Не пе­ра­рва­ла­ся по­вязь ча­соў

За кошт спецыяльных грантаў Прэзідэнта сёлета рэалізуюцца 10 творчых праектаў у галіне культуры. Выплат удастоіліся адмыслоўцы, якія ўжо зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё сферы. Дадатковая падтрымка дзяржавы дапаможа пайсці далей у даследаванні і папулярызацыі нацыянальнай спадчыны, ва ўмацаванні гістарычнай памяці.

СПЯВАЕ ГОМЕЛЬШЧЫНА 

Метадыст па народных традыцыях, абрадах і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц працуе над інтэрактыўным выставачным праектам “Спеўная спадчына Гомельшчыны”. Ён накіраваны на адраджэнне ў сучасных умовах, выкарыстанне ў працы ўстаноў культуры, у экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці народных традыцый і тэхналогій вырабу касцюма. 

Па словах Ірыны Валер’еўны, праект будзе даступны наведвальнікам з красавіка па лістапад. І хоць прадугледжана прэзентацыя толькі на адной пляцоўцы, у перспектыве экспазіцыя можа стаць перасоўнай. Праз стэнды з фотаздымкамі госці дазнаюцца, як клубныя ўстановы вобласці збіраюць, зберагаюць і перадаюць наступным пакаленням багатую спеўную спадчыну. Ёсць і мультымедыйная частка. Да ініцыятывы таксама далучыліся майстры дамоў і цэнтраў рамёстваў. Дзякуючы працы гэтых спецыялістаў, выставу ўзбагацяць рэканструкцыі традыцыйных строяў з розных куточкаў Гомельшчыны. Пазней у рамках праекта адмыслоўцы запусцяць тэматычны раздзел на сайце абласнога цэнтра народнай творчасці. 

ТАЯМНІЦЫ ДАЎНЯГА РАМЯСТВА 

Метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Шунейка — вядомая ва ўсёй краіне прадаўжальніца ткацкай справы. Майстрыха працуе за ўнікальным вертыкальным ткацкім станком, створаным яе бацькам у сярэдзіне мінулага стагоддзя, і вырабляе габелены ў тэхніках падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва. У кампазіцыях з выявамі архітэктурных помнікаў, гераічнымі сюжэтамі і стылізаванымі расліннымі матывамі Алена Феліксаўна гарманічна спалучае першаўзоры і аўтарскі падыход. Творчасць гродзенскай мастачкі ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

Габелен "Гісторыі жывая ніць"

Габелен "Гісторыі жывая ніць"

Сёлета разам з калегамі рамесніца рэалізуе праект “Ад прадзіва да ткацтва”, які мае на мэце адраджэнне традыцыйных тэхналогій і іх выкарыстанне ў працы ўстаноў культуры, у экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці. Першай часткай была лютаўская абласная выстава “Народных традыцый выток”, на якой прэзентавалі работы 22 творцаў рэгіёна, што маюць пачэсны статус “Народны майстар Беларусі”. А ўжо ў чэрвені ў Гродне пройдзе абласное свята традыцыйных рамёстваў. 

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаныя спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі, мясцовыя песенныя стылі выканання абрадавых і пазаабрадавых твораў фальклорным калектывам “Палескія напевы” з Лельчыцкага раёна і гуртом вёскі Казлы Ельскага раёна.

Цягам года запланаваныя семінар-практыкум для спецыялістаў раённых цэнтраў творчасці і кіраўнікоў клубных устаноў, фарміраванне базы даных аб ткацкіх вырабах Гродзеншчыны і майстар-класы для ўсіх ахвотных. Таксама чакаецца рэстаўрацыя габеленаў Алены Шунейка і арганізацыя пастаяннай персанальнай выставы аўтара “Тэкстыльныя акварэлі”, дзе размесцяцца працы — прысвячэнні роднаму краю: “Вясна Панямоння”, “Гродзенская ратуша”, “Вясёлка творчасці”, “Квітнеючая Гродзеншчына”. Нарэшце, экспазіцыя АМЦНТ папоўніцца новымі вырабамі вядомай мастачкі да Года міру і стварэння. Ужо цяпер Алена Феліксаўна шчыруе над чарговым маштабным габеленам аб Панямонні. 

АБ НЕЗАБЫЎНАЙ ТРАГЕДЫІ 

Музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля летась зладзіў знакавыя выставы “«Бывайце, людзі…». Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі” і “«Мы не рабы!». Лёсы остарбайтараў у фотадакументах, лістах і ўспамінах”. Экспазіцыі створаны на аснове архіўных дакументаў, фотаматэрыялаў, рэчавых доказаў, якія выкрываюць палітыку генацыду, арганізаванага фашыстамі, і дакладна расказваюць пра факты тэрору ў адносінах да мірнага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных. 

Лагічным працягам гэтых выстаў стане праект “Скрадзенае дзяцінства”, які музей рэалізуе сёлета за кошт гранта Прэзідэнта. Як распавёў загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Юрый Панкоў, фотадакументальная экспазіцыя будзе складацца з некалькіх блокаў: “Дзіцячыя вобразы”, “Дзіцячыя гісторыі”, “Месцы прымусовага ўтрымання дзяцей” і “Дзіцячыя дамы”. Ад пачатку года адмыслоўцы рупліва збіраюць матэрыял, вывучаюць архівы і музейныя фонды, апытваюць людзей сталага веку — непасрэдных сведак падзей. 

Носьбіты спеўных традыцый Гомельшчыны

Носьбіты спеўных традыцый Гомельшчыны

Праект запрацуе ў лістападзе ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, а пазней выставу накіруюць у раённыя гісторыка-краязнаўчыя музеі вобласці. Таксама да старту перасоўнай экспазіцыі выдадуць тэматычны каталог. 

Данііл ШЭЙКА