Складнікі шчаслівага жэрабя

У наступным годзе Бялынічы стануць пятнаццатай культурнай сталіцай Беларусі. Для гэтага ёсць усе неабходныя перадумовы. 

Па-першае, тры гады таму мястэчка атрымала права правесці Дзень беларускага пісьменства. Да буйнога рэспубліканскага мерапрыемства тут добраўпарадкавалі вуліцы і дамы, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Рэканструявалі парк “Ліпавы гай”, абнавілі мясцовую Алею Герояў, Дом культуры і бібліятэку. Новы будынак атрымаў музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. 

Па-другое, Бялынічы маюць прыгожы міфалагічны бэкграўнд. Напрыклад, беларус з іншага рэгіёна наўрад ці здагадаецца, адкуль пайшла назва гарадка, а вось для турыстаўпалякаў ці ўкраінцаў нашы Бялынічы — “бялэ ноцэ” ці “білі ночі”, белыя ночы. І гэта дакладна так. 

КАЗКІ І БЫЛЬ 

Праваслаўныя распавядаюць, што манахі, якія ў ХIII стагоддзі ратаваліся ад татар, прынеслі з Кіева-Пячэрскай лаўры ў храм паселішча на рацэ Друць візантыйскі абраз Божай Маці, уначы ён заззяў — і ночы сталі светлымі, белымі. З той пары і пайшла назва Бялынічы. 

Каталікі кажуць, маўляў, абраз намаляваў на аканіцы пілігрым, калі манахі спявалі літанію Божай Маці: жывапісец завяршыў сваю працу да сканчэння спеваў, і выявілася, што пілігрымам быў анёл. 

Паданні паданнямі, але дэ-факта Бялыніцкі абраз Божай Маці з’яўляецца адной з хрысціянскіх святыняў Беларусі. Дакладна вядома, што з 1623 года ён знаходзіўся ў касцёле Маці Божай Шкаплернай каталіцкага ордэна кармелітаў. Ікона набыла славу цудадзейнай падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Тады абраз знаходзіўся ў Ляхавіцкім замку і, як лічылі сучаснікі, дапамог вытрымаць аблогу рускіх войскаў ваяводы І. Хаванскага. У 1761-м адбылася ўрачыстая каранацыя іконы залатымі каронамі з дазволу і па адмысловай буле Папы Рымскага. 

Абраз заставаўся ў Бялынічах і пасля перадачы ў 1876-м касцёла праваслаўнаму духавенству. Яго дагэтуль ушаноўваюць і каталікі, і праваслаўныя. У лепшыя часы да іконы штогод прыходзіла да 10 тысяч паломнікаў. На вялікі жаль, арыгінал, які захоўваўся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, знік у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з Крыжам святой Еўфрасінні Полацкай. Цяпер у сучасным храме прадстаўлены спіс, які таксама лічыцца цудадзейным. Перад ім моляцца аб збаўленні ад хвароб, аб суцяшэнні ў смутку. Дзень ушанавання святыні — 25 (12 па старым стылі) красавіка. 

СПАДЧЫНА І КУЛЬТУРНЫЯ РЭАЛІІ 

На тэрыторыі Бялыніцкага раёна знаходзяцца 74 матэрыяльныя гісторыка-культурныя помнікі, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Усе гэтыя аб’екты маюць трэцюю катэгорыю каштоўнасці. 

Уласна ў Бялынічах размешчаны Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, заснаваны ў 1969 годзе. Гэты вядомы беларускі жывапісец-пейзажыст, народны мастак БССР і РСФСР, нарадзіўся ў фальварку Крынкі пад Бялынічамі. 

Пры тым, што ў Бялынічах жывуць каля 10 тысяч чалавек, гарадок можа пахваліцца наяўнасцю ажно двух тэатраў. Народны тэатр юнага гледача быў створаны ў 1965-м. Яго рэпертуар складаецца з твораў беларускай і замежнай класікі, п’ес мясцовых аўтараў. Народны тэатр мініяцюр “Імпульс” паўстаў у 1968-м і мае добры творчы патэнцыял. Рэпертуар тэатра мініяцюр разнапланавы, але найбольшая ўвага надаецца актуальным пытанням ды надзённым праблемам сённяшняга часу. 

Са сваімі тэатральнымі пастаноўкамі абодва калектывы выступаюць як на раённай сцэне, так і ў вясковых клубных установах, у агульнаадукацыйных школах. Акцёры самадзейных тэатраў — частыя госці ў маланаселеных і аддаленых вёсках. Дзякуючы ім у раёне традыцыйна ладзяць праект “Бялыніцкая тэатральная восень”. 

Актыўную творчую дзейнасць вядуць народны ансамбль народнай музыкі і песні “Бялыніцкія музыкі” і народны вакальны ансамбль “Бялыніца”. Яны дыпламанты міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў. 

Ганаровае месца ў культурным жыцці Прыдруцкага краю займае і народны эстрадны ансамбль “Колеры”. Песні “Бялынічане”, “Прыдруцкі вальс”, “Белая Русь” на музыку кіраўніка калектыву Віктара Халадцова і словы мясцовай паэткі Алы Вайлаковай, сталі сапраўднай музычнай візітоўкай Бялыніцкага раёна. Усяго Віктар Халадцоў стварыў больш за 40 песень. 

