Досвед лепшых

Па выніках працы ў 2022 годзе на рэспубліканскую Дошку гонару на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску занесены 64 найлепшыя працоўныя калектывы краіны. У сферы культуры гэта адмыслоўцы Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўнікі гэтых устаноў культуры пракаментавалі высокія дасягненні і расказалі, дзякуючы чаму здолелі дамагчыся поспеху. 

Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк перш-наперш адзначыў, што ўстанова занесена на рэспубліканскую Дошку гонару другі раз запар. 

— Усе планы, якія мы перад сабой апошнія два гады ставілі, паспяхова выкананы. За гэты час у нас было каля мільёна наведвальнікаў. Толькі летась мы прынялі больш за 10 тысяч арганізаваных экскурсійных груп. Паспяхова выконваюцца намечаныя работы па добраўпарадкаванні комплексу. У гэтым нам рэгулярна дапамагаюць працоўныя калектывы, студэнты, моладзь БРСМ горада Брэста. Патрыятычнае выхаванне на прыкладзе абаронцаў крэпасці мае асаблівае значэнне. Штогод у нас праходзяць сотні мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць фарміраванню сапраўдных патрыётаў, дастойных грамадзян нашай краіны. 

Рыгор Рыгоравіч паведаміў, што ўжо прынятае рашэнне аб будаўніцтве на Кобрынскім умацаванні крэпасці Рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра. Гэта будзе знакавае месца і для калектыву комплексу, і для моладзі ўсёй краіны. Менавіта на Кобрынскім умацаванні адбываецца 22 чэрвеня шырока вядомая рэканструкцыя. Яна прымеркаваная да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, пачынаецца а чацвёртай гадзіне раніцы. 

Выконваць і перавыконваць устаноўленыя паказчыкі развіцця — задача няпростая. Асабліва калі казаць пра зводны паказчык — колькасць наведванняў на 1 тысячу насельніцтва. Работнікі комплексу паспяхова з гэтым спраўляюцца дзякуючы супрацоўніцтву з турыстычнымі фірмамі ды навучальнымі ўстановамі. Спрыяе і дзяржаўная палітыка. Мінулы год быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці, бягучы — Годам міру і стварэння. 

Сёлета за першы квартал крэпасць наведала болей за 50 тысяч чалавек. На канец красавіка — каля 80 тысяч (колькасць нарастае). Рыгор Бысюк нагадаў, што 8—9 мая мінулага года, калі быў бясплатны ўваход, комплекс наведала за два дні каля 80 тысяч чалавек. 

— Гэта была суцэльная плынь, — заўважыў дырэктар. — Нашым людзям было цяжка працаваць. Але людзі да нас ідуць. На такія аб’екты, як наш, Хатынь ды іншыя знакавыя месцы нашай краіны не павінна зарастаць народная сцежка. 

Таксама ён адзначыў, што за веліччу подзвігу абаронцаў крэпасці не застаецца ўбаку і тысячагадовая гісторыя старажытнага Брэста, прадстаўленая ў музейна-археалагічным комплексе “Бярэсце”. Старажытная і сучасная гісторыі звязаныя ў агульнай прасторы. Таму філіял абласнога археалагічнага музея — адзін з самых наведвальных аб’ектаў. Цешыць, што гарадскія ўлады апошнім часам пачалі надаваць шмат увагі добраўпарадкаванню тэрыторыі археалагічнага комплексу. 

— Занясенне на Дошку гонару для нашага калектыву — яшчэ адзін стымул працаваць лепш, выконваць планы і даносіць моладзі, наколькі важна любіць сваю краіну і быць яе патрыётам, — сказаў Рыгор Бысюк. 

Уладзімір Варапаеў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў асаблівую ролю сваёй установы ў патрыятычным выхаванні. 

— Наш музей — першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — падкрэсліў ён. — Рашэнне аб яго стварэнні было прынятае ў 1943 годзе. А экспазіцыя пачала фарміравацца яшчэ раней. Экспанаты проста з фронту адпраўлялі ў Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая была ў эвакуацыі ў Маскве. Фактычна можна казаць пра тое, што нашая гісторыя вядзе адлік з выставы “Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”, адкрытай у Маскве ў лістападзе 1942-га. 

Наша музейная пляцоўка — адна з самых наведвальных у Беларусі. У 2022 годзе мы прынялі больш за 350 тысяч наведвальнікаў. Сярод іх было шмат гасцей з блізкага і далёкага замежжа. 

Уладзімір Варапаеў падкрэсліў, што калектыў музея праводзіць вялікую працу па данясенні да маладога пакалення гістарычнай праў- ды аб вайне. З гэтай мэтай ладзяцца экскурсіі, выставы, музычныя і літаратурныя вечарыны, квэсты, выязныя мерапрыемствы, кінапаказы. Усё часцей тут бачаць моладзь. Таму навуковыя супрацоўнікі ствараюць адмысловыя інтэрактыўныя тэматычныя праграмы з выкарыстаннем элементаў рэканструкцыі і новых тэхналогій. Гэта садзейнічае глыбокаму эмацыянальнаму ўспрыманню, знаёміць маладых наведвальнікаў з гісторыяй і падзеямі вайны. 

Па словах Уладзіміра Варапаева, сёлета музей ладзіць шмат цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, тыдзень таму адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Слова пра героя”, прысвечанай 89-й гадавіне заснавання звання Героя Савецкага Саюза і прымеркаванай да 9 Мая. Яна створана на аснове фондавых матэрыялаў музея (фатаграфій, дакументаў, асабістых рэчаў), якія суправаджаюцца вершамі расійскага паэта Мікалая Басава, прысвечанымі канкрэтным героям Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны звязаныя з беларускай зямлёй. 

Вечарам 5 мая адбылася прэм’ерная літаратурна-музычная вечарына “Жывое дыханне памяці”. Супрацоўнікі музея правялі наведвальнікаў па экспазіцыі, цытуючы арыгінальныя гістарычныя дакументы ваеннага часу і ствараючы адмысловую тэатралізаваную атмасферу. Ім дапамагалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі. 

Напярэдадні Дня Перамогі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўрачыста адкрылі часовую экспазіцыю “Савецкая ваенная форма і знакі адрознення 1920—1950-я гг.)”. Яе аснову складае частка з асабістай калекцыі Станіслава Іванавіча Ускова, які збірае прадметы ўніформы СССР больш за 15 гадоў. Першымі наведвальнікамі сталі курсанты Акадэміі МУС, Інстытута пагранічнай службы, Ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ, а таксама члены патрыятычнага клуба “Будзем памятаць”. 

Уладзімір Варапаеў запэўніў, што калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і надалей будзе беззаганна выконваць сваю высакародную місію — захоўваць гістарычную памяць аб цяжкіх выпрабаваннях і гераізме нашага народа. 

Газета "Культура" №19 ад 13 мая.

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара