Сус­вет Іва­на Міс­ко

Апублiкавана: 03 чэрвеня 2023 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Прэм’ера дакументальнага фільма Яўгена Сяцько “Сусвет Івана Міско” адбылася на кінастудыі “Беларусьфільм”. Прымеркаваны да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі паказ стаў падарункам для запрошаных гледачоў і ганаровых гасцей, сярод якіх быў і галоўны герой карціны — Іван Міско.

Народнага мастака Беларусі Івана Міско невыпадкова называюць “касмічным” скульптарам: усю сваю творчасць ён прысвяціў “зорнай” тэме. Руцэ майстра належыць галерэя скульптурных партрэтаў ледзь не ўсіх касманаўтаў былога Савецкага Саюза, а таксама касманаўтаў — ураджэнцаў Беларусі: Уладзіміра Кавалёнка, Пятра Клімука і Алега Навіцкага. Івану Міско таксама пазіравалі многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў — прадстаўнікі Кубы, Румыніі, Манголіі, Германіі, Балгарыі, В’етнама, Японіі, Афганістана, Індыі… Майстэрня скульптара ўжо атрымала статус “музея”. Гэта адно з самых незвычайных і цікавых месцаў Мінска: у Старым горадзе на сцяне дома красуецца мурал з выявай касманаўта ў скафандры, які зрабілі вучні майстра пад яго чулым кіраўніцтвам. 

КОСМАС ВАЧЫМА МАЙСТРА 

Ідэя стварэння дакументальнай стужкі пра мэтра беларускага мастацтва прыйшла аўтару сцэнарыя Аляксандры Марковай, якая прапанавала зрабіць фільм рэжысёру Яўгену Сяцько. Здымкі занялі некалькі месяцаў. Эмоцыямі ад супрацоўніцтва з народным мастаком Беларусі падзяліўся рэжысёр: “Больш за ўсё мяне ўразіла яго энергетыка, жаданне жыць. Іван Якімавіч, як мы і адзначылі ў фільме, яркі прыклад таго, як за сваёй марай можна дайсці да касмічных вышынь”. 

Герой таксама застаўся задаволены працэсам, хоць і паскардзіўся на недастатковасць матэрыялу: “Я ўбачыў у гэтых кадрах вялікую праўду, але не ўсё сказана. Хацелася б падоўжыць фільм гісторыямі пра маё паступленне ў вучылішча і службу, пра міжнародныя кангрэсы і развагі з касманаўтамі”. Убачыць на экране няскончаныя скульптуры для Івана Міско было нечакана: “Я не думаў, што пакажуць эскізы работ іншапланецян. Гэта пакуль сакрэтна, бо мне не хочацца, каб хтосьці падказваў або павучаў, як рабіць. Гэта ж маё стаўленне да тэмы, мой пункт гледжання”. 

“Іншапланетную” серыю майстар збіраецца прымеркаваць да 90-годдзя з дня нара джэння Юрыя Гагарына налета, а цяпер працуе над памятнай дошкай у гонар касманаўта Алега Навіцкага. “Яна будзе ўстаноўлена на будынку школы, дзе вучыўся Алег Навіцкі. Чакаю яго прыезду, каб завяршыць работу і прадставіць на ўрачыстым адкрыцці”, — падзяліўся планамі майстар. 

УСЛЕД ЗА МАРАМІ 

“Сусвет Івана Міско” наўрад ці можна назваць біяграфіяй, дакументальная стужка больш падобная на старонку з дзённіка: аўтары быццам запрашаюць убачыць “дзень з жыцця” выбітнага скульптара. Вобраз Івана Міско на экране атрымаўся аб’ёмным, але пры гэтым захаваў у сабе загадку. Падчас прагляду адчуваецца, як атмасфера экраннай прасторы, нібы тая гліна, паддавалася настрою героя, напаўнялася яго творчай энергіяй. Гэтаму паспрыяў метад назірання за героем і мінімальнае ўмяшанне ў яго працу.

Фільм таксама ўзмацняе прысутнасць у кадры калег і сяброў скульптара, якія распавядаюць пра мэтра не адасоблена, а вядуць з ім жывы дыялог. Такое рэжысёрскае рашэнне наблізіла дакументальную стужку да ігравой, таму цікава назіраць за тым, што адбываецца на экране. Усе кінематаграфічныя прыёмы, якімі скарысталіся аўтары карціны, перадаюць унутраны свет героя, яго энергетыку і ствараюць патрэбную атмасферу. Нават тэмпарытм карціны падкрэслівае размеранасць, удумлівасць працы скульптара. Яўген Сяцько змог злавіць і прыдатныя моманты, калі ад адной тэмы трэба перайсці на наступную і калі з інтэр’ераў майстэрні варта рушыць на свежае паветра. 

Фільм атрымаўся лаканічным, але не сціснутым у рамкі хронаметражу. І самае галоўнае: пасля прагляду адчуваеш лёгкасць і натхненне ствараць, марыць, жыць! 

РЭЙТЫНГ: ★ ★ ★ ★ ★

Яўгенія Габец