Кветка сяброўства Беларусі і Кітая

Апублiкавана: 25 мая 2023 Нам пішуць Музыка Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Творчая дэлегацыя Магілёўшчыны прыняла ўдзел у Тыдні Магілёўскай вобласці, які прайшоў у горадзе Цяньцзінь Кітайскай Народнай Рэспублікі 16-19 мая. Гэта новая яркая старонка ў кнізе сяброўства Беларусі і Кітая, якую нашы народы пішуць разам. Сваімі ўражаннямі ад паездкі падзялілася дырэктар установы культуры "Магілёўская абласная філармонія" Святлана Яфімук.

– Святлана Юр'еўна, ці ўпершыню вы былі ў горадзе Цяньцзінь?  

– У Кітай творчыя дэлегацыі філармоніі запрашаліся і раней, але ў горадзе Цяньцзінь мы былі ўпершыню. Нас сустрэлі вельмі ўрачыста, з вялікай цікаўнасцю. Жыхары горада Цяньцзінь ахінулі нас гасціннасцю, мы былі вельмі ўражаныя той атмасферай, якая панавала наўкол. Гэта вельмі прыгожы горад, у якім арганічна спалучаюцца даўнія архітэктурныя формы і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Людзі – добразычлівыя, натхнёныя і працавітыя. Але больш за ўсё нас захапіла знаёмства з кітайскай традыцыйнай культурай. Усё – ад нацыянальных строяў, страў, архітэктуры да абсалютна непаўторнага гучання кітайскіх народных інструментаў – стала для нас сапраўдным адкрыццём. Мы зразумелі, што можна бясконца адкрываць для сябе ўнікальную, багатую, шматвекавую культуру Кітая.

– Праграма была насычаная?

– Праграма Тыдня Магілёўскай вобласці ў горадзе Цяньцзінь была вельмі насычаная, у тым ліку ў яе ўваходзілі круглы стол і вялікі канцэрт творчых калектываў. 

– Якія тэмы абмяркоўваліся падчас круглага стала і хто прымаў у ім удзел?

Праблема месца нацыянальнай культурнай спадчыны ў сучаснай глабальнай творчай і інфармацыйнай прасторы – магчыма, адна з самых вострых. Таму заяўленая тэма круглага стала – "Культурная спадчына ў прафесійным музычным мастацтве" – гучала вельмі актуальна. Нам выпаў унікальны шанец абмеркаваць вострыя пытанні з выбітнымі музыкантамі, выкладчыкамі Цяньцзіньскай кансерваторыі музыкі, дзеячамі культуры і мастацтваў горада Цяньцзінь.  У круглым стале прынялі ўдзел знешні выкладчык кафедры этнічнай вакальнай музыкі Цяньцзіньскай кансерваторыі, маладое сапрана Пекінскага тэатра оперы і балета У Мэнсюэ, выкладчык аркестравага аддзялення кансерваторыі, малады скрыпач Лю Фанглей, выкладчык кансерваторыі, доктар філасофіі Кітайскай акадэміі мастацтваў Чэн Інчжу, дацэнт кафедры народнай музыкі кансерваторыі, намеснік генеральнага сакратара Жуанскага камітэта Кітайскага нацыянальнага таварыства аркестравай музыкі Шэнь Цін, дацэнт суона кафедры народнай музыкі кансерваторыі, намеснік дырэктара цэнтра выканальніцкіх майстэрстваў Ван Чжаньчжан.

Кітайскія калегі пазнаёмілі нас са сваімі традыцыйнымі музычнымі інструментамі. Вельмі ўразіла гучанне традыцыйнага кітайскага інструмента гуцынь, шырокія магчымасці якога прадэманстравала Сунь Інсяо – выкладчык гуцынь Цяньцзіньскай кансерваторыі, выканаўчы дырэктар Кітайскай Асацыяцыі Цынь. Сунь Інсяо – неаднаразовы лаўрэат прэстыжных нацыянальных музычных конкурсаў Кітая, артыстка, запатрабаваная на тэлебачанні і канцэртах на сваёй радзіме і за мяжой, мае два сольных альбомы "Юань Інь. Юань Інь" і "Позірк. Думка. Маньён", запісвае музыку для кінастужак і тэлепраектаў, сярод якіх можна асабліва вылучыць цудоўныя стужкі "Цень", "Саюз ваенных дывізій", "Вецер паднімаецца з Лунсі". 

