У межах Года гістарычнай памяці і рэалізацыі інфармацыйнага праекта перасоўнай выстаўкі “Нацысцкая палітыка генацыду і “выпаленай зямлі” на тэрыторыі Кіраўскага раёна” Жыліцкі гістарычны комплекс-музей і сетка бібліятэк Кіраўскага раёна распрацавалі інфармацыйныя стэнды з архіўнымі дакументамі, фатаграфіямі.

Адабрана тая літаратура, дзе змешчана інфармацыя па генацыдзе на тэрыторыі нашай краіны, у тым ліку ў Кіраўскім раёне. З фондаў Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея для перасоўнай выставы прэзентаваны арыгіналы газет 1941 і 1945 гадоў, элементы адзення і побыту. А таксама копіі архіўных дакументаў (прадстаўлены пракурорам Кіраўскага раёна Вячаславам Чучуліным), якія датычацца падзей, што адбываліся на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця рэканструяванага памятнага знака ў вёсцы Боркі 20 чэрвеня 2020 года: “Кожныя новыя пакаленні беларусаў мы будзем гадаваць, перадаючы ім памяць не толькі аб подзвігах іх продкаў, але і аб болю, які зрабіў наш народ мацнейшым, навучыў берагчы мір, спакой. Беларусь будзе памятаць, каб і іншыя краіны не забываліся, хто заплаціў за Вялікую Перамогу самую вялікую цану, вызваліў заваяваныя гітлераўскай Нямеччынай землі і выратаваў народы ад генацыду. Няхай сімвалы мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Боркі пранясуць гэтую праўду праз стагоддзі”.

Таму сімвалічна, што інфармацыйны праект перасоўнай выставы “Нацысцкая палітыка генацыду і “выпаленай зямлі” на тэрыторыі Кіраўскага раёна” пачаў сваю працу ў першую чаргу ва ўстановах адукацыі Кіраўскага раёна.

Перасоўная выстава была задзейнічана ў правядзенні дыялогавай пляцоўкі з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гацко, Людмілы Здорыкавай, Наталлі Тарасенка, а таксама на гісторыка-краязнаўчых гадзінах, уроках мужнасці і ваенна-патрыятычных сустрэчах.

Падчас прэзентацыі матэрыялаў выставы супрацоўнікі сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна выкарыстоўваюць эмацыйна-насычаныя ўспаміны відавочцаў, вытрымкі з архіўных дакументаў (пратаколаў, шыфровак, партызанскіх дзённікаў і г.д.), агляд кніг, вершы з паэмы “Марыйка”, аўтарам якой з'яўляецца Аляксандр Казека, вытрымкі з рамана "Карнікі" Алеся Адамовіча, у аснову якога легла трагедыя ў Борках, копіі фатаграфій і фрагментаў дакументальных фільмаў і мастацкай стужкі "Ідзі і глядзі" рэжысёра Элема Клімава.

У межах Года гістарычнай памяці перасоўная выстава будзе дзейнічаць цягам усяго года на пляцоўках арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна.

Марына ЦВЯТКОВА,

дырэктар сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна, сябра рэгіянальнай арганізацыйнай структуры “Беларускае таварыства “Веды”

На здымках:

Экспанаты выставы

Наведвальнікі

Падчас прэзентацыі