КНІЖНЫЯ СКАРБНІЦЫ 

Шчыруюць і працаўнікі раённай бібліятэчнай сеткі. Згадаем толькі некаторыя з арганізаваных у красавіку мерапрыемстваў. У Бялыніцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы літаратурны клуб “Крыніца” зладзіў паэтычную гасцёўню “Пакуль паэты будуць пець, не быць Радзіме безыменнай”. Старшакласнікаў пазнаёмілі са светам беларускай паэзіі, з творчымі і жыццёвымі шляхамі паэтаў-юбіляраў 2023 года. 

У Ланькоўскай сельскай бібліятэцы з 12 красавіка працуе выстава “Прыгажосць Божага свету”, прымеркаваная да Вялікадня. У экспазіцыі — кнігі пра свята, цікавыя ідэі велікодных страў, тэматычныя мастацкія творы, сімвалы і атрыбуты свята. 

У Кудзінскай сельскай бібліятэцы прайшла інтэлектуальная гульня “Дарогамі космасу”. Школьнікі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, згадалі пра першы палёт у космас Юрыя Гагарына, даведаліся пра штучныя спадарожнікі Зямлі. 

Эсьмонская сельская бібліятэка да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў правяла публічны агляд літаратуры ваеннай тэматыкі “Слухаючы апошняга сведку”. Гутарка пра пакуты вязняў нікога не пакінула абыякавымі. 

РОЛЯ АСОБЫ 

Да гісторыі гэтага мястэчка датычныя многія знакамітасці. Сярод іх — прадстаўнікі родаў Сапегаў і Агінскіх, нават Папа Рымскі Бенедыкт XIV. А ў наш час Бялынічам шчасціць на кіраўнікоў. 

Папярэдні старшыня райвыканкама Васiль Захаранка зрабіў усё, каб тут прайшло рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства. Цяперашні кіраўнік раёна Вольга Прыстромская асабіста прэзентавала Бялынічы на конкурсе, дзе абіралі культурную сталіцу Беларусі 2024 года. І перамагла, прывезла ў горад яшчэ адно буйное рэспубліканскае мерапрыемства. Гэта значыць, што ізноў тут будуць і высокія госці, і інвестыцыі ў развіццё сацыяльна-культурнай інфраструктуры. 

Трэба адзначыць, што Вольга Васільеўна мае дакладнае ўяўленне пра тое, як скарыстаць гісторыка-культурныя здабыткі раёна для развіцця мясцовай эканомікі. Старшыня райвыканкама ўпэўненая, што Бялынічы як культурная сталіца зробіць значны ўнёсак у развіццё мастацтваў і творчасці рэгіёна, а таксама прыцягне турыстаў. Да гэтага тут ужо рыхтуюцца. 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ 

Па словах Вольгі Прыстромскай, актывізаваная праца па брэндынгу сферы культуры. Гэта пошук асаблівасцей, “фішак”, якія могуць стаць прывабнымі для турыстаў. 

— Бялыніччына — край азёр і лясоў. Таму мы аднаўляем існуючыя і распрацоўваем новыя турыстычныя маршруты, — распавядае Вольга Васільеўна. — У нас шмат дзікіх жывёл. З іх мы абралі свой мясцовы талісман. Ім стаў… пакуль гэта сакрэт. Калі зацвердзім на выканкаме, тады даведаецеся. 

У раёне шмат журавін. Працэс яе загатоўкі вельмі маляўнічы. Таму нядзіўна, што ягада таксама стала мясцовым культурным брэндам. На ім пастаянна робіцца акцэнт падчас разнастайных мерапрыемстваў. І гэта не беспадстаўна. Журавіны маюць істотныя паказчыкі ў спісе экспарту раёна. 

— Яшчэ адзін наш моцны козыр — бялыніцкія гарманісты, — працягвае пералік Вольга Прыстромская. — Музыканты абавязкова далучаюцца да нашых культурных мерапрыемстваў. Таксама мы развіваем узаемадзеянне з калектывамі з Расіі. З Курскам, напрыклад, дамовіліся арганізаваць міжнародны фестываль “Грай, любы гармонік!”. 

Мы маем на мэце развіццё раёна і культуру лічым адным з важных элементаў. Я вельмі ганаруся нашымі спецыялістамі ў гэтай сферы. Пакланяюся іх працы і разглядаю яе як важны элемент ідэалагічнай работы. Менавіта таму нашы творчыя калектывы актыўна выступаюць перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі ды іншых галін. Добры настрой, які яны шчыра ствараюць, — важная рэч, што ўплывае на агульныя вынікі працы ва ўсіх сферах. 

Вось так, ні больш ні менш! Было б зразумела, калі б Вольга Прыстромская ў мінулым была неяк звязана з культурай. Але ж не, яе папярэдні працоўны шлях палягаў выключна у фінансава-эканамічнай плоскасці. Таму яе пазіцыя і стаўленне да культуры асабліва каштоўныя. Гэта добры прыклад для іншых. 

Газета "Культура" №16 ад 22 красавіка.

Віктар ГАЎРЫШ