Скульптар-самавук з Аршаншчыны

19 жніўня (па старым стылі — 7 жніўня) — дзень памяці выдатнага беларускага творцы ХІХ стагоддзя, скульптара Яна Астроўскага. Працаваў ён пераважна ў малых формах — рабіў медальёны і бюсты. За два дзясяткі гадоў Астроўскі стварыў каля пяці дзясяткаў гіпсавых і бронзавых выяў вядомых гістарычных асоб і культурных дзеячаў Беларусі, Літвы і Польшчы, што разышліся па ўсім свеце ў выглядзе шматлікіх копій. Але, як ні парадаксальна, у беларускіх музеях і галерэях сёння не знайсці аніводнага твора майстры. Дый пра яго самога ведаюць лічаныя адзінкі. 

ДОЎГІ ШЛЯХ У МАСТАЦТВА 

Нарадзіўся Ян Астроўскі каля 1811 года ў невялічкім старажытным мястэчку Сянно на Аршаншчыне. Нядаўна мы знайшлі новыя дакументы, дзякуючы якім удалося ўстанавіць імёны бацькоў скульптара: Станіслаў Астроўскі і Агата Казлоўская (каля 1776 — 1841), прадстаўнікі дробных беларускіх шляхецкіх родаў. Уся адукацыя будучага майстра — “элементарная школа” ў Жамойці, куды ён быў адпраўлены да сваякоў. Пэўна, пасля смерці бацькі, у пошуках лепшай долі Ян едзе ў Віцебск. У горадзе на Дзвіне жыў нейкі багаты сваяк Астроўскіх, на дапамогу якога разлічваў юнак. Але прахалодны прыём сваяка прымусіў Яна Астроўскага шукаць долі самастойна. Так хлопец на шэсць гадоў стаў віцебскім вазніцам. У 1834 годзе ён перабіраецца ў Вільню і на два гады ўладкоўваецца вартаўніком у пансіянат для дзяўчат, які трымала нейкая пані Герман. З марамі працягнуць адукацыю Астроўскаму прыйшлося развітацца раз і назаўжды. Бо Віленскі ўніверсітэт, славуты сваімі выкладчыкамі і вучнямі, ужо два гады як загадам царскіх уладаў быў закрыты. Кафедра ж скульптуры, да якой Астроўскі меў прыродную схільнасць, была скасаваная яшчэ ў 1826 годзе. Цяпер, каб вучыцца мастацтвам, беларуская моладзь мусіла ехаць за тысячы кіламетраў у Пецярбурскую акадэмію мастацтваў, што было дасяжным толькі лічаным адзінкам. Каля 1836 года жыццё Яна Астроўскага зрабіла чарговы зігзаг. Падчас віленскага кірмашу ён знаёміцца з французскім купцом з Рыгі, які прапанаваў Астроўскаму больш выгадную працу ў Рызе. Пэўны час Астроўскі працаваў вазніцам, а таксама разгружаў караблі з соллю. Аднойчы падчас разгрузкі з ім здарыўся няшчасны выпадак, які прымусіў Яна Астроўскага назаўжды развітацца з цяжкай фізічнай працай. Набыўшы шарманку і вывучыўшы некалькі жанглёрскіх прыёмаў, былы вазніца адпраўляецца ў першае артыстычнае турнэ па Жамойці. У Кейданах ён знаёміцца з вандроўнымі італьянскімі майстрамі, якія за грошы пагадзіліся падзяліцца сакрэтамі свайго промыслу. А займаліся яны вырабам фігурак з гіпсу. Але першыя спробы сілаў на скульптурным фронце былі перакрыжаваныя царскім жандарам, які на кірмашы прычапіўся да пратэрмінаванага пашпарта аршанца і забраў у якасці штрафу найлепшыя фігуркі. Не прадаўшы аніводнай з тых, што засталіся, Ян вярнуўся да шарманкі, чым і займаўся наступныя тры гады, пакуль аднойчы не захварэў. Ды так моцна, што ні гаспадары пакойчыка, які ён наймаў, ні лекары, ні ксёндз не мелі ўжо і спадзеваў убачыць хлопца на нагах. Але кавалак гліны, што выпадкова трапіў у рукі Астроўскаму, літаральна вырваў таго з абдоймаў смерці. 

