Гістарычная палітыка: культурныя акцэнты

Апублiкавана: 21 мая 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Міністэрства культуры ажыццяўляе сістэму мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Аб гэтым заявіў Анатолій Маркевіч падчас выступлення на Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы. 

Па словах Анатолія Мечыслававіча, Міністэрства культуры, мясцовыя органы ўлады і ўстановы галіны праводзяць сістэму мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Асаблівая ўвага надаецца перыяду зараджэння нашай дзяржаўнасці, з’яўленню БССР, барацьбе за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Заходняй і Усходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайне, а таксама заснаванню суверэннай Рэспублікі Беларусь. 

Задачай агульнанацыянальнага значэння міністр назваў аднаўленне першапачатковага аблічча Спаса-Праабражэнскай царквы ў горадзе Полацку — сімвала ўзнікнення дзяржаўнасці на беларускіх землях. 

Прадметам глыбокага асэнсавання сталі падзеі, звязаныя з уз’яднаннем Заходняй і Усходняй Беларусі. Так, ва ўсіх музеях праходзяць выставы, прысвечаныя вызваленчай барацьбе супраць польскай акупацыі. Пастаянная экспазіцыя, што распавядае пра канцлагер у Бярозе-Картузскай, створана ў Бярозе. Па замове Міністэрства культуры тэлеканал “АНТ” зняў дакументальныя фільмы “Рана на целе Беларусі” і “Тры дні свабоды”, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” — тэлесерыял “Полымя пад попелам”. Сёлета 17 верасня адбудзецца прэм’ера стужкі “На другім беразе”. Аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцючэнкі стварае скульптурную кампазіцыю “Беларусь — адзіная” на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. 

Анатолій Маркевіч таксама адзначыў, што ўстановы культуры вядуць сістэмную работу па захаванні гістарычнай праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Арганізаваны новыя экспазіцыі ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе “Хатынь” і Музеі Канстанціна Заслонава ў Оршы. У цесным узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай праведзена больш за 3500 мерапрыемстваў па тэме генацыду беларускага народа, якія наведала звыш 170 тыс. чалавек. 

З мінулага года ў школьнікаў ёсць права раз на месяц бясплатна бываць у любым музеі краіны. За 2022-і гэтую магчымасць скарыстала больш за 80 тыс. дзяцей і падлеткаў. Ужо два гады запар наведванне музеяў 9 мая з’яўляецца бясплатным для ўсіх грамадзян. Сёлета ў свята Перамогі ў рэспубліканскія музеі завітала амаль 152 тыс. чалавек, што ў 8,5 раза перавысіла колькасць гасцей у звычайны дзень. 

Акрамя таго, у 2023-м заснаваны новы рэспубліканскі фестываль “Перамога”, у якім удзельнічалі тэатры Брэста, Пінска, Гродна, Гомеля, Бабруйска і Мінска. Яшчэ аб’яўлены конкурс п’ес пра пар- тызанаў і падпольшчыкаў. 

Шырокі грамадскі рэзананс выклікалі патрыятычныя форумы “Сімвал адзінства” і “Гэта наша гісторыя” да Дня народнага адзінства, канцэртныя праграмы да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Таксама Міністэрства культуры падтрымала студэнцкі праект БДУКМ “На гэтай плошчы гісторыя мая...” пра герояў мінскага падполля. Плануецца зрабіць падзею штогадовай і праводзіць яе ў розных рэгіёнах краіны. 

На завяршэнне выступлення Анатолій Маркевіч унёс прапановы па фарміраванні электроннай базы дадзеных аб нацыянальных героях, якая магла б служыць асновай для распрацоўкі сюжэтаў твораў мастацтва, і аб вызначэнні месца ўзвядзення новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі з маштабнай сучаснай экспазіцыяй, што адлюструе ўсе перыяды айчыннай мінуўшчыны.