Тэатральнае пасланне ў будучыню

16 мая завяршыўся Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога”. Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі ўсе восем тэатраў, што паказалі свае спектаклі. Пераможцаў не вылучалі, і ў гэтым быў свой разлік. Бо для кожнага творчага калектыву зварот да ваеннай тэмы быў афарбаваны шчырымі пачуццямі, балючымі ранамі: цяжка знайсці сям’ю, якая б не пацярпела ў тыя часы.

Але як адлюстроўваць тыя падзеі сёння? Менавіта на тэатральнай мове, дзе магчыма ўсё: і гіперрэалізм, і дакументальнасць — і асацыятыўнасць, неверагодны сінтэз мастацтваў. Сэнс фестывалю, на маю думку, бачыўся найперш у гэтым. Бо патрыятычнае выхаванне моладзі (а ў глядзельных залах форуму пераважвалі школьна-студэнцкія культпаходы) вядзецца не адно наведваннем спектакляў-фільмаў-выставак і стала ўжо даўно распрацаваным пунктам усіх адукацыйных устаноў. 

З трох розных, але даволі блізкіх адно да аднаго ўвасабленняў п’есы Аляксея Дударава “Не пакідай мяне” арганізатары абралі версію Аляксандра Козака ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Яна ў большай меры, чым іншыя, дае выхад за межы традыцыйнага асвятлення ваеннай гісторыі, у ёй адчуваецца імкненне выйсці на ўзровень сімволікі— і праз масток, што становіцца сыходам у небыццё, і праз выкшталцона пастаўлены “Танец агню” з веерамі, і праз уніфікаваную вайсковую форму зусім не тых часоў, і праз фінал з дзяўчатамі-зданямі і пераапрананнемсмерцю іх камандзіра. 

Спектакль "Пайсці і не вярнуцца" (Гомель), фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

Спектакль "Пайсці і не вярнуцца" (Гомель), фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

Раптам узнікла думка: чаму ўсе тэатры ставяць сёння менавіта гэту п’есу драматурга, а не, да прыкладу, яго ж “Радавых”? У 1980-х яны ішлі літаральна па ўсім былым Саюзе, у памяці жывуць легендарныя спектаклі Валерыя Раеўскага, Георгія Таўстаногава. Днямі даведалася, што да 22 чэрвеня “Радавыя” нанова з’явяцца ў Ёшкар-Але, у Акадэмічным рускім тэатры драмы імя Георгія Канстанцінава: ён ставіў іх тут у 1982 - м, узгадваючы свае франтавыя дарогі, а сёння сваю версію рыхтуе Іван Немцаў, вырашыўшы нават часткова скарыстаць беларускую мову. Што ні кажыце, а ў “Радавых” закранута безліч набалелых пытанняў, што і дагэтуль не атрымалі адказу, — гэтак жа, як і ў рамане Барыса Васільева “У спісах не значыўся”, да якога (разам з аднайменнай п’есай і інсцэніроўкай) звярнуўся Дзмітрый Нуянзін, нядаўна прызначаны галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.  

Спектакль вырашаны ў традыцыйнай манеры, але ў ім, што вельмі важна для сучаснай моладзі, захаваны многія балючыя рэаліі першых дзён вайны. Гэтая пастаноўка вымушае над многім задумацца. 

Менавіта на гэтае — задумацца, прымерыць на сябе— была скіраваная ўся ваенная проза Васіля Быкава. У праграме фестывалю аказаліся адразу чатыры спектаклі паводле яго твораў. Прычым два з іх — паводле “Альпійскай балады”. Але пра штосьці задумацца атрымалася не на ўсіх праглядах. Спектакль ТЮГа “Альпы. Сорак першы” пабудаваны на музычнатанцавальных нумарах, якімі прашыта ўсё дзеянне. Ад разважанняў Быкава нічога не засталося — хіба абрысы сюжэта. 

Супярэчлівае ўражанне пакінуў і спектакль “Пайсці і не вярнуцца”, пастаўлены ў Гомельскім абласным драматычным тэатры заслужаным артыстам Расіі Валянцінам Варэцкім. Гэтая аповесць шмат разоў экранізавалася, былі і разнастайныя тэатральныя пастаноўкі — нават камерныя, разлічаныя на дваіх артыстаў: і ў Брэсце ў прачытанні рэжысёра Валянціны Янавец, і як студэнцкі праект нашай Акадэміі мастацтваў, што аб’ездзіў некалькі фестываляў, уключаючы расійскія. Цяперашні гомельскі варыянт — густанаселены. Масавыя сцэны ў ім зацьмяваюць складаны быкаўскі псіхалагізм. Не самай удалай уяўляецца і інсцэніроўка. Антон (Дзмітрый Байкоў) з самага пачатку паўстае чалавекам з чарвяточынкай, Зоська (Віталія Цішкова) — адданай, нязломнай гераіняй. З-за такога чорнабелага раскладу цалкам знікае праблема выбару, якой прысвечаны ледзь не ўсе творы нашага пісьменніка-класіка. На першы план выходзяць працяглыя музычна-харэаграфічныя кампазіцыі-паэмы. Цікавыя самі па сабе, часам даволі арыгінальныя на задуме і ўвасабленні, яны надаюць спектаклю рысы эпічнасці, перагукаюцца з фальклорна-абрадавымі дзеяннямі, чаму спрыяюць таксама запісы “Песняроў”. Але настолькі затушоўваюць фінал, што той губляе сэнс. Спрэчным уяўляецца і выкарыстанне знакамітага “Лібертанга” П’яцолы: спачатку яно суправаджае фашыстаў, потым — партызанаў. Можа, своеасаблівы лейматыў трывогі? 

Спектакль "Альпійская балада" (Мінск), фота тэатра

Спектакль "Альпійская балада" (Мінск), фота тэатра

З жанрам прыпавесці, якім пазначаны спектакль, добра стасуецца сцэнаграфія Таццяны Стысінай — простая і сімвалічная. Высачэзныя, ледзь не да каласнікоў, дошкі з перакладзінамі — гэта і пустыя дрэвы без лісця, і крыжы, і магілы невядомых салдатаў у лесе, і часткі разбуранай хаты, нават шыбеніцы, хіба без петляў. А кусты з чырванню каліны — гэта і каханне (пад песню “Явар і каліна” Юрыя Семянякі), і кроплі крыві. Падзел подыуму на дзве часткі ўтварае разору. Тая становіцца і палонкай, і ракой, дапамагае паверыць, што героі ідуць па сумётах. Нарэшце, сімвалізуе непераадольную прорву між героямі. І гаворыць больш, чым астатнія складнікі. 

Акрамя цэнтральных, спектакль вабіць выдатна распрацаванымі ролямі другога плану. Артысты выходзяць і ў масоўцы, і “сольна-ансамблева”. Той жа Сяргей Лагуценка за лічаныя хвіліны паспявае выкласці не толькі характар, але і ўсё жыццё свайго Стэфана. Запамінаецца каларытны Пашка (Дзмітрый Попчанка) — то з гармонікам, то з ружжом. 

“Альпійская балада” ў пастаноўцы Святланы Навуменка ў РТБД — магутны сінтэз слова, дакументальнага відэа і тэатральнай умоўнасці вышэйшай пробы. Спектакль паспявае не толькі распавесці кранальную гісторыю кахання пасярод вайны, але і літаральна адным штрыхом узняць тэму сталінскіх рэпрэсій, страху, здрадніцтва. 

“Сотнікаў” — чацвёртая праца Руслана Кудашова з Санкт-Пецярбурга ў Брэсцкім тэатры лялек. Выходзячы на авансцэну, артысты вымаўляюць тэкст. Плоская цэнтральная выява, што займае ўсю сярэдзіну вертыкальнай прасторы,— гэта і вялізная галава, нават з абрысамі твару, і святое аблічча. Мозг, чэрап, мапа з вылучанымі колерам асобнымі раёнамі. Нават крыху сплюшчаны зямны шар. Прыгледзеўшыся і злучыўшы асобныя кавалкі-плямы, можна ў думках намаляваць і самалёцік, і крыж. Разнастайных варыянтаў прачытання-пераўтварэння — не злічыць. Бо яшчэ там раз-пораз адкрываюцца “акенцы”, высоўваюцца лялькі — плоскія перасоўныя карцінкі. З’яўляюцца праекцыі біблейскай тэматыкі, што перагукаюцца з аповедам, утвараючы знітаваны з ім паралельны ланцужок падзей. А па баках — рамы. З партрэтамі персанажаў — плоскімі выявамі ў традыцыях іканапісу. І ўвесь спектакль — бясконцая ўдумлівая праца гледача па спалучэнні трагічнай партызанскай рэальнасці з біблейскай міфалогіяй. 

