Каб роднае карэнне не згніло

Сёлета споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. У юбілейную дату дарэчы будзе абмеркаваць ушанаванне памяці пісьменніка. Яго імем названы вуліцы, ён увекавечаны помнікам у цэнтры Мінска ды мемарыяльнымі дошкамі ў Беларусі і за мяжой. Ці належная ўвага нададзена класіку ў музейнай галіне?

На малой радзіме творцы ўжо трыццаць гадоў працуе Літаратурны музей Максіма Гарэцкага, які з’яўляецца філіялам Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея. У 2017-м шырока абмяркоўвалася прапанова перанесці дом з Багацькаўкі ў райцэнтр. У вёсачцы амаль не засталося жыхароў, а лагістычныя праблемы адбіліся на наведвальнасці. Шмат хто з адмыслоўцаў выступіў супраць пераносу адноўленай хаты пісьменніка ў Мсціслаў. Маўляў, такі адрыў ад гістарычнага і прыроднага асяроддзя не пойдзе на карысць. У выніку музей захавалі на ранейшым месцы. Экспазіцыя рэгулярна папаўняецца прадметамі этнаграфіі. А вось асабістых рэчаў Максіма Гарэцкага і ягоных сваякоў у фондах няма. Пэўна, гэты фактар таксама ўплывае на папулярнасць музея сярод турыстаў. Яшчэ ў 2017 годзе на круглым стале па мемарыялізацыі літаратурных мясцін дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава Віктар Анненкаў зазначыў: “Што мы маем у Багацькаўцы? Наваробны зруб хаты, збудаваны на пачатку 90-х гадоў, і набор тыпалагічных рэчаў. Ці ёсць хоць адзін мемарыяльны прадмет, які адносіцца да Гарэцкіх? Чым прыцягнуць наведвальніка?.. Літаратурны музей сваіх рэчаў з калекцыі не дасць, таму што няма ўмоў для захоўвання. А на лічбавыя копіі наведвальнікаў туды не зацягнуць”. 

ДАПОЎНІЦЬ ЗАЛАТОЕ КОЛЬЦА 

Ці паедзе хто з жыхароў сталіцы за 300 кіламетраў, каб пабачыць адну толькі хатку-музей? Пэўна, у такое падарожжа выправяцца лічаныя прыхільнікі літаратара, самыя заўзятыя. Што казаць пра людзей з яшчэ больш аддаленых мясцін... Лагічна дапоўніць маршрут іншымі аб’ектамі, каб апраўдаць доўгі затратны шлях. І цікавых пунктаў у Мсціславе ды раёне нямала: Замкавая гара, комплекс езуіцкага калегіума, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармелітаў, Пустынскі Успенскі мужчынскі манастыр, рэшткі Свята-Ануфрыеўскага мужчынскага манастыра. 

Але без уласнага аўтамабіля наўрад ці атрымаецца вандроўка па гэтым залатым кольцы. Цягнікі, маршруткі, прыгарадныя аўтобусы… Паспрабаваў скласці лагістычны пазл “Мінск — Мсціслаўшчына — Мінск” і зразумеў, што застаецца толькі падарожнічаць аўтаспынам. 

Не першы год адмыслоўцы кажуць: Багацькаўку варта ўключыць у турыстычныя маршруты для арганізаваных груп. Прапанову чамусьці ігнаруюць. Ні мінскія, ні магілёўскія, ні віцебскія фірмы не завозяць кліентаў на малую радзіму пісьменніка, калі скіроўваюць аўтобусы ў мсціслаўскі край. Ды што прыватныя кампаніі — ніводная экскурсійная праграма з апублікаваных на сайце Мсціслаўскага райвыканкама не прадугледжвае наведванне Багацькаўкі. 

ЛІТАРАТУРНА-ГІСТАРЫЧНЫ ТУР 

Сам сабой напрошваецца адмысловы маршрут па мясцінах Гарэцкага. Немагчыма ўявіць такую вандроўку без прыпынку ў Горках. Праз гэты населены пункт жыццёвы шлях пісьменніка праходзіў двойчы. Першы раз — вучоба ў Горы-Горацкім каморніцка-арганамічным вучылішчы (1908—1913 гады). Менавіта ў той час пачалося фарміраванне Гарэцкага як мастака слова. У лютым 1926-га творца вярнуўся ў мястэчка свайго юнацтва. Другі прыезд ужо вядомага пісьменніка і мовазнаўца звязаны з працай на кафедры беларусазнаўства, дзе ён займаў пасаду дацэнта, пазней загадчыка. У гэты перыяд асобнымі выданнямі выйшлі кнігі “Досвіткі”, “Ціхія песні”, “У чым яго крыўда”, “Жартаўлівы Пісарэвіч” і іншыя. 

Па ўспамінах дырэктара акадэмічнай бібліятэкі Дзям’яна Новікава, Гарэцкі часта завітваў у чытальню і браў шмат кніг дадому, з ахвотай выступаў на літаратурных вечарах і канферэнцыях. Папрацаваўшы, любіў выйсці на шпацыр па ліпавай алеі на горцы Парнас. 

