Чэр­вень, ле­та па­чы­най!

Апублiкавана: 01 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна не указан

Аўтар: Аўтары

Брэндавыя мерапрыемствы месяца.

Чэрвеньскі каляндар брэндавых мерапрыемстваў адкрывае Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. У Клімавічах збяруцца дзеці ва ўзросце 8—15 гадоў, каб паспаборнічаць у чатырох намінацыях: харэаграфічнае, вакальнае, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Акрамя конкурсных праслухоўванняў, у праграме, якая разгорнецца з 1 па 4 чэрвеня, канцэрты-падарункі замежных гасцей, гульня-квэст “Фестывальнае падарожжа”, дыска-марафон і танцавальны флэшмоб. 

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” запланавана ў Браславе на 3 і 4 чэрвеня. У праграме — адкрыты конкурс калектываў песенных “Браслаўская харавая асамблея” і народнага танца “Паазерскія тапаткі”, выступленне тысячнага зводнага хору, гала-канцэрт і свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Таксама пройдзе шэраг выстаў, кірмашоў і майстар-класаў. 

Фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” разгорнецца ў Мінску з 8 па 16 чэрвеня. Праграма ўключае пастаноўкі Вялікага тэатра Беларусі з удзелам вядомых танцоўшчыкаў, спектаклі гасцей і гала-канцэрт з удзелам зорак сусветнага балета. 

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2023” збярэ маладых выканаўцаў 9 і 10 чэрвеня. Акрамя конкурсу беларускай эстраднай песні, адбудуцца паказы спектакляў, выставы, канцэрты, сустрэчы з паэтамі ды іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя айчынным песням і паэзіі. 

З 9 па 11 чэрвеня ў Паставах пройдзе Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які праводзіцца з 1989 года. Удзельнікамі стануць фальклорныя калектывы, салісты, гарманісты, цымбалісты і скрыпачы. 

Фестываль “Паўлаўскі каравай” пройдзе 10 чэрвеня ў аграгарадку Навасёлкі, што на Гродзеншчыне. Умеліцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” з песнямі і прыгаворамі правядуць абрад выпякання Паўлаўскага каравая. Запланаваны майстар-класы па выпечцы каравая, а таксама яго дэгустацыя. 

Абрад “Провады русалкі”, які пройдзе 11 чэрвеня ў аграгарадку Вялікі Бор Хойніцкага раёна, завершыць русальны тыдзень. Удзельнікі апрануцца ў святочнае адзенне, падрыхтуюць кветкі, сплятуць вянкі і пад абрадавыя песні рушаць ад цэнтра вёскі да поля праводзіць русалку. На яе ролю выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну. Загнаўшы “русалку” ў жыта, асвячаюць над агнём сарваныя з яе кветкі, водзяць карагоды і скачуць праз вогнішча, каб атрымаць ачышчэнне агнём. 

У гонар святкавання дня памяці святога Антонія Падуанскага, абаронцы Адэльска, 13 чэрвеня аграгарадок ладзіць свята “Адэльскі фэст”. Пасля літургіі выходзяць на пляцоўку каля цэнтра культуры. Фудкорты са стравамі нацыянальнай кухні ды канцэрты аматарскай творчасці раёна чакаюць жыхароў Міншчыны. 

Свята творчасці “Вернісаж мастацтваў” запланавана на 17 чэрвеня ў Косаўскім палацава-паркавым комплексе. У праграме — выставы, майстар-класы, работа музейных пляцовак, а таксама канцэрты класічнай музыкі. 

Адной з найважнейшых падзей чэрвеня стане мітынг-рэквіем да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. На плошчы Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня пройдзе мітынг-рэквіем з ускладаннем кветак і вянкоў да Вечнага агню і тэатралізаваная музычная пастаноўка. 

Адсвяткаваць Купальскую ноч у Купалавым доме можна 23 чэрвеня. Культурна-адукацыйнае мерапрыемства з рэканструкцыяй Купальскага абраду, майстар-класамі па пляценні вянкоў ды рознымі інтэрактыўнымі зонамі пройдзе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. 

Штогадовы фестываль опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” пройдзе ў Нясвіжы з 23 па 25 чэрвеня. Гэта сумесны музычны праект музея-запаведніка і Вялікага тэатра. Праграма ўключае спектаклі, канцэртныя праграмы, оперныя і балетныя пастаноўкі. 

На Віцебшчыне з 23 па 25 чэрвеня пройдзе міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, на які запрошаны найлепшыя харавыя, аркестравыя, танцавальныя, фальклорныя калектывы з Беларусі, Расіі ды іншых краін. 

У апошнія выхадныя месяца адбудзецца і свята “Хмэлевска Сёмуха”. У аграгарадку Хмелева, што на Брэстчыне, зладзяць народны палескі абрад “Ваджэнне куста”, ролю якога выконвае мясцовая дзяўчына. У суправаджэнні артыстаў “куст” водзяць па дварах са словамі: “Дзе куст ходзіць, там жыта родзіць”. 

Літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі” адбудзецца 24 чэрвеня. Літаратурны музей Кузьмы Чорнага падрыхтаваў выступленні літаратараў, творчых калектываў мастацкай самадзейнасці, а таксама экскурсіі па музеі з чаяваннем. 

У гэты ж дзень на Гродзеншчыне пройдуць адразу тры мерапрыемствы. У гарадскім пасёлку Любча падрыхтавалі свята “Любчанскі шпацыр Радзівілаў”. Акрамя экскурсіі па замку і пасвячэння юных любчан у збраяносцаў-рыцараў, у праграме — майстар-клас па валоданні лукам і мячом, па традыцыйных сярэднявечных танцах, выступленне народнага ансамбля песні і танца “Свіцязь”, выстава рамеснікаў і майстроў народных промыслаў. 

Ваўкавыск запрашае на музычны фестываль “Sound Live”. Пачнецца свята з традыцыйных заплываў “На чым патрапіла”. Уздоўж набярэжнай размесцяцца тэматычныя зоны: джазавая, аркестравая, народная, гістарычная. Будзе прадстаўлена выстава вінтажнай апаратуры і шмат іншага. 

А ў Мірскім замку Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр падрыхтуе канцэрт “Песні пра галоўнае”. Магчымасць сустрэцца з кінамузыкай і папулярнымі эстраднымі хітамі ў выкананні салістаў і сімфанічнага аркестра тэатра будзе ва ўсіх ахвочых.