Пяе і паказвае “Маладзечна-2023”

Апублiкавана: 07 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Неўзабаве Маладзечна зноў стане эпіцэнтрам культурнага жыцця краіны: 9 чэрвеня стартуе XXII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Нягледзячы на парадкавы нумар, гэтая падзея — юбілейная, бо нарадзіўся форум роўна 30 гадоў таму. 

“Маладзечна-93”  — першае буйное музычналітаратурнае свята суверэннай Беларусі. У 1990-я, часы неўсталяванасці, нестабільнасці, неўладкаванасці, яно сцвердзіла магутнасць айчыннай культуры і нашых традыцый, умацавала веру людзей у тое, што перыяд выпрабаванняў прынясе плён. Яно паказала ўсяму свету выбітныя творчыя здольнасці нашых музыкантаў, паэтаў. Дастаткова нагадаць, што тады галоўную пляцоўку фестывалю наведалі неверагодныя 20 тысяч гасцей, з верталёта на іх сыпаліся кветкі, а спадарожнікавую тэлетрансляцыю глядзелі далёка за межамі краіны. 

Сёлета арганізатары таксама ставяць задачу аб’яднаць усіх беларусаў праз культуру, праз спалучэнне спрадвечных народных традыцый і сучаснасці, праз творчую працу: форум пройдзе па тэматычнай каляіне абвешчанага ў дзяржаве Года міру і стварэння. Ідэя будзе шырока прэзентавана на шматлікіх пляцоўках — свята ахопіць ці не ўвесь горад. Дарэчы, многія цікавінкі публіцы прапануюць у першы раз. Пра гэта распавялі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі “Папулярызацыя і захаванне нацыянальнага мастацтва. Далучэнне насельніцтва да найлепшых вытокаў культурнай спадчыны” ў Мінску.

Галоўныя падзеі фестывалю “Маладзечна-2023” будуць дэманстравацца ў прамым эфіры Беларускага тэлебачання. Упершыню зладзяць трансляцыю конкурсу маладых выканаўцаў. Яны — таксама ўпершыню — выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга. 

Пра гэта паведаміла кан¬ сультант галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культур¬ ных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова. 

Паводле яе слоў, Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні — галоўная частка творчага форуму. У спаборніцтве традыцыйна паўдзельнічаюць тры прадстаўнікі з кожнай вобласці і горада Мінска. Найлепшы артыст атрымае Гран-пры і спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — “Крыштальную гітару”. Падчас гала-канцэрта закрыцця адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу. 

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька адзначыла, што госці свята на працягу двух дзён змогуць наведаць вялікую колькасць фестывальных мерапрыемстваў, якія пройдуць на пляцоўках Маладзечна. 

Так, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрыецца выстава галаграм “Паэзія музейных каштоўнасцей”, якая прадэманструе самае цікавае са збораў Міншчыны: 28 рарытэтаў прадставяць побач з іх аб’ёмнымі выявамі. 

Знаўцаў музычнага мастацтва запрашаюць у канцэртную залу Палаца культуры на творчы вечар кампазітара Алега Елісеенкава. Месцам прыцягнення будзе і цэнтральная вуліца Прытыцкага. На пляцоўцы ля кінатэатра “Радзіма” прэзентуюць экспазіцыю “Міншчына — сэрца Беларусі”. У межах праекта разгорнуцца інтэрактыўныя зоны, якія распавядуць пра сталічны рэгіён. Побач пройдуць выступленні паводле твораў класікаў беларускай літаратуры ад народных тэатраў. 

Сярод традыцыйных і чаканых мерапрыемстваў — “Горад майстроў”, куды рамеснікі з розных куткоў Беларусі прывязуць найлепшыя работы. Сёлета на кірмаш упершыню завітаюць госці з дзевяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і прадставяць канцэртныя праграмы, цікавыя сувеніры. 

Заўважнай падзеяй будзе адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Міхаіла Фінберга — сапраўднага бацькі фестывалю. 

У праграму свята ўключаны таксама шэраг новых масавых бясплатных імпрэз на Цэнтральнай плошчы горада, сярод якіх — вячэрні паказ легендарнай кінастужкі “Белыя росы” пад адкрытым небам і моладзевая дыскатэка. 

Поўная афіша “Маладзечна-2023” — на сайце Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. 

Віктар ГАЎРЫШ