Казка для дарослых, або Як “Джэйн Эйр” вяртае веру ў цуд

Апублiкавана: 27 мая 2023 Стужка Тэатры Мінск Галёрка

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

У якім узросце людзі перастаюць мець патрэбу ў казцы? Льюіс Кэрал, напрыклад, лічыў, што чалавек, толькі становячыся дарослым, можа зноў спазнаць яе хараство. Не ведаю, ці засталася я дзіцём, ці, наадварот, пасталела, аднак мюзікл "Джэйн Эйр" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры даў зразумець: казка патрэбная мне, як кісларод.

ДЗЯВОЧЫЯ МАРЫ 

Ва ўсім свеце многія пакаленні дзяўчат раслі і выбіралі ў якасці ідэалу маральнасці і дабрыні сіротку Джэйн, а ўзорам найлепшага мужчыны — містара Рочастара. Пышныя сукенкі, высокія прычоскі, рэверансы, балі і каханне, якое перамагае ўсё, — мара амаль кожнай юнай асобы. Толькі ў дарослым жыцці на мары не застаецца ні часу, ні сіл, ды і недарэчным здаецца ўяўляць сябе ва ўбранні прынцэсы, не маючы побач галантнага кавалера. Мюзікл “Джэйн Эйр” вызваляе асоб усіх узростаў ад улады стэрэатыпаў. “Вы ўсё яшчэ можаце верыць у казку, усё яшчэ можаце чакаць яе”, — кажа спектакль сваім глядачкам. І тыя выціраюць слёзы шчасця і палёгкі. 

Канва рамана Шарлоты Бронтэ знаёмая нават тым, хто не чытаў кнігу: цяжкае жыццё дзяўчыны-сіраты, якая, працуючы гувернанткай у багатым доме, закахалася ў хмурнага і маўклівага свайго гаспадара, не ведаючы, што ў яго за плячыма — вялікая і страшная таямніца. 

Упершыню паставіць класіку на беларускай сцэне вырашыў заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Кім Брэйтбург — ён выступіў у ролі прадзюсара і кампазітара. Музычным кіраўніком і супервайзерам стала яго жонка — Валерыя Брэйтбург. Наогул у спектаклі дзіўным чынам размеркаваліся гендарныя ролі: колькасць мужчын і жанчын, якія ўдзельнічалі ў стварэнні мюзікла, прыкладна роўная, а гэта бывае даволі рэдка. І складваецца адчуванне, што менавіта жаночы погляд на першакрыніцу быў вырашальным. Бо хто, як не яны, ведаюць самыя патаемныя дзявочыя мары і самыя сакрэтныя жаданні? 

МАГУТНЫЯ БУРЫ, ДЗІЦЯЧЫЯ ВЕРШЫ 

У спектаклі цудоўныя дэкарацыі. Элементы гатычнага стылю бачныя ў велізарным вітражным акне, у тонкіх падсвечніках, масіўным фартэпіяна і нават у кветкавых кампазіцыях — нежывых, і ад таго крыху жудасных. Актыўна выкарыстоўваюцца візуальныя эфекты, дзякуючы якім галоўная зала маёнтка раптам ператвараецца ў мілы зялёны ўнутраны дворык. 

Неверагоднае зрабіў мастак па святле Сяргей Азяран: сонечныя прамяні то ахутваюць герояў у моманты іх збліжэння, то становяцца каральнымі мячамі, калі жудасная праўда пра містара Рочастара адкрываецца. Туман, дождж, бура — усё паказана натуралістычна, ярка, момантамі нават залішне праўдзіва. Так, што, замест таго каб атрымліваць асалоду ад дзейства, задумваешся, наколькі старанна працаваў увесь калектыў для стварэння такога эфекту. 

У процівагу жывой і змрочнай сцэнаграфіі выступае лібрэта. Радкі, створаныя паэтам Карэнам Кавалеранам, выразныя, рыфмаваныя, простыя і... дзіцячыя. У іх няма і дзясятай долі той глыбіні, што пранізвала перажыванні гераіні, яны пазбаўленыя драматызму, залішне сучасныя. 

Музыка — гэта асноўная частка мюзікла, але ў “Джэйн Эйр”, нягледзячы на жывы аркестр і невялікую колькасць фанаграмы, яна не спрацавала. Ёй немагчыма было пранікнуцца, і тым ярчэй бачылася праца акцёраў — за імі хацелася назіраць. 

БЕЛАРУСКАЯ ДЖЭЙН 

Раман экранізаваўся дзесяць разоў, пачынаючы з 1934 года, перыядычна ставіўся на сцэнах розных краін. У кожнага пакалення была свая Джэйн Эйр і свой містар Рочастар, бо актрысы і акцёры заўсёды дадаюць персанажам выпукласці і аб’ёмнасці, надзяляюць іх новымі рысамі характару. 

