Ноч музеяў у Літаратурным музеі Петруся Броўкі

Апублiкавана: 13 мая 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

У гэтым годзе мы прысвячаем Ноч музеяў часу маладосці герояў нашай выставы “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..” – 1920-м гадам. Прапануем вам разам з намі акунуцца ў рытмы цікавай і неадназначнай эпохі, якая незваротна змяніла наш сусвет.

Прыходзьце 20 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2023: Рытмы” – вы дакладна запомніце гэты вечар! 

P.S. Асабліва калі паспрабуеце апрануцца ў стылі 1920-х. Разумеем, што гэта не так проста, але нават падабраўшы некаторыя элементы, вы ўжо зможаце стаць часткай атмасферы гэтай ночы – давайце ствараць яе разам!

 

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб’яднання” (Віктар Жыбуль, кандыдат філалагічных навук, архівіст).

Сярод беларускіх літаратурных згуртаванняў міжваеннага перыяду бадай самым загадкавым з’яўляецца ТАВІЗ. У адрозненне ад “Маладняка” і “Узвышша” яно мела нефармальны характар і, адпаведна, не прадугледжвала ні статуту, ні пратаколаў пасяджэнняў, ні іншай афіцыйнай дакументацыі, па якой можна было б, напрыклад, скласці храналогію яго дзейнасці або меркаваць пра яго эстэтычную праграму. Пакуль што ў справе даследавання аб’яднання ТАВІЗ больш загадак і гіпотэз, чым выяўленых, дакументальна пацверджаных фактаў, але з імі змог разабрацца Віктар Жыбуль, і гатовы распавесці вам пра прынцыпы і гісторыю легендарнай літаратурнай суполкі.

19:00 – Лекцыя “Трансфармацыя сямейна-шлюбных адносін у БССР у 1920-я гады” (Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар).

Сям’я – непарушная каштоўнасць нашага часу, інстытуцыя, якая займае лідзіруючае палажэнне ў жыцці сучаснага чалавека. Але ці заўсёды гэта было менавіта так? 1920-я гады былі эпохай вялікіх змен ва многіх жыццёвых сферах, не абмінуўшы і сямейныя каштоўнасці ў беларускім грамадстве. Адлюстраванне прыватных адносін вельмі цяжка знайсці ў гістарычных дакументах або на старонках перыядычных выданняў, але распавесці пра гэта зможа Аляксандр Гужалоўскі.

20:00 – Майстар-клас па факстроце ад танцавальна-спартыўнага клуба “Факстрот”.

Самы папулярны танец пачатка ХХ стагоддзя, які з’явіўся ў ЗША і хутка знайшоў прыхільнікаў у Еўропе. Рухі танца павінны быць “крокавымі” – нават перакладаецца назва літаральна “крок лісы”. І, нягледзячы на спрэчнае стаўленне да яго ў СССР, факстрот танчылі, і танчылі з захапленнем! Цікавіўся танцам і паэт Пятрусь Броўка. Выкладчыкі танцавальна-спартыўнага клуба “Факстрот” правядуць майстар-клас па легендарнаму танцу эпохі, таму дакладна прапануем падабраць характэрнае адзенне і “пахістацца” разам!

22:00 – “Люблю…” – тэатралізаваная чытка вершаў У. Маякоўскага.

Уладзімір Маякоўскі выступаў са сваімі вершамі сур’ёзна і амаль акадэмічна, з майстэрствам і магутнай прастатой. І прыхільнікі, і праціўнікі заміралі ва ўважлівай, напружанай цішыні. Зала з верху да нізу дыхала экстатычнай пакорлівасцю. Верш і жыццё складаліся для яго ў адно. 

У гэты вечар прапануем вам апынуцца на выступленні легенды савецкага авангарду і аднаго з любімых паэтаў Петруся Броўкі!

А ТАКСАМА:

Выстава “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”, прысвечаная сяброўству Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, майстар-клас па стварэнні бытавога плакату “Рэклам-каструктар”, інтэрактыўная праграма “Магічны салон” (варажба на картах Таро), настолка “Дэлегацкі з’езд”, а таксама музыка і кіно эпохі, перформансы, разыгранка “Квітка ўдачы” і многае іншае!

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).