Ратаўнічыя раскопкі, археалагічныя сенсацыі і парады энтузіястам

Неўзабаве археолагі і валанцёры, аб’яднаныя мэтай захавання гістарычнай спадчыны, выправяцца ў палі. За імі рушаць і журналісты “К”, якія толькі летась паўдзельнічалі ў двух дзясятках суботнікаў. Але ёсць у нас на прыкмеце аб’екты, якія патрабуюць больш сур’ёзных, чым барацьба з хмызамі, “укладанняў”. Наш сённяшні суразмоўца — загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Вайцяховіч. 

– Спадар Андрэй, а чым адрозніваюцца звычайныя, планавыя раскопкі ад ратаўнічых? 

– У нашай установе, ва ўніверсітэтах альбо ў музеях кожны археолаг распрацоўвае нейкую навуковую тэму. Напрыклад, мая разлічаная на пяць гадоў і звязаная з археалагічным даследаваннем комплексу на рацэ Менка. Але ёсць такі спецыфічны від дзейнасці, як ратавальныя раскопкі. Яны падзяляюцца на некалькі відаў. Перадусім гэта назіранне за землянымі працамі на аб’ектах будоўлі. Калі знаходзяцца падмуркі альбо нешта цікавае, працы спыняюцца, знаходкі фіксуюцца і апісваюцца. 

Другі від, калі нейкая арганізацыя хоча правесці археалагічныя даследаванні аб’екта. Так, нясвіжскі музей-запаведнік мае намер у 2024 годзе даследаваць езуіцкі калегіум, але свайго штатнага археолага яны не маюць, таму звярнуліся да нас. Калі будзе магчымасць, Інстытут гісторыі заключыць дамову з музеем, той аплаціць паслугі спецыяліста, які правядзе раскопкі і прадаставіць інфармацыю заказчыку. 

– Падаецца, усё проста. Чаму ж прыйшлося у 2017-м вас адрываць ад асноўнай тэмы і тэрмінова камандзіраваць у Нясвіж? 

– Любое будаўніцтва на археалагічных аб’ектах у зоне аховы, асабліва ў гістарычных цэнтрах гарадоў, павінна прайсці экспертызу ў нашай установе. Але робіцца гэта не заўсёды. У 2017-м на тэрыторыі фарнага касцёла ў Нясвіжы пачалі ўсталяванне гідраізаляцыі, калі на 10-11 метраў углыб заганяўся пластыкавы шпунт. З намі ні мясцовыя ўлады, ні будаўнічыя арганізацыі не звязаліся. Калі ж выявілі знаходкі (косткі, чарапы, надмагільныя пліты. — З.Ю.), прыйшлося спыняць працы і заключаць з намі дамову. Бяда ў тым, што каля чвэрці тэрыторыі ўжо перакапалі. Да таго ж была замоўлена дарагая тэхніка, таму вырашылі на тым месцы, дзе вакол касцёла мусіў закладацца шпунт, правесці траншэйныя раскопкі і таму пахаванні даследаваліся толькі тыя, якія траплялі ў гэту траншэю. Але там увесь двор у шкілетах, і размешчаны яны ў некалькі слаёў. І калі даследаваць гэтыя могілкі, то трэба ўскрываць усю прыкасцельную тэрыторыю. Дарэчы, вынікі нашай працы апублікаваныя ў “Гістарычна-археалагічным зборніку” (№36, 2022)

– Сумны прыклад. Але ж ёсць станоўчыя! 

– Так! Калі ў 2014-м у Нясвіжы вырашылі пабудаваць гатэль у дварах паміж ратушай і касцёлам, з намі адразу звязаліся. Мы ўсё ўзгаднілі, правялі раскопкі і сабралі вельмі багаты матэрыял, датаваны XVI—XIX стагоддзямі. 

– Ці такім жа чынам дзейнічалі жыхары вёскі Гарадзішча, калі было вырашана ўпарадкаваць месца капліцы-пахавальні Рудольфа Пішчалы, будаўніка Пішчалаўскага замка ў Мінску? 

– Так, мясцовы жыхар звярнуўся да нас, таму што тая тэрыторыя выглядала як сметніца. Хаця мне і самому было цікава, бо капліца знаходзілася на селішчы археалагічнага комплексу на Менцы, а гэта ж мая планавая тэма. У выніку праведзеных з дапамогай валанцёраў раскопак былі расчышчаны надмагіллі Пішчалы і яго жонкі, крыпта капліцы, былі знойдзены могілкі XVIII—XIX ст., на якіх стаяла капліца, рэшкі культурнага слоя XII—XIII ст. А так як тэматыка даследавання археолага супала з жаданнем ініцыятара, то мы працавалі без заключэння дамовы. (Пазней адбылося ўрачыстае перапахаванне парэштак на могілках, а месца было ўпарадкаванае і выглядае сёння вельмі годна. — З.Ю.) 