У мюзікле задзейнічана два склады. Нам пашчасціла ўбачыць ігру маладой артысткі Алены Бабук. Праца ў “Джэйн Эйр” стала яе першай сур’ёзнай роллю. Магчыма, менавіта праз гэта яна так стараецца, выкладваецца напоўніцу нават праз сем гадоў пасля прэм’еры. 

Джэйн Алены — кананічная. Яна далікатная і наіўная, пры гэтым мае моцны ўнутраны стрыжань, здольная на барацьбу з несправядлівасцю. За дзве з паловай гадзіны пастаноўкі паказаны сапраўдны рост ад збянтэжанай і няшчаснай дзяўчынкі да мудрай жанчыны, якая ведае, чаго хоча. 

Твор першапачаткова руйнаваў стэрэатыпы, бо Джэйн спачатку не даравала цётцы, якая псавала яе жыццё, што зусім не адпавядала віктарыянскай маралі. Алене вельмі дакладна ўдалося перадаць гэта пачуццё: не злараднасці, не прабачэння, але вызвалення сябе ад крыўды. Сцэна, дзе яе гераіня нарэшце вырываецца са страшных лап мінулага, — адна з самых моцных у спектаклі. 

Менавіта маладая актрыса дадала вобразу сур’ёзнасці і пачуццёвасці. Яе чысты і моцны голас не дазваляў зацыклівацца на простасці слоў, паглыбляў у перажыванні і эмоцыі. Яе Джэйн Эйр спалучае ў сабе эстэтыку сіроткі з паўночнай Англіі і гераіні народных беларускіх казак. І спалучэнне гэтае зачароўвае. 

РАБАЎНІКІ ЎВАГІ 

Лёгка перамудрыць са злыднямі ў падобных гісторыях. Зрабіць іх гратэскавымі да такой ступені, што застанецца толькі смяяцца над недарэчнасцю. У спектаклі ж вобразы цётачкі і яе дурных дачок атрымаліся самымі яркімі: варта было ім з’явіцца на сцэне, уся ўвага пераключалася на гэтую тройцу. 

Місіс Рыд у выкананні Кацярыны Дзегцяровай — непрыхаваны рэферэнс Атаманшы з “Брэменскіх музыкаў”. Яна подлая, ганебная і жорсткая, але пры гэтым чароўная і харызматычная. У Кацярыны вывераная пластыка, яна рухаецца па сцэне свабодна, амаль лётаючы, і назіраць за ёй — вялікае задавальненне. 

Яшчэ адзін “рабаўнік увагі” — Роберт, памочнік кіраўніцы маёнтка місіс Фэйрфакс. Аляксандр Кісялёў відавочна закаханы ў сваю ролю. Ён адрываецца на сцэне, поўны вытанчанага, яркага абаяння, а шырокі спектр яго мімікі бачны аж з галёркі. 

Падобныя героі — другарадныя, аднак цікавыя, хай не за кошт прадуманай гісторыі, але праз прафесіяналізм і захопленасць акцёраў, — вельмі патрэбныя “Джэйн Эйр”. Бо большая частка выканаўцаў не іскрыла, а толькі якасна выконвала сваю працу. Што таксама цудоўна і павінна ладзіць... Аднак ці будзеце вы задаволены бенгальскім агнём, калі на небе выбухае феерверк? 

МАГІЯ ЦІ МАЙСТЭРСТВА? 

Часам ад аматараў мюзіклаў чуюцца скаргі на тое, што кардэбалет не імкнецца добра выконваць сваю працу. Нават можа ўзнікнуць думка, быццам удзельнікам ансамбля зусім не хочацца адцяняць карыфея. Але падазронасць знікае, калі заўважаеш, з якой стараннасцю кожны артыст выконвае сваю партыю. 

Нельга прымяншаць іх значнасць. Так, у некаторых толькі пара радкоў, а некаторыя і зусім не прамаўляюць ані слова, аднак іх усмешкі, іх рухі вытанчаныя, вывастраныя, тыя кампазіцыі, што яны ствараюць хутка і амаль незаўважна, — усё гэта і робіць спектакль па-сапраўднаму якасным. 

А напрыканцы, калі заслона ўжо апушчаная, гучаць апладысменты, акцёры выйшлі на паклон і спяваюць развітальную песню, — на вочы сапраўды наварочваюцца слёзы. Не ад гісторыі, вывучанай уздоўж і ўпоперак. Не з-за рэжысуры, камерцыйнай і другаснай. А ад адчування казкі. І ўжо ўсё роўна, што сукенкі зробленыя з сінтэтыкі, а не з аксаміту, бальная зала разбярэцца праз некалькі хвілін, а акцёры змыюць грым і стануць звычайнымі людзьмі, такімі ж, як і мы. Проста здарылася казка. І не пранікнуцца ёй, не дазволіць маленькай дзяўчынцы, якая ўсё чакае цуд, паверыць у яго яшчэ раз, аказалася немагчыма. 

Газета "Культура" №15 ад 15 красавіка.

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ, студэнтка БДУ