Форум педагагічных работнікаў

Форум педагагічных работнікаў "Адукацыя ў сферы культуры: ад традыцый да новых магчымасцей будучыні" прайшоў 26 жніўня ў Мінску. У форуме прынялі ўдзел звыш 1000 чалавек з усёй краіны. Гэта выкладчыкі, студэнты, навучэнцы, кіраўнікі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, маладыя спецыялісты, супрацоўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, Міністэрства культуры. 

- Педагогі ў сферы культуры нашай рэспублікі славяцца сваімі прафесійнымі дасягненнямі, чулым стаўленнем да дзяцей і сваёй працы, краіна ганарыцца вамі, - звярнуўся да ўдзельнікаў форуму першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. - Наша культурнае мерапрыемства - гэта старт новага 2022/2023 навучальнага года, і тэма нашага форуму ў Год гістарычнай памяці - не выпадковая. Ад традыцый, якімі славіцца наша краіна, - да інавацый, якія з'яўляюцца рухальным міханізмам развіцця сферы культуры. Праца педагога заўсёды заслугоўвала пашаны і павагі.

Падчас мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне педагагічных работнікаў, ушаноўванне ветэранаў педагагічнай працы - усіх, хто ўклаў свой досвед, веды і мудрасць у маладое пакаленне. Узнагароды Міністэрства культуры атрымалі каля 50 выкладчыкаў, настаўнікаў, ветэранаў педагагічнай працы, якія сваім прафесіяналізмам, талентам унеслі важкі ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.

Затым удзельнікаў форуму чакала музычнае віншаванне. Сваёй творчасцю педагогаў парадавалі артысты эстрады, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навучэнцы дзіцячых школ і каледжаў мастацтваў.

А каля спартыўна-культурнага цэнтра БДУКіМ, дзе прходзіў форум, працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і творчых работ навучэнцаў і выкладчыкаў устаноў адукацыі ў сферы культуры.

Фота:

Таццяна МАТУСЕВІЧ