Крыпта Пішчалаў на Менцы

Крыпта Пішчалаў на Менцы

– Давайце ад прыкладаў пяройдзем да парадаў тым, хто мае на прыкмеце падобны “аб’ект”, але не ведае, з чаго пачаць. 

– Перадусім планы трэба ўзгадніць з мясцовымі ўладамі. У звароце да іх пазначаецца тое, што вы жадаеце расчысціць месца, правесці даследаванні і мемарыялізацыю. Калі ўлады не супраць, вы пішаце зварот у наш інстытут, дзе просіце правесці археалагічныя даследаванні з пэўнымі мэтамі, прыкладаеце дазвол мясцовых уладаў. Затым заключаецца дамова з асобай ці арганізацыяй, якая бярэцца гэта фінансаваць, бо прыйдзецца аплаціць выезд археолага, камандзіровачныя. Канчатковая сума залежыць ад аб’ёму працы. Потым па выніках даследаванняў археолаг робіць справаздачу і дасылае адзін асобнік замоўцу, а другі застаецца ў нашым архіве. 

– У Сеціве з’явілася інфармацыя, што сёлета на Менцы распачнуцца маштабныя раскопкі. Ці так гэта? 

– Сапраўды, увосень на аб’екце пабываў прэм’ерміністр, які заявіў, што гэта адзін з самых важных археалагічных комплексаў на тэрыторыі Беларусі, бо звязаны са станаўленнем нашай дзяржаўнасці. І каб закрыць пытанне, дзе ж быў першапачатковы Менск, на Свіслачы ці на Менцы, Савет міністраў падтрымаў ідэю маштабных раскопак на Менцы. Сярод іншага плануецца прарэзаць валы, каб знайсці рэшткі драўляных канструкцый і правесці дэндрахраналагічны аналіз. Гэта дазволіць зняць пытанне адносна часу, калі насыпаны валы. На жаль, спілы, якія былі зроблены яшчэ ў 1970-х, не захаваліся, таму ўсё прыйдзецца пачынаць нанова. 

– Летась таксама былі цікавыя весткі з Гарадзішча, нібыта пра сенсацыйныя знаходкі. 

– Так, у 2022-м Шчамысліцкі сельсавет прадаў у вёсцы Гарадзішча ўчастак пад будаўніцтва, на якім стаяў стары дом. Новы гаспадар вырашыў яго знесці, каб узвесці свой. Але калі ён даведаўся, што набыты ўчастак уваходзіць у тэрыторыю селішча, то заключыў з нашым інстытутам дамову. Мы правялі на месцы будаўніцтва раскопкі. У выніку знойдзена пяць археалагічных аб’ектаў. Верагодна, там быў вытворчы комплекс ХІ ст. Магчыма, ганчарны. У адной з ям знойдзена донца гаршка з выявай трызубца, княжацкага сімвала. Пазней яго атрыбутавалі як родавы знак князя Ізяслава Уладзіміравіча. Гэта вельмі важная, знакавая знаходка, якая сведчыць, што на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў гэтая тэрыторыя, што раней падпарадкоўвалася Кіеву, адышла ў спадчыну полацкім Ізяслававічам. І калі верыць летапісу, які кажа, што Ізяслаў з Рагнедаю паехаў з Кіева, то вынікае, што некаторы час ён правёў на Менцы, а потым рушыў на Полацк. Раней лічылася, што адыход гэтай тэрыторыі адбыўся пазней, пры Брачыславе ці Усяславе. Магчыма, і валы былі насыпаны, калі Ізяслаў вырашыў зрабіць тут памежны замак. Таму даследаванні трэба працягваць: помнік цікавы і сапраўды знакавы. 

– Летась на раскопках працавала шмат валанцёраў. Ці будзе працяг добрай традыцыі, у якой і мы маглі б паўдзельнічаць?

– Працы будуць весціся ўсё лета, таму запрашаем далучыцца да важнай падзеі і старых сяброў, і ўсіх ахвотных! 

Газета “Культура” №15 ад 15 красавіка.

Зміцер ЮРКЕВІЧ