Вы­гадаваць публіку... і артыста

Апублiкавана: 29 мая 2023 Стужка Тэатры Гомель і вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Марафон дыялогавых пляцовак “Разам з мастацтвам”, які Маладзёжны тэатр эстрады ладзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, 22 мая завітаў у Рэчыцкую дзіцячую школу мастацтваў Гомельскай вобласці. На гэты раз да артыстаў далучыўся карэспандэнт “К”, каб з месца падзеі перадаць непаўторную атмасферу новага фармату работы беларускіх майстроў сцэны. 

Людзі культуры вельмі арганізаваныя. У прызначаны час у зале на 540 месцаў літаральна яблыку не было дзе ўпасці. Публіка ў асноўным — юнакі і дзяўчаты да 16 гадоў з невялікімі ўкрапінамі выкладчыкаў і мясцовых ветэранаў культурнага фронту. На сцэне госці: арт-група “Беларусы”, Ганна Трубяцкая, артысты Маладзёжнага тэатра эстрады Інга Кісялёва і Кацярына Шумская, якая таксама выступала мадэратарам сустрэчы. 

Лідар “Беларусаў” Валерый Шмат падзяліўся з юнымі прыхільнікамі поглядам на ролю чалавека ў мастацтве і расказаў пра магчымасці, якія наша краіна дае тым, хто выбірае менавіта гэты шлях. Размова творцы з навучэнцамі атрымалася пранікнёнай. Вось некалькі цытат з яго адказаў на пытанні залы: “Каб стаць кімсьці, трэба рабіць. Патрэбныя дзеянні”, “Кожны чалавек — асобны свет, варты павагі. Павага адзін да аднаго вырашае любыя праблемы ў калектыве”, “Дыскусія важная, але не дапускайце, каб рознагалоссі перарасталі ў варожасць”, “Усе мы, хто стаіць сёння на гэтай сцэне, атрымалі адукацыю ў Беларусі. У нашай краіне найвышэйшы ўзровень музычнай прафесійнай падрыхтоўкі”. 

Ганна Трубяцкая распавяла пра дарогу на вялікую сцэну. Усё пачалося з зэдліка на сямейным свяце. Маленькая Аня залезла на яго, каб… не прачытаць вершык, а заявіць, што стане спявачкай. Асобую ўвагу моладзі артыстка звярнула на тое, што ў кожнага творчага чалавека бываюць моманты расчаравання і сумневаў: “Тады трэба спытаць сябе, ці адчуваеш талент. Калі талент ёсць, нельга кідаць заняткі мастацтвам. Інакш рана ці позна будзеш шкадаваць аб страчаных магчымасцях”. Вяршыняй уласнага поспеху Ганна сёння лічыць Гран-пры “Славянскага базару...”. А калісьці, пасля няўдачы ў сваім першым дзіцячым конкурсе “Залатая пчолка”, дзяўчына ледзь не апусціла рукі… 

Інга Кісялёва падзялілася з будучымі калегамі нюансамі працы кавер-бэнда. На жаль, дзейнасць такіх калектываў не кожны лічыць сур’ёзнай справай. Між тым практычна ўсе сусветныя зоркі сучаснай музыкі пачыналі шлях менавіта з кавер-бэндаў. У іх назапашваюць выканальніцкі прафесіяналізм і музыканты, і вакалісты, зараджаюцца калектывы. У кавер-бэндах асвойваюць майстэрства імправізацыі і выпрацоўваюць фірмовы стыль. “Вучыцеся быць упэўненымі ў сабе, — настаўляла дзятву Інга Кісялёва. — Мяне многія вымушалі сумнявацца. У тым ліку блізкія — з найлепшымі намерамі. Казалі, што ў мяне звычайны голас. Што мая музыка — нефармат… Ніколі не слухайце падобнага, верце ў сябе”. 

Госці былі адзіныя ў меркаванні, што Беларусь дае моладзі найлепшыя магчымасці для творчага развіцця. І, мяркуючы па бурных апладысментах, шматлікіх стрымах у сацсетках проста з залы і вялізнай чарзе ў фотазону, словы папулярных артыстаў патрапілі ў добрую глебу. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Мінск – Рэчыца – Мінск 

Фота Яўгена ГРАБЯНЧУКА