Аляксандр Сасноўскі: “Маё крэда – пастаянства”

Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы сёлета святкуе трыццацігоддзе. І чвэрць стагоддзя ім кіруе дырыжор Аляксандр Сасноўскі. Яго крэда — пастаянства, вернасць справе. Менавіта гэтыя якасці даюць найлепшы вынік, лічыць наш суразмоўца.

— Аляксандр Пятровіч, трыццаць гадоў — шмат ці мала? 

— Гэта быццам бы невялікі прамежак часу. Але для такога творчага арганізма, як сімфанічны аркестр, — значны тэрмін. Бо наша праца — найскладанейшая форма сумеснага музіцыравання. Пройдзены шлях у асэнсаванні, станаўленні, засваенні сусветнага класічнага рэпертуару. Праведзеная вялікая работа. Адпрацавана шмат папулярнай класічнай музыкі. Гралі і Шастаковіча, і Стравінскага. Плюс вялікі пласт аперэты. Выступалі акампаніятарамі, памагатымі выбітных вакалістаў. Вакальны рэпертуар намі засвоены вельмі прыстойна. І мы разумеем, што знаходзімся на правільным шляху. І доказ таму — аншлагі. Калі глядач да нас ідзе, значыць, мы ўсё робім правільна. А цікавасць і ўвага гледача — гэта вялікі стымул. І ведаеце, што цяпер адбываецца ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы? Мы не толькі ў маштабах Беларусі, але ўсёй СНД адзіны драматычны тэатр, у сценах якога паўнавартасна працуе сімфанічны аркестр. Гэта атрымалася воляй лёсу, выпадкова. Але ўжо ніводны дырэктар, цяперашні ці будучы, не захоча з гэтым багаццем расстацца. 

— Кіраўніцтва не лічыць аркестр абузай? 

— Цяперашняе кіраўніцтва — маладое і таленавітае, гендырэктар Ганна Уладзіміраўна Сянькавец актыўна прыцягвае нас да праектаў. Раней мы фрагментарна ўдзельнічалі ў працэсе, а цяпер працуем вельмі шчыльна. Удзельнічалі ў афіцэрскім балі, мерапрыемствах да Міжнароднага дня тэатра і гэтак далей. Ужо ёсць сумесныя напрацоўкі з акцёрамі тэатра, гэта правільны шлях. 

"Маё крэда — пастаянства ў тым, што я займаюся сваёй справай. Справай, патрэбнай людзям".

Наш аркестр — жывы творчы арганізм, які актыўна і хутка развіваецца. У рэпертуары калектыву больш за 300 твораў розных аўтараў. У складзе аркестра 56 найлепшых музыкантаў Брэста — людзей творчых, па-сапраўднаму ўлюбёных у музыку. Наша канцэртная афіша незвычайна шматаблічная. У праграмах апошніх гадоў прадстаўлены шэдэўры айчыннай і замежнай музыкі: “Паненка і хуліган” Д. Шастаковіча, “Арлезіянка” Ж. Бізэ, “Рапсодыя ў стылі блюз” Дж. Гершвіна, “Балеро” М. Равеля, творы А. Барадзіна, П. Чайкоўскага, М. Мусаргскага і многіх іншых кампазітараў. 

— Сімфанічны аркестр — шырока распаўсюджаная з’ява ў Беларусі? 

— Не. Ёсць у Віцебску і Гомелі, дзе, дарэчы, з 2014 года працуе мой вучань, галоўны дырыжор Мурад Асуіл. А ў Магілёве і Гродне — капэлы. У брэсцкага аркестра даўнія традыцыі, ён поўнасцю ўкамплектаваны. І ў гэтым перавага. Да таго ж я доўгі час тут працую — сталасць ды стабільнасць дае вынік. А калі мяняюцца кіраўнікі, ідзе нейкая кадравая чахарда, шкодна для справы. 

— Якія прыярытэты сёння ў Сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы? 

— Каб прыцягваць публіку, мы пастаянна аднаўляем рэпертуар, імкнёмся не паўтарацца. Нацэленыя на тое, каб быць цікавымі моладзі. Бо музыка выхоўвае, прымушае думаць, перажываць, любіць. Вось у канцы гэтага месяца рыхтуемся прадставіць вялікі канцэрт памяці кампазітара Арно Бабаджаняна.

— Ваша праца з моладдзю звязана не толькі з аркестрам… 

— Так, я шмат увагі надаю педагагічнай дзейнасці. На пачатку красавіка мая вучаніца Валерыя Курловіч заваявала дыплом Лаўрэата І ступені прэстыжнага конкурсу Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Яна стала найлепшай у намінацыя “Дырыжыраванне аркестрам духавых інструментаў” сярод студэнтаў вышэйшых прафесійных навучальных устаноў Расіі. Трэба адзначыць, што гэта вельмі таленавітая дзяўчына. Цяпер яна студэнтка чацвёртага курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прычым яе асноўная спецыяльнасць — віяланчэль. Дырыжыраваннем мы з ёй займаемся факультатыўна. 

"Трэба працаваць і творчасцю даказваць, што жыццё цудоўнае. Кожны павінен займацца сваёй справай. Каб рэалізаваць сябе, трэба ў першую чаргу быць прафесіяналам, майстрам сваёй справы".

— Ці ўплываюць на вас падзеі, так бы мовіць, у краіне і ў свеце? 

— Час цяпер неспакойны. І чалавек мастацтва нікуды не схаваецца. Усё навідавоку. Я ў аркестры працую 25 гадоў, у Акадэміі музыкі — 38. Маё крэда — пастаянства ў тым, што я займаюся сваёй справай. Справай, патрэбнай людзям. 

Я лічу і заўсёды лічыў, што трэба працаваць і творчасцю даказваць, што жыццё цудоўнае. Кожны павінен займацца сваёй справай. Мітусяцца, паддаюцца на правакацыі нейкія тыя, хто не можа сябе рэалізаваць. А каб рэалізаваць сябе, трэба ў першую чаргу быць спецыялістам, майстрам сваёй справы. Сапраўдным прафесіяналам… 

Газета "Культура" №19 ад 13 мая.

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота: БЕЛТА