Гродзенскі абласны драматычны тэатр прывёз “Трыбунал” Андрэя Макаёнка, прэзентаваны летась у ліпені да Дня вызвалення горада. А напярэдадні, 13-га мая, на сцэне камернай залы таго ж Гродзенскага драмтэатра адбылася чарговая прэм’ера — “Мой бедны Марат”, дзеянне якога пачынаецца ў блакадным Ленінградзе. Абодва спектаклі паставіў Сяргей Яскевіч. 

“Трыбунал” зацікавіў ужо сцэнаграфіяй Таццяны Мацэвіч. Углыб праз усю сцэну — доўгі подыум, што сыходзіць у чарноцце задніка. Дакладней, у яго пралом, што нагадвае абрысы Багародзіцы (ці Панны Марыі, мадонны) з Хрыстомнемаўляткам. Цудоўная сумесь рэалізму з сімволікай! На жаль, у самім спектаклі гэта не мела ніякага працягу. Страшную гісторыю драматург выклаў з вялікай доляй выратавальнага беларускага гумару, як повязь трагікамедыі і народнага лубка. Мадуляцыя ў жанр “ваеннай драмы”, пастаўленай у перакладзе на рускую, атрымалася ніякаватай. Пры ўсім таленце Аляксандра Шаўкаплясава, які заўжды ўмее выцягнуць з ролі глыбокі філасофскі складнік, ягоны Цярэшка Калабок, колькі нас ні пераконвалі ў яго пастуховым мінулым, застаўся інтэлігентам у сёмым калене — гэткім мітуслівым прафесарам. Ну, можа, хіба небаракам-нашчадкам Сымона-музыкі. Паліна ж Святланы Завадскай — бой-баба, здольная мужа і адлупцаваць, і ў палонцы ўтапіць. Праз тое, што ўсё гэта прыпадносіцца без аніякага гумару, усур’ёз, спектакль мог бы атрымаць новыя акцэнты — пра хатні гвалт, няўменне пачуць адно аднаго, пра рознае разуменне магчымасцей улады. Але нам імкнуліся проста як мага хутчэй пераказаць сюжэт. Затое трагічны фінал нагадвае гэткі хэпі-энд: і Валодзька жывы, і муж Галі з фронту быццам вяртаецца — і на ўсіх сыпле зверху снег вечнасці. 

Завяршала фестываль “Пасланне з мінулага” Палескага драматычнага тэатра — тэатральна ўвасобленае гістарычна-дакументальнае даследаванне жыцця Пінска ў гады вайны, трагедыі Пінскага гета. У спалучэнні з фэнтэзі (героі трапляюць у мінулае, дакрануўшыся да старых рэчаў у закінутай хаце) дакументальнасць стварае неверагодны эфект прысутнасці — да мурашоў па скуры. І тая ж дакументальнасць не дае эмоцыям захліснуць напружанасць думак. Спектакль можна ў поўнай меры назваць аўтарскім: Павел Марыніч выступіў аўтарам п’есы, рэжысёрам і мастаком. Ва ўсіх трох іпастасях — неабыякавым і таленавітым. 

Фестываль мінуў — думкі засталіся. Не столькі пра спектаклі — пра вайну. Ці ж ведаем мы пра яе тое, што павінны? Ці адкрыты ўсе архівы? Ці адноўлены імёны? Ці падлічаны кошт? Не ў грошах — у чалавечых жыццях, зламаных лёсах, ненароджаных дзецях. З красавіка па лістапад праходзіць рэспубліканскі конкурс п’ес для тэатраў пра герояў партызанскага і падпольнага руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай. Якія пачуцці і развагі выклічуць творы-пераможцы? А галоўнае — спектаклі па іх. Дачакаемся? 

Надзея БУНЦЭВІЧ