Чалавек на сваім месцы

Заслужаны артыст Беларусі, вядучы акцёр Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, а яшчэ пазнавальная асоба з тэлевізара, чалавек з выразнай грамадзянскай пазіцыяй — сёння “ствараем разам” з Русланам Чарнецкім. 

І напачатку спытаем, чаму ён ганарыцца сваёй прафесіяй. 

— Ганарыцца трэба не прафесіяй, а справамі, якія робіш. Мне шмат пісалі ў сацсетках, асабліва пасля “Графа Монтэ-Крыста” і “Гур’янава”: “Дзякуй! Вы дапамаглі пераадолець складаны перыяд у жыцці”. На фестывалі “Вытокі” я бачу са сцэны тысячы радасных усмешак, людзі падпяваюць, прытанцоўваюць. Яны шчаслівыя. Мы з маімі калегамі ствараем гэтую атмасферу, добрасумленна робім сваю справу. І вось гэта, безумоўна, тое, чым я ганаруся. 

— Маладыя людзі часцяком выбіраюць творчыя прафесіі, каб стаць зоркамі… 

— Яны не разумеюць ці ім не расказалі, што значыць мастацтва. Гэта не пра тое, каб быць зоркай. Гэта ўвогуле не пра статус. Прынамсі, я так лічу. Мастацтва ў ідэале дазваляе чалавеку выказацца. Але гэтае самавыяўленне павінна дапамагаць людзям, рабіць іх жыццё лепшым. 

Па сутнасці, акцёры — рэтранслятары думак вялікіх аўтараў і рэжысёраў. Мы гаворым словы, якія ўжо напісаны, але вымаўляем іх так, каб яны дайшлі да свядомасці кожнага. Мы тыя, хто праз сэрцы спрабуе дагрукацца да розуму гледачоў. Калі атрымліваецца, адбываецца тое, што называюць катарсісам. 

— І гэта вынік вялізнай калектыўнай творчай працы аўтараў, рэжысёраў, кампазітараў, сцэнарыстаў, многіх іншых прафесіяналаў. Аднак вобраз персанажа глядач схільны праецыраваць на асобу акцёра. 

— Глядач мае на гэта права, але мы толькі дакладна ўвасабляем задуму рэжысёра, перадаём яго інтэрпрэтацыю таго ці іншага твора. 

— Вы неяк казалі, што бацькі раілі атрымаць прафесію, якая зможа пракарміць пры любых абставінах. І гэта было зусім не акцёрства. Слушныя парады? 

— Вядома. Мая першая прафесія — аўтаслесар. У гэтай справе галоўнае — уменне працаваць рукамі. Дагэтуль нейкі дробны рамонт машыны магу зрабіць самастойна. А яшчэ ў мяне ёсць лецішча, дзе мы з жонкай даводзім усё да ладу цалкам уласнымі сіламі. 

— А здаралася такое, калі ў жыцці вы задумваліся аб тым, каб заняцца больш стабільнай працай? 

— Як і ва ўсіх, напэўна, у мяне бывалі крызісы матэрыяльнага плана. Але я заўсёды ведаў, што ў крайнім выпадку пайду грузчыкам працаваць. Тут справа не ў прафесіях, якімі валодаеш, а ў гатоўнасці пайсці і зарабіць, калі ў гэтым ёсць патрэба. Які б я ні быў творчы чалавек, разумею, што ў мяне ёсць сям’я, якую я мушу забяспечыць. Яна не павінна пакутаваць ад таго, ёсць у мяне праца ці не. 

— Ну, у вас працы якраз хапае! Толькі кіношных роляў больш за сотню выканана. Гэта ўвогуле не вельмі тыпова для беларускіх тэатральных акцёраў. 

— Так, сапраўды, у нас няшмат тэатральных акцёраў з такой фільмаграфіяй. У Горкаўскім тэатры толькі мы з Веранікай Пляшкевіч актыўна працуем у кіно. Мне, відаць, пашчасціла. Большая частка фільмаў, у якіх я здымаўся, рабілася для тэлеканалаў “Расія” і “ТВЦ”. Расійскія рэжысёры бачаць мяне як героя іх фармату. 

— Падчас падзей 2020-га вы адным з першых у творчай супольнасці заявілі аб падтрымцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Чым кіраваліся ў той момант? 

— Па-першае, я ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу за тое, што ён зрабіў за апошнія амаль трыццаць гадоў. Гэтая асоба мае стрыжань і вельмі па-чалавечы ставіцца да краіны і народа. Я ж бачыў яго без камер. Ён ставіцца да нас, як да сваіх дзяцей. Так, ён строгі. Але часам строгасць неабходная. 

