У яркае лета з балетам і “Севільскім цырульнікам”

Апублiкавана: 06 чэрвеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Святкаваць — дык з прэм’ерамі! Літаральна тыдзень таму наш Вялікі тэатр адзначыў 90-годдзе, а 6—7 чэрвеня тут прэзентуюць новую пастаноўку — оперу “Севільскі цырульнік”, 8-га ж пачнецца фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”.

“Севільскі цырульнік” Джаакіна Расіні папулярны ва ўсім свеце. У нас твор таксама, можна сказаць, практычна не сыходзіць са сцэны, хіба з невялікімі “антрактамі” між новымі версіямі. Звярталіся да гэтай оперы і да афіцыйнага адкрыцця тэатра ў 1933-м, і пасля, зрабіўшы ў розныя гады з дзясятак розных пастановак. Былі на нашай сцэне і гастрольныя паказы — у тым ліку ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага фестывалю. 

Падчас прымеркі касцюмаў да спектакля "Севільскі цырульнік"

Падчас прымеркі касцюмаў да спектакля "Севільскі цырульнік"

Цяперашняя прэм’ера будзе асаблівай. Па-першае, гэтае ўвасабленне італьянскай класікі ўскладзена на італьянскую пастановачную каманду — рэжысёра Альда Тарабелу і мастака Энрыка Мусеніча. Малады беларускі дырыжор Уладзімір Авадок— таксама, лічыце, з італьянскім адгалінаваннем: восем гадоў таму ён перамог у конкурсным адборы і стаў студэнтам і асістэнтам сусветна вядомага маэстра Рыкарда Муці ў Італьянскай опернай акадэміі, прычыніўся да тамтэйшага спектакля “Фальстаф” па Вердзі, а праз два гады быў прызначаны дырыжорам-пастаноўшчыкам фестывалю ў Равене (Італія). 

Другая асаблівасць оперы ў тым, што для яе наш тэатр яшчэ ўзімку аб’явіў кастынг — і сярод выканаўцаў цэнтральных партый мы ўбачым новых артыстаў. Да прыкладу, маладых расійскіх салістаў Святлану Коціну, якая паўстане ў ролі прыгажуні Разіны, і Аляксея Макшанцава — у вобразе неўтаймоўнага Фігара. Магчыма, у хуткім часе творцы папоўняць нашу трупу. 

Сцэна з балета "Дон Кіхот"

Сцэна з балета "Дон Кіхот"

Па-трэцяе, Разіну будуць спяваць уладальніцы розных па тэмбры галасоў — сапрана і мецца. Справа ў тым, што гэтая партыя (як, дарэчы, і партыя Папялушкі ў аднайменнай оперы Расіні) была прызначана кампазітарам для ўнікальнага каларатурнага мецца. Ім валодалі легендарныя прымадонны Ларыса Александроўская, Святлана Данілюк. У савецкія часы склалася традыцыя выканання партыі Разіны лёгкімі лірычнымі сапрана (і нават каларатурнымі сапрана), што змяняла характар гераіні, рабіла яго больш гарэзлівым. Але ж Разіна-мецца з насычаным тэмбрам — зусім іншы тыпаж: яна ўпартая, валявая, здольная самастойна ўсяго дабіцца, у чымсьці нават — Фігара ў спадніцы. Невыпадкова ліст да каханка дзяўчына рыхтуе яшчэ да прыходу цырульніка, што выступае пасярэднікам, а той, небарака, доўга “ўгаворвае” яе адгукнуцца. Таму глядзець новы спектакль трэба будзе — дакладна некалькі разоў: параўноўваць — гэта ж так цікава! 

А вось нашы артысты балета опернай прэм’еры не ўбачаць: яшчэ 25 мая, акурат у дзень тэатральных імянін, адзначаных у Вялікім легендарнай “Кармэн”, творцы паказвалі “Ганну Карэніну” ў Іашкар-Але, у Марыйскім дзяржаўным тэатры оперы і балета імя Эрыка Сапаева. Адтуль з гэтым спектаклем рушылі ў Казань, у Татарскі акадэмічны дзяржаўны тэатр оперы і балета імя Мусы Джаліля, на XXXVI Міжнародны фестываль класічнага балета імя Рудольфа Нурыева, потым — ва Уфу, у Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета. Учора апынуліся ў Чэлябінску, у тэатры імя Міхаіла Глінкі, на XIV Міжнародным фестывалі “У гонар Кацярыны Максімавай”, дзе пакажуць “Лебядзінае возера”. Нарэшце, 8 чэрвеня, калі пачнецца “Балетнае лета”, артысты будуць у Цюменскай філармоніі — зноў з “Ганнай Карэнінай”. 

А ў гэты час “Балетнае лета ў Вялікім” адкрыецца гастрольнымі спектаклямі Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета: 8-га ў нас прэзентуюць сапраўдны дэтэктыў — пастаноўку “Гандляр цацкамі” паводле аднайменнага рамана расійскага пісьменніка і навукоўца Уладзіміра Дабрасоцкага, 9-га — “Арлекінаду” і “Кармэн” (абедзве гэтыя назвы пазначаны красамоўным дадаткам — NEW). Мы ўбачым не класічны балет Петыпа на музыку Дрыга і не оперу Бізэ, а сучасныя пластычна-танцавальныя гісторыі, прыдуманыя харэографам і артысткай Соф’яй Гайдуковай, якая была экспертам тэлешоу “Вялікі балет” на расійскім канале “Культура”. Дарэчы, музыка “Арлекінады.NEW” належыць знакамітаму Аляксею Айгі, вядомаму ў тым ліку многімі саўндтрэкамі да кінастужак і серыялаў. 

Сцэна з балета "Жызэль"

Сцэна з балета "Жызэль"

Наступныя два фестывальныя дні, 10 і 11 чэрвеня, аддадзены спектаклям Башкірскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Нам прапануюць “Пунсовую кветачку”, пастаўленую народным артыстам Расіі, мастацкім кіраўніком і галоўным балетмайстрам тэатра “Крамлёўскі балет” Андрэем Пятровым (дарэчы, ён жа рабіў і “Гандляра цацкамі” ў Варонежы), і савецкую класіку — “Легенду пра каханне” Арыфа Мелікава з харэаграфіяй Юрыя Грыгаровіча. 

З 13 чэрвеня балетная трупа Вялікага, крыху адпачнуўшы пасля насычаных расійскіх гастролей, у межах фестывалю пакажа “Лебядзінае возера”, “Дон Кіхота”, “Жызэль”. Усе гэтыя спектаклі пройдуць з удзелам запрошаных зорак пецярбургскага Марыінскага тэатра, Башкірскага тэатра оперы і балета ды нават Дзяржаўнага балета Берліна. 

Ну а завершыцца “Балетнае лета ў Вялікім” 16 чэрвеня — паводле традыцыі, гала-канцэртам. На ім таксама выступяць запрошаныя зоркі, у тым ліку артысты Пермскага тэатра оперы і балета, “Крамлёўскага балета”. Але і гэта яшчэ не ўсё! У ліпені наш Вялікі наведаюць са сваімі спектаклямі адразу некалькі расійскіх тэатраў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Таццяны БЕРВІНАЙ