У Горках турысты маглі б і тую бібліятэку наведаць, і агледзець гістарычныя будынкі навучальнай установы (яны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей), і прагуляцца па батанічным садзе, закладзеным яшчэ ў ХІХ стагоддзі. 

У сельскагаспадарчай акадэміі, як расказала дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін Таццяна Скікевіч, памяць літаратара ўшанаваная мемарыяльнай дошкай на 4-м корпусе навучальнай установы, у гэтым жа будынку адкрыты музей-кабінет імя Максіма Гарэцкага. Па словах Таццяны Іванаўны, штогод там праводзяцца экскурсіі са студэнтамі акадэміі і вучнямі школ, вечарыны, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка. Яшчэ адна цікавінка для турыстычнага маршруту. 

Дарэчы ўключыць у праграму экскурсіі і наведванне былой мужчынскай гімназіі ў Мсціславе. У гэтым будынку Максім Гарэцкі разам з Якубам Коласам вёў курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў. 

АЖЫВІЦЬ ВЁСКУ ХАЦЯ Б НА ДЗЕНЬ 

Не варта забывацца і на магчымасці падзейнага турызму. Да прыкладу, філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў рэгіёнах маюць свае брэндавыя імпрэзы. Штогод у сядзібе Міцкевічаў на баранавіцкай зямлі праходзіць літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”, у сядзібе Францішка Багушэвіча на Смаргоншчыне — “Кушлянскі фэст”, у былым фальварку Ракуцёўшчына ў Маладзечанскім раёне — свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета” ў гонар Максіма Багдановіча. І гэтыя зацішныя куточкі разварушваюцца: музычныя выступленні, паэтычныя чытанні, квэсты, майстар-класы, гульні, пачастункі. Немалаважна, што музей арганізуе трансфер са сталіцы ў філіялы, і патэнцыйнаму наведвальніку не даводзіцца ламаць галаву, як дабрацца на свята. 

Пэўна, не перашкодзіла б заснаваць адметны штогадовы фэст і на малой радзіме Максіма Гарэцкага. Нехта аспрэчыць прапанову, маўляў, ніхто не паедзе, праект ніколі не акупіцца. Скептыкам варта вывучыць вопыт арганізацыі фестывалю SPRAVA. Праходзіць ён у маланаселенай вёсцы Белая Царква прыкладна за 160 кіламетраў ад сталіцы. Насычаная культурная праграма, прадуманая білетная палітыка, якаснае прасоўванне ў сацыяльных сетках, магчымасць спыніцца ў кемпінгу — і публіка гатовая расхопліваць квіткі (арганізатарам давялося нават пускаць у продаж дзве сотні дадатковых) і ехаць у любыя далі. Дый мсціслаўскія культработнікі маюць годны досвед: з 2007 года ў райцэнтры праходзіць “Рыцарскі фэст”. 

Успомнім, што Максім Гарэцкі праявіў сябе ў тым ліку як фалькларыст. Ён склаў інструкцыю па збіранні вуснай народнай творчасці, а пазней разам з кампазітарамі Аляксандрам Ягоравым і Мікалаем Аладавым выдаў кнігу з больш чым 300 народнымі песнямі, запісанымі ад маці. Выкананне гэтых твораў у родным куце пісьменніка магло б стаць цудоўнай разыначкай фэсту ў Багацькаўцы. Лекцыі, мастацкія пленэры, кінапрагляды (у 2013 годзе “Беларусьфільм” выпусціў фільм паводле апавядання “Рускі”) — заўсёды можна сумясціць адпачынак у глыбінцы з атрыманнем ведаў і калектыўнай творчасцю. 

ЦІ ЗНОЙДЗЕЦЦА КУТОК ДЛЯ ЗЕМЛЯКА? 

Згаданы раней будынак былой мужчынскай гімназіі ў Мсціславе доўгі час стаяў пакінуты, і раённая ўлада вырашыла надаць яму новае жыццё. Мяркуецца, што ў 2024/2025 годзе пачнецца аднаўленне помніка архітэктуры з прыстасаваннем пад шматфункцыянальны культурнаадукацыйны цэнтр. Паводле праекта, у будынку размесцяцца дзве гарадскія бібліятэкі, памяшканні для гурткоў, канферэнц-зала і гісторыка-археалагічны музей. Пераезд дазволіць пашырыць экспазіцыю. Здаецца, ёсць шанц арганізаваць годную прастору для пастаяннай дэманстрацыі арыгінальных прадметаў і дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Гарэцкага, для папулярызацыі яго спадчыны з дапамогай сучасных тэхналогій. Дырэктар Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея Людміла Кірыенка паведаміла: “Асобнай экспазіцыі, прысвечанай М.І. Гарэцкаму, не плануецца ў сувязі з наяўнасцю філіяла «Літаратурны музей імя М. Гарэцкага», але ў экспазіцыі музея будзе размешчаны інфармацыйны стэнд, прысвечаны жыццёваму шляху і літаратурнай дзейнасці нашага знакамітага земляка”. 

Газета "Культура" №18 ад 6 мая.

Данііл ШЭЙКА