Дакрануцца да неадчувальнага

Апублiкавана: 09 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

У галерэі Беларускага саюза дызайнераў 17 мая адбылася лекцыя, прысвечаная канцэпцыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны і тэарэтычным ды практычным аспектам яе рэалізацыі ў Беларусі. Сустрэча прайшла ў рамках праекта кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Культуралогія без межаў”, перад прысутнымі выступіла вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адміністратар сайта “Жывая Спадчына” Алена Каліноўская. 

АСНОВЫ АХОВЫ 

Нематэрыяльная культурная спадчына — з’ява адносна новая, якая фактычна вылучылася толькі ў ХХІ стагоддзі. Канвенцыя UNESCO аб яе ахове была прынятая ў 2003 годзе, і сёлета да дваццацігоддзя гэтай падзеі ў нашай краіне, у тым ліку, запланаваны шэраг юбілейных мерапрыемстваў — між іншага, мусіць адбыцца тэматычная выстава на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 

Варта ўлічваць, што канвенцыя UNESCO па ахове матэрыяльнай культурнай спадчыны была прынятая яшчэ ў 1972, і спачатку праявы нематэрыяльнай спадчыны, якая ўвасабляецца людзьмі, а не канкрэтнымі прадметамі, таксама спрабавалі ўключаць у агульны спіс з архітэктурнымі помнікамі. Але пазней стала зразумела, што ў гэтым выпадку патрэбны асаблівы падыход. 

Свята Юр'я ў Обчыне Любанскага раёна

Свята Юр'я ў Обчыне Любанскага раёна

Канвенцыя UNESCO 2003 года дае наступнае азначэнне нематэрыяльнай спадчыны: гэта культурныя практыкі, звычаі, традыцыі і формы іх праяўлення, якія прызнаюцца пэўнымі супольнасцямі як іх каштоўная культурная спадчына, што спрыяе фарміраванню іх ідэнтычнасці, і якую яны імкнуцца перадаць наступным пакаленням. Мэты канвенцыі — выклікаць павагу да нематэрыяльнай спадчыны, садзейнічаць падтрымцы яе жыццяздольнасці, а для гэтага — наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва і дапамогу па яе ахове. Такім чынам, варта падкрэсліць, што каштоўнасць спадчыны вызначаюць самі супольнасці, а не пэўныя экспертныя колы, якія адно ідэнтыфікуюць і інвентарызуюць інфармацыю аб ёй. 

Да нематэрыяльнай культурнай спадчыны могуць адносіцца фальклор, веды, навыкі і ўменні, звязаныя з народнымі рамёствамі, веды, якія адносяцца да прыроды і сусвету, праявы светапогляду, міфалогія і гэтак далей. Важным момантам пры гэтым з’яўляецца камунікацыя — то-бок заахвочванне да дыялогу і азнаямлення з культурай і традыцыямі розных супольнасцей, у тым ліку іх дробнымі штодзённымі праявамі. 

У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO ад Беларусі ўключаныя пяць элементаў: абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава Мінскага раёна, урачыстасць у гонар шанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна, абрад “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, культура ляснога бортніцтва і мастацтва саломапляцення.

Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятая ў 2003 годзе, нездарма прадугледжвае выкарыстанне тэрміна “элемент”, а не “аб’ект”, бо ў гэтым выпадку мы маем справу не з аб’ектнасцю, а з комплекснасцю: сукупнасцю саміх нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, артэфактаў як прадуктаў гэтай творчасці, культурнай прасторы ды саміх людзей — і захавання патрабуе кожны з гэтых аспектаў. Асноўны фактар зберажэння жывой спадчыны палягае ў яе перадачы з пакалення ў пакаленне, яна існуе ў традыцыйным кантэксце, знішчэнне якога вядзе і да знікнення самога элемента. Нематэрыяльная спадчына мусіць пастаянна аднаўляцца супольнасцямі і фарміраваць пачуццё самабытнасці ды гонару. Таму так неабходна падтрымліваць лакальную ідэнтычнасць, якая забяспечвае кансалідацыю супольнасці і захаванне спадчыны, дапамагае падкрэсліць адрознасць ад іншых і зберагчы свае карані. 

