Апошняя крэпасць былой імперыі

Апублiкавана: 15 чэрвеня 2023 Стужка Архітэктура Гродна і вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У Беларусі нямала цудоўных гарадоў, але нямногія з іх маглі б пазмагацца за ганаровы статус неафіцыйнага пакуль горада-музея. Па суб'ектыўным меркаванні аўтара, такі ўнікальны горад у нас усяго адзін. І гэта Гродна. Менавіта тут захаваліся адзіныя ў нашай краіне каралеўскі замак і палац. А яшчэ гэта адзіны на сёння беларускі горад, які меў афіцыйны статус сталіцы Рэчы Паспалітай — уніі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Нагадаю, што ў той трохсотгадовай польска-беларускай дзяржаве былі чатыры сталіцы: Кракаў, Варшава, Вільня і Горадня. Менавіта ў гэтых гарадах праходзілі пасяджэнні парламента — кароннага сейма.

Зрэшты, каралеўская гісторыя Гродна і яго велічная архітэктурная спадчына эпохі ВКЛ вядомыя даволі шырока. Я ж падчас чарговага візіту адкрыў для сябе гэты горад зусім з нечаканага боку. Аказалася, што ў яго наваколлях знаходзіцца дзіўны па велічных маштабах помнік абарончай архітэктуры, які здольны ўразіць гэтак жа, як і знакамітая Брэсцкая крэпасць. 

Цытадэль над Бугам расійскія ваенныя інжынеры ўзводзілі ў пачатку XIX стагоддзя з абломкаў і цэглы разбуранага імі ж старога Брэста. Яе архітэктура і планіроўка тыповыя для канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. А гродзенскую цвярдыню ваенныя інжынеры Расійскай імперыі адлівалі цалкам з бетону ўжо ў пачатку стагоддзя 20-га. Яна павінна была перашкодзіць патэнцыйнаму ўварванню з Усходняй Прусіі. 

Трэба сказаць, што ўказ аб будаўніцтве Гродзенскай крэпасці імператар Мікалай ІІ падпісаў толькі ў жніўні 1912 года. Згодна з праектам, неабходна было ўзвесці 13 асноўных фартоў, 19 літарных і 23 нумарныя апорныя пункты. Аднак у шэрагу крыніц сцвярджаецца, што будаўніцтва Гродзенскай крэпасці вялося з другой паловы ХІХ стагоддзя. Размяшчэнне фартэцый наводзіць на думкі аб крэпасці-зорцы, аналагічнай існай калісьці ў Брэсце… 

Форт. Фота 1915 г.

На даваенным этапе будаўніцтва большасць земляных прац выконвалі сяляне бліжэйшых паветаў і наёмныя рабочыя. У далейшым здаралася, што прыцягнутыя на працу сяляне прыязджалі здалёк (з Ваўкавыскага і нават Пружанскага паветаў). Кожная партыя сялян павінна была працаваць па два тыдні, пасля чаго яна змянялася новай партыяй, дасланай павятовым паліцэйскім спраўнікам. Часта сяляне з вялікім жаданнем ішлі ў крэпасць на будаўнічыя работы, што тлумачылася добрым заробкам у вольны ад гаспадарчых прац час. 

З пачаткам вайны будаўніцтва актывізавалася. Да 1915 года асноўныя працы былі завершаны. Фарты размяшчаліся на ўзвышшах і мелі натуральныя ўмацаванні. Іх лакацыя дазваляла бесперапынна весці кругавое назіранне. Даўжыня вонкавых сцен некаторых фартоў дасягала 150 метраў. Усе яны мелі развітую сістэму ўнутраных пераходаў, пакояў і бліндажоў. На фартах месціліся гарматы, кулямёты і стралкі. 

Нягледзячы на тое, што да пачатку Першай сусветнай крэпасць фактычна дабудавалі, ніводны з яе пунктаў не быў цалкам гатовы да бою. Тое паказалі першыя ж сутычкі з германскімі войскамі. У сувязі з гэтым у жніўні і верасні 1915 года салдаты, якія аказаліся пад пагрозай аблогі, былі эвакуіраваны. Па загадзе камандавання фарты падарвалі. Цалкам ацалеў толькі форт №4. Раскватараваныя там салдаты адабралі дэтанатары і шнуры ў дасланых сапёраў і не дазволілі ім выканаць загад праз тое, што ў форце знаходзілася шмат параненых, якіх немагчыма было эвакуіраваць. 

Аўтападарожнікам раю быць уважлівымі і на заключным этапе вандроўкі звярнуць на лясную дарогу. Па асфальце да гэтага форта не пад’ехаць. Сам жа ён цалкам зручны для вонкавага агляду.

Аўтару давялося таксама наведаць форт №2 у раёне вёскі Навумавічы. Ён з’яўляецца адным з так званых вялікіх фартоў і адносна нядрэнна захаваўся. Уражвае якасць дарэвалюцыйнага бетону! Здаецца, што стралковыя ячэйкі і кулямётныя гнёзды залівалі зусім нядаўна, хоць першыя баі тут праходзілі ў лютым 1915 года. 

Сучасны выгляд форта

А ў канцы Вялікай Айчыннай вайны фашысты зрабілі форт месцам пакарання смерцю мірных жыхароў Гродна і ваеннапалонных. На бетонных сценах захаваліся выбоіны ад куль карнікаў. Цяпер побач з фортам усталяваны помнік-крыж, пліта з імёнамі расстраляных гарадзенцаў і скульптура жанчыны, якая смуткуе аб загінулых тут трох тысячах чалавек... 

Газета "Культура" №18 ад 6 мая.

Віктар ГАЎРЫШ