Джульета ў кветках... калумбарыя

Апублiкавана: 19 мая 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўзяўся за Шэкспіра. Данііл Філіповіч, вядомы імкненнем да сучаснай тэатральнай эстэтыкі, паставіў “Рамэа і Джульету”. У гледачоў з’явілася цудоўная магчымасць не толькі нанова перажыць легендарную гісторыю кахання і смерці юных герояў, але і параўнаць цяперашняе сцэнічнае прачытанне з ранейшымі. 

Ды не адно з разнастайнымі кінаверсіямі ці мюзіклам “Вестсайдская гісторыя” (а ён, дарэчы, некалькі гадоў таму ішоў у нашым Музычным тэатры), але і з балетам Валянціна Елізар’ева ў мінскім Вялікім, са спектаклем Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Нават з магчымым працягам гісторыі, калі б закаханыя выжылі (мюзікл “Рамэа vs Джульета. ХХ гадамі пазней” у Музычным). Такія збегі бяспройгрышных назваў толькі на карысць кожнаму з тэатраў, бо падаграваюць цікавасць гледачоў і праз параўнанні, зробленыя гасцямі, выхоўваюць крытычнае мысленне, узгадоўваюць папраўдзе дасведчаную публіку. 

Спектакль пазначаны 12+, але разлічаны на тых, хто добра ведае п’есу. Справа не ў перакладзе на беларускую мову Ксеніі Даніленка (дарэчы, расійскія артысты Ганна Мешчаракова і Барыс Цяцёркін, якія цяпер працуюць у нас, добра спраўляюцца з маўленнем, ды ў тэксце часам праслізгваюць русізмы — магчыма, як намёк на трасянку). Справа— у купюрах. Ствараецца ўражанне, што рэжысёр так разышоўся ў камічна вырашанай першай дзеі, што быў вымушаны максімальна скарачаць сур’ёзна-трагічную другую: па-за ўвагай аказаліся вельмі важныя для псіхалогіі Джульеты (і ўвогуле для сюжэтнага развіцця) сцэны атрымання і прыняцця атруты, а Парыс (Алесь Кісялёў) паўстаў нейкім дзіваком. 

У спектаклі ўдзельнічаюць першакурснікі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзе пачаў выкладаць Д. Філіповіч. І граюць вельмі паспяхова! Юнакі і дзяўчаты — па-акцёрску адораныя, пластычныя, з шалёнай энергетыкай і запалам у вачах. У іх масавых сцэнах, напоўненых крыкам-гвалтам-бойкамі (харэограф — Вадзім Дубовік), адчуваецца выдатная эцюдная работа. Але такі эцюдны метад распаўсюджваецца амаль на ўвесь спектакль, засланяючы драматургічную архітэктоніку буйной формы. 

Перанясеннем дзеяння ў іншыя час і прастору сёння нікога не здзівіш. У колішнім брэсцкім спектаклі Цімафея Ільеўскага сюжэт разгортваўся на кухні, дзе шаткавалася капуста і качаны нагадвалі галовы. У літоўскай пастаноўцы Оскараса Каршуноваса, што неаднойчы паказвалася ў Мінску, варагавалі дзве пякарні: раскачвалася цеста і сыпалася мука. Цяперашні спектакль — таксама пра сямейны бізнес, толькі кветкавы. Сучаснасць? Але сцэнаграфічнае рашэнне, дэталі касцюмаў (ложак, канапа, шыфаньер, алюмініевы ды эмаліраваны посуд, мётлы, ватоўкі ў дворнікаў, белыя шкарпэткі з сукенкамі а-ля 1950-я ў дзяўчат) вядуць у больш далёкія савецкія часы, калі падобнага прыватнага продажу не было. А старадаўняя шафа і самавар — нават у ХІХ стагоддзе. Па-цяперашняму элітнай з’яўляецца хіба ванна, пазычаная з колішняга “Рэвізора”, якая становіцца магілай-дамавінай для Джульеты. Не забыты і спасылкі на ўмоўнасць, што асацыіруюцца з тэатрам абсурду (самавар вісіць над ракавінай замест вясковага рукамыйніка, героі праходзяць скрозь лядоўню ці шафу). Усё гэта падкрэслівае пазачасавы характар сюжэтных калізій, магчымасць іх разгортвання ў любую эпоху. 

Ды галоўны сімвалічны сэнс закладзены ў такія простыя побытавыя рэчы, зробленыя цалкам рэалістычна, як... неафарбаваныя драўляныя зэдлікі (мастак-пастаноўшчык — Аляксандр Камянец). Іх вельмі многа, і выкарыстоўваюцца яны не толькі па прамым прызначэнні. Перагорнутыя бокам і размешчаныя адзін на адным услончыкі ўтвараюць калумбарый з нішамі-ячэйкамі, шчодра ўпрыгожанымі кветкамі. А з вялікіх кардонных скрынь выбудоўваецца штосьці падобнае да фартэцыі ці старадаўняй гарадской сцяны. 

Кампазітар Андрэй Цалко падрыхтаваў для спектакля пранізліва тонкі гукапіс, што асацыіруецца з няўлоўнымі рухамі душы. Цудоўная фінальная кампазіцыя ўвогуле годная музыкі Малера ці знакамітага Адажыа Барбера. А на іншым полюсе — прапанаваны рэжысёрам жудасны блатны шансон “Была адна любоў, цяпер другая”. Песня ў заўзятым студэнцкім выкананні атачае дзею пад балконам (праўда, закаханыя сядзяць на ложку і канапцы, мяняючыся месцамі, а другі паверх — так званы балкон — займае хор ці то дворнікаў, ці то асуджаных). 

Ёсць і іншыя постмадэрнісцкія “прыколы”. Герцаг (Генадзь Аўсяннікаў) чытае навіны пра караля Ліра, Гамлета, Петруча з Катарынай — маўляў, многа шуму з анічога. Тыбальт (Сяргей Бірульчык), апрануты ў чорную накідку з чырвонай падкладкай, выступае ў ролі д’ябла. Ліхтары-пражэктары нагадваюць турэмную зону. Паралельнае дзеянне, у якім чаргуюцца фрагменты розных сцэн п’есы, узнікае праз прыём кінамантажу. А завяршаецца пастаноўка ў замагільным свеце. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