СПІСЫ ДЫ ІНВЕНТАРЫ 

Важнай задачай з’яўляецца таксама забеспячэнне жыццяздольнасці спадчыны, стварэнне ўмоў, пры якіх яна зможа быць захаванай і перададзенай наступным пакаленням, для чаго ладзяцца дакументаванне, даследаванне, папулярызацыя і перадача з дапамогай адукацыі. І, урэшце, краіны-ўдзельніцы канвенцыі складаюць уласныя спісы нематэрыяльнай спадчыны, якія мусяць звярнуць увагу грамадства да яе праяваў. Таксама UNESCO складае свой, агульны спіс сусветнай спадчыны, які падзелены на некалькі частак. 

У рэпрэзентатыўны спіс уключаюцца з’явы, якія шырока распаўсюджаныя і практыкуюцца. У яго ўваходзяць, як правіла, тыя элементы, якім знікненне пагражае не ў гэткай ступені і якія маюць больш шырокае распаўсюджанне, нават на ўзроўні ўсёй краіны. Такія элементы часта робяцца нацыянальнымі брэндамі — як прыклады ў нашых умовах можна згадаць традыцыі саломапляцення альбо выцінанкі. Тым не менш такое маштабнае брэндзіраванне часам пагражае захаванню лакальных адметнасцей — калі ўніфікаваная традыцыя зберагаецца на агульнанацыянальным узроўні, але разам з тым губляюцца яе мясцовыя асаблівасці.

Удзел моладзі важны для пераемнасці традыцый

Удзел моладзі важны для пераемнасці традыцый 

Акрамя таго, існуе спіс элементаў, якія патрабуюць тэрміновай аховы. Менавіта гэты спіс з’яўляецца галоўным інструментам аховы нематэрыяльнай спадчыны, бо ў яго ўваходзяць, як правіла, элементы, якія маюць вельмі канкрэтныя лакацыі, распаўсюджаныя ў невялікіх супольнасцях. Ахова такіх праяў нематэрыяльнай спадчыны забяспечваецца шэрагам дакументаў — акрамя Усеагульнай дэкларацыі аб культурнай разнастайнасці, гэта таксама і Нагойскі пратакол аб абароне правоў носьбітаў генетычных рэсурсаў і традыцыйных ведаў і практык, і Канвенцыя аб біяразнастайнасці, у якой згадваецца аб існаванні традыцыйных ведаў і практык, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, пад якімі разумеецца сукупнасць усіх жывых арганізмаў. Такім чынам, з генетычнымі рэсурсамі звязаныя такія традыцыйныя практыкі, як бортніцтва, траўніцтва, рыбалоўства і г.д. 

Акрамя канвенцыі, UNESCO распрацаваныя этычныя прынцыпы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Перадусім гэта выклікана тым, што часта яе ахова не абумоўліваецца ніякімі юрыдычнымі нормамі, як у выпадку з матэрыяльнай. Важна звярнуць увагу, што ўдзельнікі супольнасці далучаюцца да гэтай дзейнасці пры ўмове іх вольнай папярэдняй бесперапыннай інфармаванай згоды. Таксама нематэрыяльная культурная спадчына не падлягае вонкавай каштоўнаснай ацэнцы — то-бок ніхто са старонніх назіральнікаў не мусіць умешвацца ў ацэнку традыцый і ўказваць носьбітам, што і як яны мусяць рабіць. Акрамя таго, важна разумець, што нематэрыяльная культурная спадчына не абмяжоўваецца тымі элементамі, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — спіс можа пашырацца. 

Першай з праяў нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей быў уключаны абрад “Юраўскі карагод” — гэта адбылося ў 2004 годзе, затым у 2006-м туды дадалі абрад “Страла” з Веткаўскага раёна. Але сістэмная праца па выяўленні і інвентарызацыі нематэрыяльнай спадчыны ў Беларусі распачалася толькі ў 2009 годзе. З таго моманту пачалі праводзіцца тэматычныя семінары з супрацоўнікамі ўстаноў культуры ва ўсіх рэгіёнах. У выніку цягам наступных гадоў быў створаны Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які папаўняецца ад 2012 года. 

Сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць 168 элементаў, з іх 51 — геральдычныя і тапанімічныя аб’екты, а рэшта — непасрэдна жывыя традыцыі. Такім чынам, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі знаходзіцца крыху больш за сотню элементаў нематэрыяльнай спадчыны — зрэшты, у 2015-м, напрыклад, іх было толькі 76. У апошнія гады дзейнасць па наданні статусу нематэрыяльнай каштоўнасці значна актывізавалася, і гэты пералік, вядома, будзе расці. Але важна разумець, што часам адзін элемент могуць падтрымліваць некалькі супольнасцей, а часам — нават дзясяткі па ўсёй краіне, і ў дзейнасць па іх захаванні могуць быць уцягнутыя сотні людзей. Найбольш шырока прадстаўленыя ў спісе такія катэгорыі, як традыцыйныя рамёствы, выканальніцкія мастацтвы, традыцыйныя цырымоніі і абрады, цяпер актыўна пашыраецца катэгорыя традыцыйнай ежы. 

ФЕСТЫВАЛІ І АБРАДЫ 

Апошнім часам у свеце ўсё большую папулярнасць набывае культурны турызм. Прыхільнікі такога кшталту адпачынку, як правіла, дужа патрабавальныя і чакаюць ад падарожжаў большага — але, паводле ацэнкі Сусветнай турыстычнай арганізацыі, такія турысты таксама і трацяць на траціну болей, дазваляючы культурным установам, якія яны наведваюць, болей зарабляць і ўстойліва развівацца. Усё болей прыхільнікаў знаходзіць таксама творчы турызм, што прадугледжвае актыўны ўдзел падарожнікаў, якія навучаюцца розным мастацкім ці рамесным практыкам, а ў выніку могуць, напрыклад, стварыць сувеніры ўласнымі рукамі. 

Гліняныя вырабы

Гліняныя вырабы

Аналізуючы ўдалыя практыкі па выкарыстанні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычнай дзейнасці, між мерапрыемстваў абласнога ўзроўню варта адзначыць фестываль “Скарбы Гродзеншчыны”, канкрэтна прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне. Перад кожным раёнам вобласці была пастаўленая задача адшукаць і даследаваць узоры жывой народнай культуры, і па выніках гэты фестываль адбываецца раз на два гады ў розных раёнах вобласці, што дазваляе ўключыць у яго правядзенне большую колькасць прадстаўнікоў мясцовых супольнасцей. 

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які кожныя два гады ладзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці, — таксама добры прыклад работы па захаванні пераемнасці традыцыйнай народнай культуры, але, на жаль, ён у меншай ступені інтэграваны ў турыстычныя працэсы і таму амаль не мае гледачоў, акрамя жыхароў раёна. Цікавым прыкладам з’яўляецца і абрад “Бразгун” у Чэрыкаўскім раёне, падчас якога таксама адбываецца фальклорны фестываль, — але ў гэтым выпадку праблема палягае ў тым, што сам абрад пачынае знікаць, бо ў вёсцы папросту няма ўжо каму ўдзельнічаць у традыцыйным шэсці да крыніцы. У Слаўгарадскім раёне адбываецца даволі масавае свята на “Блакітнай крыніцы” — але тут, у сваю чаргу, паўстае праблема непажаданай камерцыялізацыі спадчыны і нават узнікаюць пагрозы экалогіі, што ўжо неаднаразова адзначалася. 

На ўзроўні раёнаў добрай формай па выкарыстанні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў сферы турызму з’яўляюцца летнікі традыцыйнай культуры, якія спрыяюць засваенню народных традыцый, рамёстваў і ўменняў. Праўда, іх правядзенне патрабуе значнай падрыхтоўкі — доўгатэрміновае знаходжанне турыстаў у вёсцы і праграму іх побыту арганізаваць складаней, чым разавае мерапрыемства. Добрым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства па арганізацыі такога кшталту летнікаў з’яўляецца фестываль традыцыйнай культуры “Пятровіца” ў Любанскім раёне — пры яго правядзенні культурную частку ладзяць спецыялісты ўстаноў культуры, гурты і носьбіты традыцый, а арганізацыйную частку забяспечваюць мясцовыя жыхары, пераемнікі гэтых традыцый, на сваіх асабістых падворках. 