Па-другое, у 1999—2000-м я служыў ва ўнутраных войсках. І абсалютна дакладна ведаю, калі, як і ў якой ступені дазволена ўжыванне спецсродкаў. Ведаю, якія выкарыстоўваюцца спецсродкі. Я ведаю гэтыя тонкасці. 

Па-трэцяе, ацэньваючы нейкую сітуацыю, я заўсёды стаўлю сябе на супрацьлеглы бок. І тады бачу ўсю карціну цалкам. А ў той сітуацыі многія не былі гатовыя да такой плыні фэйкаў. І проста згубіліся, пайшлі за натоўпам… 

Па-чацвёртае, я ніколі нікому не здраджваў. У мяне ёсць пазіцыя, і я ніколі не буду мітусіцца. Я дакладна разумею, што нашы кіно і тэатр без дзяржаўнай падтрымкі не выжывуць. Наша дзяржава ўвесь час аказвае нам неабходную дапамогу. І такую дзяржаву варта любіць і абараняць. 

— Як лічыце, цяперашні рэпертуар Горкаўскага тэатра адпавядае патрабаванням часу? 

— Гэты тэатр — мой родны дом. Я бываю заняты і ў іншых праектах. Там таксама шчыра працую. Але тут, паўтаруся, мой дом. Гэта святое! Глядзельная зала Горкаўскага тэатра кожны дзень поўная. Людзі прыходзяць, каб убачыць тое, што яны хочуць. Значыць, мы актуальныя. Значыць, тэмы, якія мы ўздымаем, важныя. 

— А калі білеты падаражэюць у два разы? 

— Веру, што залы не спусцеюць. Наша публіка прывыкла, што тэатр даступны для ўсіх. І дзякуй богу, што, у адрозненне ад іншых краін, дзе квіткі могуць каштаваць сотню долараў, у нас пакуль ніхто не спрабаваў з цэнамі эксперыментаваць. Спадзяюся, што і не пачнуць. 

— У вас ёсць любімыя ролі? 

— Так. Кожная роля для мяне вельмі значная, у кожную ўкладваю часцінку душы, таму яны не могуць быць больш ці менш любімымі. Яны ўсе любімыя. Кожны мой спектакль — мой любімы спектакль. У мяне так. 

— У мінулым годзе рок-мюзікл “Джэк Патрашыцель”, дзе вы выконваеце галоўную ролю, заваяваў Нацыянальную тэатральную прэмію ў секцыі “Музычны тэатр”. Вакалам прыйшлося дадаткова займацца? 

— Без гэтага я б не змог выканаць ролю. У мяне ёсць досвед музычнай дзейнасці, у свой час я нават стварыў рок-гурт. Але больш сур’ёзная вакальная падрыхтоўка звязана з іншым спектаклем. Калі Сяргей Міхайлавіч Кавальчык паведаміў мне, што збіраецца ставіць рок-оперу “Граф Монтэ-Крыста” і мне там адведзена роля, я зразумеў, што без адмысловага навучання яе не выцягну. Экстрым-вакал — гэта спецыяльная тэхніка для рок-вакалістаў. Давялося пайсці на курсы. За тры гады дасягнуў прыстойных вынікаў. Гэта дазволіла падчас здачы спектакля, генеральных прагонаў і прэм’еры сем дзён запар, па сутнасці, выдаваць рок-канцэрты і не забіць голас. 

— Творчая моладзь сёння заклапочаная нізкімі заробкамі ў сферы культуры. Вы з такой праблемай сутыкаліся? 

— З таго моманту, як мне споўніўся 21 год, ніколі ў маім жыцці не стаяла пытанне грошай. У мяне тады здарылася свайго роду пераацэньванне каштоўнасцей. Я вельмі моцна задумаўся аб тым, якое месца займаю ў гэтым свеце. І зразумеў: усё, што я раблю, гэта наогул не пра грошы. Тут усё проста. Патрэбныя грошы — працуй, круціся. А думаць няма чаго. У мяне творчыя задачы і планы. Яны рэалізуюцца — і грошы прыходзяць самі. 

У творчыя прафесіі наогул ідуць не па заробак. Але дзеля справядлівасці скажу, што да таго моманту, пакуль я не пачуў свой унутраны голас, не вызначыўся з прыярытэтамі ў жыцці, праблемы з фінансамі былі і ў мяне. Уласна, таму ў Тайланд танцаваць і ездзіў. 

А зараз, калі паўстане выбар: вялікія грошы ці праца ў тэатры, — я без ваганняў абяру тэатр. Я патрэбны сваёй дзяржаве на гэтым месцы. У 2020-м гэта стала зразумела зусім дакладна. Я ўсяго толькі чалавек, маленькі драбок з 9 мільёнаў беларусаў. Але ад кожнага драбка цяпер многае залежыць. Я павінен быць тут і нікуды адсюль не з’еду! 

Віктар ГАЎРЫШ