Ву­чань — ад­бі­так пед­аго­га

Апублiкавана: 13 мая 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Авалодаць азамі мастацтва пры пэўных здольнасцях можа кожны ахвотны. А развіць і ўдасканаліць іх дапамагаюць спецыялізаваныя школы. Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў дзейнічае з 1998 года. Як там наладжаны вучэбны працэс? 

Сёння ў дзіцячай школе мастацтваў займаюцца 325 чалавек. Як распавядае дырэктар установы Ядвіга Туркова, дзейнічаюць чатыры напрамкі: музычны, харэаграфічны, выяўленчы, тэатральны. Дзеці могуць выбраць сабе па жаданні любы. 

Дарэчы, з 1957-га школа была толькі музычнай. Першы дырэктар Іван Троська скончыў кансерваторыю, шмат працаваў над творчым працэсам навучання, пісаў музыку, песні. Адзін з класаў па тэорыі музыкі носіць яго імя. 

Зараз найбольшай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаюцца гітара і фартэпіяна. Ёсць магчымасць займацца дадатковым інструментам, што прадугледжана вучэбнай праграмай. Акцэнт робіцца на калектыўнае музіцыраванне. Створаны дзіцячы ансамбль народных інструментаў пад кіраўніцтвам Аляксея Буглая. Скрыпачы займаюцца з педагогам Святланай Ярмак, гітарысты — з Ларысай Астрэйка. Баяністаў рыхтуе Уладзімір Гурын, трубачоў — Леанід Чарноў. 

“ПРАМЕНЬЧЫК”, “ОНІКС”, “РАПТАМ”… 

Галасістыя дзеці спяваюць у хоры “Праменьчык”. Асобна варта адзначыць узорны танцавальны калектыў “Онікс”, яго юныя таленты шмат разоў прывозілі дыпломы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сёлета “Онікс” паспяхова ўдзельнічаў у нацыянальным адборачным туры Міжнароднага танцавальнага праекта Dream Danсe Fest ХХХII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Мае свае поспехі і тэатральны калектыў “Раптам”. 

Нямала ў школе таленавітых мастакоў, якія пастаянна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах і пленэрах. На базе мастацкага аддзялення штогод праводзіцца конкурс-пленэр юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука. Работы будучых паслядоўнікаў Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага нярэдка выстаўляюцца на гарадскіх святах ды мерапрыемствах і прыцягваюць увагу людзей розных узростаў. 

ЯК РЭАЛІЗАВАЦЬ СЯБЕ? 

Пра метады выкладання расказвае дырэктар ДШМ Ядвіга Туркова: 

— У нас вядзецца метадычная работа сярод настаўнікаў па асваенні сучасных падыходаў, ідзе абмен досведам, ладзяцца адкрытыя ўрокі. Вопытныя настаўнікі бяруць шэфства над маладымі. Кіруемся методыкай вядучых спецыялістаў, даём магчымасць вучням рэалізаваць сябе. У кожнага інструмента свая спецыфіка: пастаноўка рук, гукавядзенне. Педагог выяўляе індывідуальныя асаблівасці вучняў, а наша агульная задача — раскрыць іх здольнасці ў поўнай меры, стварыць для гэтага неабходныя ўмовы ды апраўдаць надзеі бацькоў на поспехі сыноў і дачок. Важна любіць дзяцей і радавацца іх дасягненням. 

Мы імкнёмся, каб хлопчыкі і дзяўчынкі часцей выступалі не толькі ў школе, але і на сцэнічных пляцоўках горада. Штогод у канцы красавіка праводзім у раённым Цэнтры культуры справаздачныя канцэрты, што падцягвае і мабілізуе нашых вучняў. Каб дзіця ўпэўнена сябе адчувала, патрэбна вялікая і карпатлівая праца, трэба быць прыкладам, прафесіяналам сваёй справы, тады і вучні будуць цягнуцца за намі. Бо вучань — гэта адбітак педагога. 

ЁСЦЬ КІМ ГАНАРЫЦЦА 

Выкладчыкі Нясвіжскай ДШМ падтрымліваюць цесную сувязь з бацькамі навучэнцаў. Запрашаюць іх на ўрокі, на канцэрты ў школу. У актавай зале выступаюць не толькі навучэнцы, але і сталічныя артысты. 

Многія выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў працуюць у ёй жа па сваёй спецыяльнасці. 

Выпускнікі ДШМ пасля падрыхтоўкі ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах працуюць ва ўстановах культуры. Так, Антон Беразнёў — выкладчык у Баранавіцкім музычным каледжы, Ларыса Жук — у Мінскім музычным каледжы імя Глінкі, Аляксей Андросік — настаўнік Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў і кіраўнік знакамітага ўзорнага ансамбля “Аношкаўскія музыкі”. 

Педкалектыў школы мастацтваў працуе над захаваннем традыцый, пастаянным удасканаленнем вучэбнага працэсу і над уласным творчым ростам. Для гэтага ёсць і жаданне, і магчымасці. 

Раіса ХВІР, Нясвіж 

На фота вучні Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў