Вяртанне прыстанку муз

Гісторыя пачалася некалькі гадоў таму, калі мінчук Канстанцін Хурс набыў на Пастаўшчыне хату, што планаваў выкарыстоўваць як лецішча, — з гэтых мясцін паходзіць яго жонка. Часта праязджаючы праз вёску Каралінова, сям’я звярнула ўвагу на тутэйшую славутасць — сядзібны дом, які хаця і быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, але знаходзіўся ў аварыйным стане. 

У Хурсаў узнікла жаданне паспрабаваць уратаваць гэты помнік драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя, аналагічных якому, на жаль, у нашай краіне засталося мала. Тым больш гісторыя маёнтка ў Каралінове непасрэдна звязана з постаццю мастака Альфрэда Ромера, што належаў да рыцарскага роду з Саксоніі. Гэтая фамілія, вядомая з XV стагоддзя, перасялілася ў Вялікае Княства Літоўскае праз Курляндыю. 

ШЛЯХ ДА КАРАЛІНОВА 

Альфрэд Ромер нарадзіўся ў Вільні ў 1832 годзе, атрымаў вядомасць як жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец і этнограф. Спадчына майстра захоўваецца ў музеях Вільні, Варшавы і Кракава. Лічыцца, што Ромер стварыў больш за дзве сотні прац: 63 жывапісныя палотны, 81 пастэль, 41 медальён, 9 скульптур, некалькі дзясяткаў малюнкаў, пейзажаў і акварэляў, а таксама выконваў копіі ікон. У Беларусі зберагліся дзве работы аўтара: “Пінская Мадонна” ў касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Пінску і “Хрыстос і сірата” ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях. 

Урокі малявання Альфрэд Ромер браў у вядомага мастака Канута Русецкага, пасля навучаўся жывапісу ў Парыжы, але неўзабаве вярнуўся на радзіму, у свой маёнтак Крэўна ў Літве. Актыўна супрацоўнічаў з віленскім часопісам “Каласы”, дзе публікаваў гравюры і малюнкі на тэму побыту мясцовых беларусаў і літоўцаў. Майстар таксама браў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863—1864 гадоў, а пасля паразы руху быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую крэпасць. Вызваліўшыся, працягнуў атрымліваць мастацкую адукацыю ў мюнхенскай Акадэміі мастацтваў, выстаўляў работы ў Мюнхене, Кракаве, Парыжы. 

ТУТ НЕКАЛІ КВІТНЕЛА ТВОРЧАСЦЬ 

У Каралінова Альфрэд Ромер трапіў, ажаніўшыся з Вандай Сулістроўскай, якой належаў гэты маёнтак. Сядзібны дом, куды пераехала сям’я, уяўляў сабой досыць вялікі драўляны, з лістоўніцы, аднапавярховы будынак. Ля сцяны правага крыла ўзвялі ганак на тонкіх слупах, што заканчваўся аркадай з трохвугольным шчытом, дзе размяшчаліся гербы Ромераў і Сулістроўскіх. 

Дом быў накрыты гонтавым дахам, збоку ганка паставілі прасторную веранду, абнесеную невялікай балюстрадай. Аконныя рамы, дзверы, аркаду і шчыт, слупы ганка і веранду пафарбавалі ў белы. Знутры сядзібу не тынкавалі, сцены мелі колер старога дрэва, у пакоях знаходзілася шмат старасвецкай мэблі, сямейных рэліквій, печы для абагрэву памяшканняў былі зроблены з адмысловай глазураванай кафлі, а камін аздоблены арыгінальнай ляпнінай. 

Сядзібны дом у Каралінове

Сядзібны дом у Каралінове

Тут мастак правёў наступныя 10 гадоў, даў жыццё шэрагу прац і пачаў пісаць манаграфію аб вытворчасці слуцкіх паясоў. Паводле некаторых звестак, у гэты час аўтар таксама паўдзельнічаў у роспісе касцёла ў Камаях. Менавіта ў Каралінове Ромер зрабіў этнаграфічныя замалёўкі “Сялянская хата”, “Сялянская дзяўчына”, “Ля карчмы”, “Сялянскі двор”, “Мешчанін з Віленскай губерні”, “Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні”, “Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета”, “Вішнева. Двор. Від з фасада”, “Царква ў Камаях” і іншыя, якія цудоўна фіксавалі побыт мясцовага беларускага насельніцтва. 

Акрамя таго, Альфрэд Ромер захапляўся калекцыянаваннем старажытных рукапісаў і дакументаў, якія потым перадаў на захоўванне ў музеі Кракава. У гэты горад мастак і сам пераехаў у 1884 годзе, зрабіўшыся ўдзельнікам Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук і падрыхтаваўшы памятны даклад “Да гісторыі Віленскай школы прыгожых мастацтваў”, а таксама апублікаваўшы працу “Польскія паясы, іх фабрыкі і знакі”. 

Памёр мастак у Каралінове ў 1897 годзе. Дачка творцы Гелена Ромер была вядомая як журналістка і пісьменніца, займалася арганізацыяй школ і бібліятэк для сялянскіх дзяцей. Памяць пра жывапісца захоўваецца на Пастаўшчыне і сёння, яго іменем названы вуліцы ў Камаях ды Каралінове і Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў, а ў камайскім касцёле ўсталявана мемарыяльная шыльда ў гонар майстра. 

Род Ромераў таксама адметны тым, што ў ім з канца XVIII стагоддзя налічвалася некалькі пакаленняў мастакоў. Пачынальнікам дынастыі быў бацька Альфрэда, Эдуард Ян Ромер, які вучыўся ў прафесара жывапісу Віленскага ўніверсітэта Яна Рустэма. Мастакамі былі і дзеці Альфрэда Ромера — малодшага: Павел, Ганна і Алена. 

ЗАНЯПАД І НОВАЯ НАДЗЕЯ 

Сёння маёнтак Ромераў пакрысе ажывае. Плошча сядзібнага дома складае больш за 560 квадратных метраў, але яго першапачатковы інтэр’ер, на жаль, зусім не захаваўся. Затое на ганку ўсё яшчэ можна пабачыць аўтэнтычную кафлю ХІХ стагоддзя. Пасля нацыяналізацыі ў 1939-м, калі ў будынку размяшчаўся шпіталь, а пазней — школа, тут адбылася перапланіроўка. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што некалі налічвалася 14 пакояў на першым паверсе і тры — на другім. Трагічныя старонкі ў гісторыі маёнтка звязаны з гадамі нацысцкай акупацыі: гітлераўцы сагналі сюды мясцовых яўрэяў, каб неўзабаве знішчыць. А ў першыя пасляваенныя гады ў сядзібе жылі людзі з наваколля, чые дамы былі спалены падчас вайны. Побач з будынкам таксама засталіся маляўнічыя парк і сад плошчай больш за чатыры гектары. 

Чыстка калодзежа

Першаснай задачай для ўратавання гісторыка-культурнай каштоўнасці ад далейшага руйнавання быў вызначаны рамонт даху, каб захаваць будынак ад пашкоджанняў і размакання падчас дажджоў і снегападаў. Інжынеры даследавалі драўляныя канструкцыі і высветлілі, якія можна пакінуць, а якія патрабуюць замены. Каб атрымаць больш інфармацыі аб гісторыі і колішнім выглядзе маёнтка Ромераў, энтузіясты не толькі шукаюць архіўныя дакументы, але і збіраюць цікавыя вусныя сведчанні ў мясцовых жыхароў, імкнуцца далучаць людзей да агульнай справы аднаўлення колішняга культурнага асяродка Каралінова. У будучыні Канстанцін Хурс хацеў бы бачыць гэтае месца цэнтрам прыцягнення для беларускіх мастакоў і іншых творцаў — тут магла б з’явіцца галерэя, ладзіліся б пленэры. Памяць пра земляка-творцу на Пастаўшчыне яшчэ жывая — варта толькі абудзіць і зберагчы яе для наступных пакаленняў. 

Антон РУДАК