Азда­раў­ляц­ца — у па­ла­цы

Апублiкавана: 29 мая 2023 Стужка Афіцыйна Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Пасля рэканструкцыі і частковай рэстаўрацыі 15 мая ў вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна адкрылі першую чаргу палацава-паркавага комплексу Валовічаў XVIII стагоддзя. Ён мае статус матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі. 

Помнік дойлідства ўзведзены ў 1779 годзе паводле праекта італьянца Джузэпэ Сака з Вероны па замове прадстаўнікоў магнацкага роду Валовічаў. У архітэктурнай перліне заўважныя рысы ранняга класіцызму. Канчатковы выгляд ансамбль набыў у пачатку XIX стагоддзя, калі пабудавалі бакавыя флігелі, якія злучаюцца з палацам паўцыркульнымі галерэямі. Пазней комплекс змяніў шэраг уласнікаў, пакуль не быў даведзены да стану руін. 

У 1929 годзе, калі Свяцк знаходзіўся ў складзе Польшчы, тагачасныя гаспадары хацелі разабраць палац на цэглу, але яго выкупіла Міністэрства аховы здароўя, каб стварыць наркалагічны санаторый. У 1930—1933-м будынак рэканструявалі паводле праекта архітэктара Оскара Сасноўскага. Ужо ў савецкі час, у 1985 годзе, таксама аднавілі парк, у палацы ж размяшчаўся санаторый для хворых на сухоты. Але, на жаль, у гэты перыяд быў знішчаны старадаўні інтэр’ер. У 2000-х санаторый вывелі з палаца, які аказаўся занядбаным. 

Са студзеня 2017 года адбывалася рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынкаў ансамбля пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс, у выніку якой цалкам аднавілі знешняе аблічча, правялі ўнутраныя работы ў флігелях і галерэях помніка. У левым флігелі зрабілі новы дах, пакрыты чарапіцай, у правым узмацнілі падмурак, узвялі маналітныя сцены, замянілі пакрыццё даху. Былі перакладзены вонкавыя сцены дваровых і паркавых фасадаў галерэй, а таксама падмурак правай галерэі. У цэнтральнай частцы палаца каля параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі знойдзены фрагменты гістарычнага роспісу сцен. Пры галоўным уваходзе адноўлены спадзістыя карэтныя спускі абапал шырокай лесвіцы. 

Акрамя таго, ачышчаны ад глею сажалкі, прыбрана і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол іх, завершана рэканструкцыя водапрапускных збудаванняў, шлюза. У акультурванне лесапаркавай зоны зрабілі ўнёсак і ўдзельнікі цырымоніі адкрыцця палацавага комплексу, пасадзіўшы алею з 15 ліп. Гасцямі ўрачыстасці былі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур і кіраўніцтва Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. 

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік адзначыў, што ў рэгіёна багатая мінуўшчына. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці тут маюць каля 700 аб’ектаў, тры з іх уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. У нашай краіне шмат робіцца для захавання гістарычных здабыткаў з дапамогай розных крыніц фінансавання, такіх як дзяржаўная і абласныя інвестпраграмы, сродкі фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры. Але гэты палацава-паркавы комплекс знакавы яшчэ і таму, што ў яго рэканструкцыі і рэстаўрацыі былі задзейнічаны прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі і бізнесу. Уключэнне такіх аб’ектаў у гаспадарчую дзейнасць не толькі дазваляе захаваць спадчыну, але і дае ім другое жыццё, дапамагае большай колькасці людзей дакрануцца да гісторыі. 

Другая чарга работ прадугледжвае аднаўленне прылеглай тэрыторыі, а трэцяя — уладкаванне лесапаркавай зоны адпачынку. У склад шматфункцыянальнага аздараўленчага цэнтра, які размясціўся ў палацава-паркавым комплексе, увойдуць гатэль з камфартабельнымі нумарамі для 58 чалавек, SPA-цэнтр, рэстаран, піваварня, залы для выстаў, канферэнцый і прэзентацый. Першых гасцей у Свяцку прымуць у канцы мая.