Ня­змен­ная мі­сія. Як далучыць дзяцей да чытання ў эпоху гаджэтаў?

Новыя тэндэнцыі ў дзейнасці бібліятэк Мінска: бук-лукі, анлайн-акцыі, электронныя аўкцыёны і змаганне за чытанне. Пра шматгранную працу дзіцячых бібліятэк беларускай сталіцы, іх адпаведнасць сённяшнім запатрабаванням чытачоў, пра любоў да чытання, пастаяннае і сістэмнае папаўненне фондаў, міжнародныя конкурсы ды многае іншае“К”пагутарыла з дырэктарам Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццянай Швед.

— Таццяна Аляксееўна, што такое сёння Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк? Колькі чытачоў яна абслугоўвае, колькі кніг выдаецца бібліятэкарамі на рукі, у чым увогуле ўнікальнасць вашай установы? 

— Пачну з таго, што наша ЦСДБ — адзіная сістэма дзіцячых бібліятэк у Рэспубліцы Беларусь, у гэтым мы сапраўды ўнікальныя. Наша сістэма складаецца з Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага, 17 бібліятэк і 5 філіялаў. За год бібліятэкі сістэмы абслугоўваюць каля 120 тысяч чалавек, штогод у нас налічваецца амаль мільён наведванняў, а на рукі выдаецца больш за два мільёны экзэмпляраў кніг і часопісаў. Уявіце, кожны дзень у нашы бібліятэкі завітвае каля 3,5 тысяч чытачоў! Гэта ўсё, як кажуць, сухія лічбы, але за тымі лічбамі — карпатлівая і штодзённая праца бібліятэкараў, бо літаральна кожная з устаноў мае сваё аблічча, сваю асаблівасць і непаўторнасць. Напрыклад, у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы працуе інфармацыйны цэнтр японскай культуры, у бібліятэцы № 4 створана інтэрактыўная зона “Беларуская хатка”, у бібліятэцы № 6 паспяхова дзейнічае філіял дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Гэтыя прыклады можна працягваць і надалей. 

— У склад Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска ўваходзяць 18 бібліятэчных устаноў. Гэта многа ці мала на двухмільённы Мінск? І ці не задумваліся вы пра пашырэнне сістэмы? 

— Так, гэтага б нам вельмі хацелася, і тое ёсць наша праца на перспектыву. Бо не сакрэт, што новых дзіцячых бібліятэк бракуе, асабліва ў новых мікрараёнах Мінска, у якія зазвычай засяляюцца маладыя сем’і з дзецьмі. 

Наша кіраўніцтва, упраўленне культуры Мінгарвыканкама і яго начальнік Віталь Пятровіч Брэль (які, дарэчы, і сам вельмі любіць чытаць) пастаянна падтрымліваюць нашы прапановы і ставяцца станоўча да адкрыцця новых філіялаў бібліятэк у новых мікрараёнах. 

— Што ўвогуле з’яўляецца галоўным у вашай працы? На чым вы сёння засяроджваеце ўвагу сваіх супрацоўнікаў? 

— Наша місія не змянілася: мы робім усё, каб далучыць дзяцей да чытання. І не так важна, дзіця чытае папяровую кнігу ці электронную з гаджэта. Галоўнае, што чытае. Акрамя таго, на мой погляд, бібліятэкарам важна адпавядаць запытам чытачоў і дзякуючы гэтаму старацца не губляць наведвальнікаў. Трэба дапамагаць дзіцяці і школьніку з выбарам кнігі, звяртацца да яго з цеплынёй, як да роднага. Бо калі наш юны чытач не атрымае таго, што хоча і што яму трэба, то ён, магчыма, больш ніколі да нас не завітае. 

— Але ці ёсць магчымасць у дзіцячых бібліятэк Мінска задаволіць усе запатрабаванні чытачоў? Бо дзіцячая кніга, асабліва добра ілюстраваная, каштуе сёння немалых грошай. 

— Нашы фонды актыўна папаўняюцца новымі выданнямі, прычым як беларускіх, так і замежных выдавецтваў, у першую чаргу расійскіх. Так, летась мы набылі 40 тысяч экзэмпляраў рознай дзіцячай літаратуры. Спрыяе гэтаму і тое, што на камплектаванне фондаў бібліятэк выдаткоўваецца не менш за 12 працэнтаў ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання. Таму скажу без перабольшання: дзякуючы вельмі добраму бюджэтнаму фінансаванню сёння мы можам набыць любую, нават самую дарагую, айчынную ці замежную кнігу, на якую ёсць запыт у нашых чытачоў, а таксама тую, на якую мы самі звярнулі ўвагу падчас аналізу кніжнага рынку і кніжных навінак. У тым ліку мы набываем на электронных аўкцыёнах шматлікія навінкі расійскіх выдавецтваў. 

— Ці трэба, на ваш погляд, даваць нейкія падатковыя льготы тым выдавецтвам, што займаюцца выданнем дзіцячых кніг? Магчыма, пры падобнай умове дзіцячых беларускіх кніг у нашай краіне з’яўлялася б нашмат болей... 