У Веткаўскім і Мастоўскім раёнах ладзяцца летнікі па стварэнні вырабаў на кроснах. Хоць гэта не масавыя і не надта публічныя мерапрыемствы, але надзейнасць прыцягнення турыстаў у такім выпадку забяспечваецца яшчэ лепш, бо асноўным крытэрыем якасці паслугі ў турызме з’яўляецца жаданне чалавека звярнуцца па яе яшчэ раз — і сюды госці насамрэч прыязджаюць неаднаразова. Зважым таксама на арганізацыю летнікаў, якія ладзяцца паўсюдна ў школах: пры іх правядзенні таксама можна прапаноўваць для выкарыстання рэсурсы нематэрыяльнай спадчыны. 

Стол на Масленку ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна

Стол на Масленку ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна

ПРАБЛЕМЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

У сферы захавання нематэрыяльнай спадчыны яшчэ застаецца багата актуальных пытанняў, вырашэнне якія патрабуе грунтоўнай працы. Неабходнае павышэнне дасведчанасці ўдзельнікаў мясцовых супольнасцей аб традыцыях, якія існуюць у месцы іх жыхарства, забеспячэнне пераемнасці традыцыйных уменняў і навыкаў, заахвочванне моладзі да ўключэння ў справу зберажэння жывой спадчыны. 

Існуе таксама праблема дэградацыі элементаў спадчыны. Часам здараецца выкарыстанне падчас абрадаў неўласцівых форм адзення — напрыклад, пластыкавых вяночкаў пры святкаванні гукання вясны. Падобная сітуацыя існуе і з традыцыяй прыбіраць магілы на Радаўніцу, з якой на сённяшні момант таксама звязаная праблема пашырэння пластыкавых штучных кветак, што ўяўляюць пагрозу для экалогіі, бо засмечваюць прыроднае асяроддзе і не перапрацоўваюцца на працягу доўгіх гадоў, ствараючы сапраўдную экалагічную катастрофу. Такіх неадпаведнасцей варта пазбягаць, каб не страціць унікальныя праявы элементаў каштоўнасці. 

“Неабходна павышэнне дасведчанасці ўдзельнікаў мясцовых супольнасцей аб традыцыях, якія існуюць у месцы іх жыхарства, забеспячэнне пераемнасці традыцыйных уменняў і навыкаў, заахвочванне моладзі да ўключэння ў справу зберажэння жывой спадчыны”.

Існуе таксама праблема захавання аўтарскіх правоў носьбітаў нематэрыяльных каштоўнасцей — элементы спадчыны могуць і мусяць сертыфікавацца і патэнтавацца, асабліва гэта тычыцца мясцовых традыцыйных прадуктаў харчавання і страў. Спецыялісты на месцах мусяць перадусім дбаць не аб унясенні ў спісы як мага большай колькасці элементаў нематэрыяльнай каштоўнасці, а аб забеспячэнні ўстойлівага развіцця і жыццядзейнасці традыцыйных практык — а для гэтага важна падключаць да ўдзелу ў захаванні нематэрыяльных каштоўнасцей мясцовую супольнасць. 

Святкаванне Стрэчання ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна

Святкаванне Стрэчання ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна

Устойліваму развіццю і захаванню нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у мясцінах іх бытавання можа істотна спрыяць выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу — але пры ўмове, што сродкамі, накіраванымі на падтрыманне той ці іншай традыцыі, мусяць карыстацца менавіта іх носьбіты і захавальнікі, удзельнікі мясцовых супольнасцей. Разам з тым варта памятаць і аб рызыках, якія можа несці папулярызацыя жывой спадчыны, і пазбягаць яе фалькларызацыі, камерцыялізацыі ды брэндзіравання. Нематэрыяльная спадчына патрабуе далікатнага стаўлення, і захаваць яе магчыма адно супольнымі намаганнямі не толькі носьбітаў альбо работнікаў сферы культуры, адукацыі ці сродкаў масавай інфармацыі, але высілкамі ўсяго грамадства.

Газета "Культура" №22 ад 3 чэрвеня. 

Антон РУДАК 

Паводле матэрыялаў лекцыі Ілюстрацыі (архіўныя фота): Гліняныя вырабы праявы нематэрыяльнай спадчыны