чалавек — дае магчымасць кожнаму дзіцяці спаўна паўдзельнічаць у дыялогу. Прызначаны занятак для вучняў сярэдніх класаў. 

Заняткі "Таямніцы кафляных «люстэркаў»"

Заняткі "Таямніцы кафляных «люстэркаў»"

Акрамя таго, у музеі рэалізуюць праграму “Табе, нашчадак, у добры дар”, падчас якой наведвальнікі даведваюцца аб прафесіі архітэктара і працэсе ўзвядзення Мірскага замка. Пазнаёміцца з асаблівасцямі жаночага касцюма XVIII стагоддзя і нават прымерыць некаторыя дэталі гістарычнага адзення можна на занятку “Капрызы моды ракако”. Праграма “У абарону сваёй зямлі” прысвечаная вайсковай справе ВКЛ у XVI стагоддзі. Сярод іншых актыўнасцей дзецям прапануюць навучыцца апранаць даспехі, трымаць меч і шчыт. А ў час заняткаў “Ад усяго сэрца самы лепшы пачастунак!” маленькім гасцям давядзецца даследаваць старадаўні рэцэпт святочнай стравы для князя. 

ДАКАПАЦЦА ДА СТАРАЖЫТНАСЦІ 

Прадметы археалогіі складаныя для ўспрымання людзям без адмысловых ведаў. Як прэзентаваць артэфакты і патлумачыць іх прызначэнне дзецям, калі новае пакаленне ўжо незнаёмае нават з кнопкавым тэлефонам? Старшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Кацярына Іванова-Праля лічыць гэта цікавым выклікам. Для папулярызацыі археалагічнай спадчыны яна з калегамі ладзіць праект “Лета ў археалогіі”, які ўключае лекцыі, квэсты, гульні ды іншыя формы. Летась адбыўся ўжо шосты сезон. Грунтуецца праект на шэрагу важных прынцыпаў. Праводзяць яго толькі ў чэрвені, бо адмыслоўцы маюць на мэце прэзентаваць новыя даныя, з якімі працавалі цягам года. Важным для музейных работнікаў з’яўляецца арыентацыя выключна на мясцовы матэрыял: тутэйшыя знаходкі не менш цікавыя за артэфакты, апісаныя ў шматлікіх дзіцячых энцыклапедыях. 

Абавязковы элемент — практычная дзейнасць: лепка сасудаў з гліны па тэхналогіях бронзавага веку, навучальная гульня з мадэллю раскопу, нанясенне арнаментаў на кераміку. У фінале праекта дзеці выходзяць на разведку ў поле разам з прафесійным археолагам, каб замацаваць веды і атрымаць новыя навыкі. Пасля такога навучання нават просты шпацыр у гарадскім парку можа ператварыцца ў экспедыцыю. Кожны лапік зямлі там дагэтуль захоўвае фрагменты керамікі, і самастойнае выяўленне кавалачка даўняга посуду становіцца сапраўдным святам для дзіцяці. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота mirzamak.by