Паэт Юльян Корсак (Лазенкі, Варшава) (злева) і Паэт Адам Міцкевіч, 1859 (справа)

ЦУДЫ ЗДАРАЮЦЦА 

Працуючы над фігуркай “Збавіцеля”, скульптар ачуняў, ды так хутка, ажно неўзабаве змог вырабіць яшчэ не адзін тузін “Збавіцеляў” на замову мясцовых жыхароў. Адчуўшы, што сілы вярнуліся, а яго творчасць падабаецца людзям, Ян Астроўскі вырашае ізноў радыкальна змяніць кірунак дзейнасці і перабіраецца ў Вільню. А яшчэ ён… жэніцца. Адбылося тое 11 (23) мая 1841 года ў віленскім касцёле Гары Збавіцеля. Абранніцай Астроўскага стала віленская шляхцянка Анэля (25 гадоў), дачка Ёахіма Кандратовіча і Петранэлі Юхневіч. Але неўзабаве, 22 ліпеня (2 жніўня), памерла хворая на сухоты старэнькая маці Яна Агата, якая жыла ў той час у Вільні, “на паплавах”. Пахавалі яе на знакамітых могілках на Росах, непадалёк славутага “Літаратурнага пагорка”, дзе знайшоў вечны супакой наш паэт Уладзіслаў Сыракомля, Іван Луцкевіч і многія іншыя беларускія дзеячы. Не так даўно яе надмагілле выявілі валанцёры, якія зрабілі інвентарную базу пахаванняў на Росах. 

Метрыка шлюбу Яна Астроўскага (з архіва аўтара)

Ёсць меркаванне, што, апынуўшыся ў Вільні, малады скульптар пазнаёміўся з прадстаўнікамі віленскай скульптурнай школы — колішнім прафесарам Казімірам Ельскім (1782—1867) з Міншчыны і юрыстам па адукацыі Рафалам Слізенем (1804—1881) з Навагрудчыны. Абодва займаліся скульптурай дзеля забавы, вырабляючы бюсты і медальёны сваякоў, сяброў, розных вядомых дзеячаў. Астроўскі ж заняўся ёй прафесійна. І ў нейкі момант здарыўся другі цуд. У 1852 годзе памёр вядомы малады віленскі ксёндз Юстын Якубоўскі і яго сваякі замовілі Астроўскаму бюст памерлага. З пастаўленай задачай скульптар справіўся выдатна. Ад таго моманту і да самай смерці Ян Астроўскі займаўся толькі вырабам медальёнаў і бюстаў з гіпса або бронзы, абіраючы мадэлі, як і Слізень, сярод сучаснікаў і асоб, чыя слава прыйшлася на часы мінуўшчыны. Прыкладам, бюст Уладзіслава Сыракомлі, які Астроўскі вырабіў у 1854 годзе на замову Маўрыцыя Альгельбранта, заслужыў вельмі ўхвальную рэцэнзію ў СМІ. У 1858 годзе з’явілася чарговая публікацыя, у якой гаварылася пра жалобны стан мастацтва “ў Літве” (у сэнсе гістарычнай Літвы, не сённяшняй Летувы). Ян Астроўскі быў названы адзіным, хто заслугоўвае права звацца скульптарам, а яшчэ тым, хто ў сваёй творчасці “кіруецца хутчэй вялікім прыродным талентам, чым навыкамі адукацыі, якіх не атрымаў”. Сярод яго прац аўтар публікацыі пералічыў бюсты віленскага губернатара Назімава (з бронзы, сёння захоўваецца ў “Дзяржаўным рускім музеі”), Тэадора Нарбута, Станіслава Манюшкі, Яўстаха Тышкевіча і інш. А былі яшчэ Тадэвуш Рэйтан, Юльян Нямцэвіч, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка і многія іншыя. У 1866 годзе адбылася і першая персанальная выстава майстра. Недзе ў гэты час атрымаў ён і заслужаную ўзнагароду ад Пецярбурскай акадэміі мастацтваў. Памёр Ян Астроўскі 7 (19) жніўня 1872 года “от горячки” і быў пахаваны на могілках Росы, побач з маці. Яго сціплае надмагілле з чорнага мармуру таксама захавалася. На камені, напалову засыпаным зямлёй, добра чытаецца: “Ян Астроўскі, скульптар Віленскі”. 

Як жа выглядаў Ян Астроўскі? На гэта пытанне адказу мы не знайшлі. Няма а ні фота, а ні малюнкаў з выявай старога скульптара. Ёсць згадка, што ім быў выраблены скульптурны аўтапартрэт. Захоўваўся ён у свой час у Кракаўскім нацыянальным музеі. Але нашы спробы атрымаць выяву бюста пакуль што поспеху не мелі. 

Працягам гэтай публікацыі стане гісторыя двух Юзафаў Казлоўскіх, якія могуць даводзіцца Яну Астроўскаму далёкімі сваякамі. Адзін з іх быў славутым кампазітарам, а другі — скульптарам і разьбяром па камяні. 

Газета "Культура" №33 ад 13 жніўня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