Нас заваражыла магічнае гучанне яшчэ аднаго нацыянальнага кітайскага інструмента – эрху. Яго прадставіў спадар Чэнь Цзюнь – віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі кітайскіх музыкантаў Нацыянальнага таварыства смычковай і струннай музыкі, намеснік старшыні прафесійнага камітэта "Хуцін" Кітайскага нацыянальнага таварыства аркестравай музыкі, загадчык кафедры народнай музыкі Цяньцзіньскай кансерваторыі. Спадар Чэнь Цзюнь – знакаміты майстар ігры на эрху, штогод прымае ўдзел у больш як шасцідзесяці канцэртах па ўсім свеце, супрацоўнічае з кітайскімі і замежнымі кінарэжысёрамі, у 2001 годзе атрымаў званне "Лепшы акцёр" па версіі Шанхайскай асацыяцыі кінакрытыкаў за ўдзел у кінастужцы "Лю Цяньхуа".

Досвед кітайскіх калег, якім яны падзяліліся пад час круглага стала, аказаўся для нас вельмі цікавым і карысным: магчыма, некаторыя ідэі будуць рэалізаваныя на практыцы і ў дзейнасці філармоніі. 

– З якімі старонкамі беларускай культуры пазнаёмілі кітайскіх калег вы?

– Мы распавядалі пра дзейнасць нашай установы, прафесійных калектываў і артыстаў, якімі мы вельмі ганарымся, а таксама пра беларускі традыцыйны народны строй, зараджэнне і станаўленне беларускага музычнага фальклору. Размаўлялі пра тое, як не згубіць нацыянальную ідэнтычнасць у сучасным свеце, але застацца пры гэтым адкрытымі для дыялогу і ўзаемнага культурнага і духоўнага ўзбагачэння. Таксама мы расказалі пра маштабныя праекты Магілёўшчыны, такія як Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер», Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", Міжнародны тэатральны форум "М@рт.Кантакт", Форум дырыжораў. Кітайскіх калег вельмі зацікавіла вялікае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое праводзіцца кожны год на Шклоўшчыне – свята росквіту сілы, сонца і беларускай нацыянальнай культуры.

– Раскажыце, калі ласка, пра канцэрт творчых калектываў, які прайшоў на сцэне Цяньцзіньскай кансерваторыі.

– Канцэрт "Расцвітай, кветка сяброўства!" стаў для нас сапраўдным падарункам. Артысты Магілёўскай абласной філармоніі – вакальны ансамбль "Весялуха", саліст-інструменталіст, вядучы майстар сцэны Пётр Войчанка –  выступалі на адной сцэне з кітайскімі музыкантамі. Нашы артысты прадставілі сучасныя апрацоўкі вядомых беларускіх народных песень і найгрышаў, песні сучасных беларускіх аўтараў. Гледачы з энтузіязмам сустрэлі песню на кітайскай мове "Mei Li De Cao Yuan Wo De Jia" (美丽的草原我的家) у выкананні ансамбля "Весялуха". Гэта песня-прысвячэнне радзіме, якая ў кожнага з нас – адна, непаўторная і самая любімая.  

Мы ўбачылі, якія мы розныя, але як многа ў нас агульнага: беражлівае стаўленне да нацыянальнай культурнай спадчыны і гонар за яе, а таксама вялікая любоў да музыкі, мастацтва, радзімы, гледачоў, жаданне зрабіць свет лепшым, больш прыгожым і добрым. У гэтым і ёсць прызначэнне мастацтва: ствараць свята, несці людзям святло і дабрыню. І няважна, што мы граем на розных музычных інструментах, спяваем на розных мовах. Мастацтва, творчасць, музыка – мова, якой не трэба перакладчык. Гэта нітачка ад сэрца да сэрца.  Усе прысутныя гэта разумелі. Нашы народныя мелодыі аказаліся сугучныя кітайскім сябрам. Магілёўскіх артыстаў сустракалі шчырымі апладысметнамі, гэта было вельмі прыемна і радасна.

Хочацца выказаць удзячнасць за цудоўны, насычаны час, праведзены ў горадзе Цяньцзінь. Паездка зацвердзіла нас у меркаванні, што такія мерапрыемствы вельмі неабходныя для замацавання сяброўства, развіцця супрацоўніцтва, больш глыбокага разумення адзін аднаго, умення знаходзіць кропкі судакранання. Узаемаабмен досведам, як прафесійным, так і арганізацыйным, заўсёды вельмі важны. Зараз у нас многа творчых планаў. Спадзяюся, што мы будзем сустракацца часцей, адкрываць адзін для аднаго новыя грані нашай нацыянальнай культуры, прымаць на беларускай зямлі музыкантаў, артыстаў з Кітая, каб беларускія гледачы і слухачы таксама маглі пазнаёміцца з самабытнай, яркай, багатай культурай нашых сяброў. 

Алёна ПРУДНІКАВА.

Фота з архіву Магілёўскай абласной філармоніі.