— Гэта цікавая прапанова. Магчыма, яна паспрыяла б большай зацікаўленасці ў выданні дзіцячай літаратуры як з боку дзяржаўных, так і прыватных выдавецтваў. А гэта, у сваю чаргу, паспрыяла б выданню больш танных дзіцячых кніг, іх большай даступнасці для кожнай беларускай сям’і, для тых жа дзіцячых бібліятэк, што працуюць у Беларусі. Але ў гэтай сувязі хачу сказаць яшчэ вось пра што. Раней у нас існавала выдавецтва “Юнацтва”, якое займалася выданнем дзіцячых кніг. Сярод аўтараў гэтага выдавецтва ладзіўся сапраўдны адбор, друкаваліся найбольш цікавыя і адметныя кнігі. Канкурэнцыя была вялікая, і гэта спрыяла таму, што якасць дзіцячай літаратуры, выдадзенай пад грыфам “Юнацтва”, была заўсёды на самым высокім узроўні. 

— А цяпер гэты ўзровень не такі высокі, як раней? Бо знікла названая вамі сістэма адбору якаснай літаратуры? 

— Так, безумоўна. Справа яшчэ і ў тым, што сёння дзіцячую літаратуру прапануюць многія выдавецтвы, і бывае, што якасць літаратурных твораў, афармленне дзіцячых кніг сапраўды не зусім адпавядае сённяшнім высокім стандартам. Напрыклад, нават фармат дзіцячых кніг павінен быць адпаведным запатрабаванням маленькіх чытачоў. Скажам, каб хлопчык ці дзяўчынка з лёгкасцю маглі пакласці ўпадабаны экзэмпляр той ці іншай кнігі ў свой школьны заплечнік. Таму пажадана, каб такая кніга не была вельмі вялікай па памеры ці аб’ёме. А часам менавіта падобнымі кнігамі “грашаць” некаторыя з нашых выдавецтваў. Таму я вельмі б хацела, каб у Беларусі зноў з’явілася выдавецтва, якое арыентуецца толькі на выданне дзіцячай літаратуры. 

— Якімі акцыямі сёння зацікаўліваюць сваіх чытачоў дзіцячыя бібліятэкі сталіцы, у тым ліку і ў анлайн-фармаце? 

— Летась у нас адбыліся праект “Бібліятэка пад адкрытым небам” у межах музычна-турыстычнага сезона, фестываль дзіцячай кнігі “Міхасёвы прыгоды” ды іншыя адметныя імпрэзы. І, канешне, не сакрэт, што нашы бібліятэкі актыўна пазіцыянуюць сябе ў інтэрнэце і ў сацыяльных сетках, пра што некалькі нумароў таму пісала і “Культура”. Скажам, не так даўно былі зладжаны анлайнбатл “Чытаем кнігі дзядулі Карнея”, анлайн-віктарыны да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых пісьменнікаў, віртуальныя выставы “Кнігі пра кнігі, бібліятэкі і бібліятэкараў”, “Мінск — сэрца Беларусі” ды іншыя. 

— А ці ёсць сярод гэтых акцый міжнародныя? 

— Так, безумоўна. Напрыклад, адна з нашых міжнародных анлайн-ак¬ цый напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў жніўні, якая сёлета будзе ладзіцца трэці год запар, называецца “Чытаем беларускія кнігі”. Падчас гэтай імпрэзы дзеці з розных краін свету запісваюць відэаролікі з чытаннем беларускіх кніг, у тым ліку і перакладзеных на іх родную мову. Калі мы ладзілі гэтую акцыю першы раз, у ёй прынялі ўдзел каля 150 дзяцей, таму спадзяюся, што і сёлета колькасць удзельнікаў будзе даволі вялікая. Таксама сярод міжнародных можна згадаць анлайн-акцыі “Мая беларуская кніга” (калі дзеці ствараюць бук-лукі — інсталяцыі з кнігай), “Гісторыя адной кнігі” (пра Вялікую Айчынную вайну), “Калядныя чытанні”, “Мастацтва слова” і іншыя. 

— І апошняе. На старонцы сайта Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі напісана, што названая ўстанова, сярод іншага, вывучае чытанне, інфармацыйныя паводзіны дзяцей і служыць творчай лабараторыяй бібліятэчнай работы з дзецьмі. Ці не варта падумаць пра падобную структуру і ў Беларусі, ці не варта стварыць сваю дзіцячую “Нацыяналку”? 

— Безумоўна, было б вельмі карысным стварэнне падобнай установы — хай нават гэта будзе не дзіцячая “Нацыяналка”, а нешта накшталт Цэнтра кнігі ці Цэнтра вывучэння дзіцячага чытання, — якая б каардынавала працу дзіцячых бібліятэк, ладзіла маніторынг дзіцячага чытання, вывучала, якія кнігі чытаюць дзеці, прапаноўвала бібліятэкарам свае распрацоўкі на карысць заахвочвання дзіцячага чытання. Спадзяюся, з цягам часу падобная ўстанова ў Беларусі абавязкова з’явіцца. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