Вёска, якой няма. Імёны, якія ёсць

Апублiкавана: 14 чэрвеня 2023 Стужка Традыцыі Мiнская вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Існуе ў журналістаў “К” традыцыя — увесну, узброіўшыся сякерамі і рыдлёўкамі, выпраўляцца ў забытыя Богам і людзьмі памятныя мясціны. Некаторыя аб’екты добраўпарадкоўваем штогод, але трапляем і на новыя. Цяпер рушылі ў Смалявіцкі раён, у вёску Радкоўшчыну, якую знойдзеш хіба толькі на старых даваенных картах. Аднак жа мы наведваем гэты куток па некалькі разоў на год — праз важнасць для нашай гісторыі і культуры. Ды і нагода была — дзень нараджэння бацькі беларускай нацыянальнай оперы, які прыйшоў у свет 17 мая 1819-га ва Убелі. 

ЯМА ЯК СІМВАЛ ВЁСКІ 

Дабраўшыся без прыгод да паселішча Пекалін (паміж Смалявічамі і Смілавічамі), павярнулі ў бок Алесіна. Метраў праз пяцьсот, мінуўшы ферму, спыніліся каля невялічкага помніка. Некалькі гадоў таму яго ўсталявалі як напамін, што тут была вёска Радкоўшчына, знішчаная ўлетку 1944-га. Яе жыхары ацалелі, перачакаўшы ў лесе заўзяты бой савецкіх і нямецкіх войскаў, але паселішча ўжо не аднаўлялі. Адметна, што кожную вясну і восень глыбокая яміна перад помнікам ператвараецца ў зялёную лужыну, што кепска пахне. Менавіта ў гэтым месцы машыны з угнаеннямі з’язджаюць з дарогі на поле, пакідаючы частку грузу, нібы ахвяру. Уражанне ад убачанага словамі не пера- даць (цяжкавік жвіру змяніў бы краявід непазнавальна). 

СЯДЗІБА ПАД ЛІСТОЎНІЦАЙ 

Ад помніка да сядзібнага пагорка некалькі дзясяткаў метраў. Арыенцірам для турыстаў можа служыць высачэзная лістоўніца, узрост якой перасягнуў 200 гадоў. Дрэва памятае вайну 1812-га, сялянскі эксперымент гаспадара маёнтка Дамініка Манюшкі ў 1820-я, малога Стася, будучага кампазітара, а потым і звонкія галасы ўжо яго дзяцей. Яно ўсё памятае: і радасць, і сум. І проста цуд, што расліна, якая ёсць на малюнках бацькі музыканта (!), жыве і цешыць вока мінака і сёння. Вось толькі сядзіба Манюшкаў, за савецкім часам ператвораная ў школу, пайшла дымам разам з вёскай. Сёння ў падмурках дома, ледзь бачных над зямлёй і прыхаваных хмызам, упарта, як крот, рыецца і рыецца няўрымслівы чорны капальнік. У свежым адвале мы знайшлі непатрэбны ананіму кавалак белай кафлі, аскепкі збана і крохкага тонкага шкла. 

На месцы пахавання бацькоў Станіслава Манюшкі

На нашу думку, маляўнічы сядзібны пагорак мог бы стаць месцам правядзення музычна-мастацка-гістарычнага міжнароднага фестывалю. Усё ж сярод маёнткаў роду гэты, як вынікае з дакументаў, граў самую значную ролю. Ды апошні яго гаспадар па тастаменце бацькі – уласна Станіслаў Манюшка. Тут быў бы дарэчы інфармацыйны стэнд, камень з гадамі існавання Радкоўшчыны, сімвалічная сцяжынка ад дарогі на пагорак. І, падаецца, зрабіць усё гэта ні для краіны, ні для раёна не прадстаўляе складанасці. Толькі была б на тое воля. 

БАБУЛІН ВАЛУН 

Наша талака пачалася з упарадкавання пляцоўкі вакол памятнага каменя ў гонар Евы з роду Вайніловічаў. Бабуля кампазітара, з якой у Воўчкавічах на Пцічы ажаніўся Станіслаў-старэйшы, належала да адной з самых старажытных беларускіх фамілій. Пасля смерці мужа Евы дзеці забралі яе ў Радкоўшчыну, дзе кабета і сканала ў 1840-м. Пахавалі нябожчыцу ў Смілавічах. Валун быў пастаўлены ў 1861 годзе яе сынам Чэславам. Гэты камень і яшчэ два ў гонар брата Чэслава — Дамініка, які вызваліў сялян ад прыгону і пабудаваў для іх дзве школы, стваралі своеасаблівы прыдарожны помнік. Камень бабулі да гэтага часу ляжыць на баку ў канаве. Кожны год валун напалову засыпае зямлёй, а мы адкопваем (гэтым разам выклалі пародай пляцоўку вакол). Падаецца, час змяніць правілы гульні! Выйсце бачыцца простае: прыродны артэфакт або перавозіцца ў Алесіна (гл. далей), або застаецца ў Радкоўшчыне, толькі пераносіцца на пагорак, дзе была сядзіба. Так месца не асірацее — і захавае прыцягальнасць для турыстаў. 

ПАГОРАК ПАД СОСНАМІ 

Як сведчаць архіўныя крыніцы, маці кампазітара Альжбета Манюшка памерла ў Радкоўшчыне 10 (22) верасня 1850 года. У адрозненне ад усіх астатніх сваякоў і продкаў музыканта, якіх хавалі ў Смілавічах, яна знайшла апошні прытулак на вясковых могілках, сярод сваіх былых падданых. Крыху пазней творцаў бацька ўзвёў там невялічкую капліцу, у якой потым пахавалі і яго (сканаў 12 (29) кастрычніка 1870 года). Пра будынак мы ведаем дзякуючы малюнкам Чэслава, яго ўнука — мастака Яна Манюшкі, фотаздымку 1913-га. Шэсць гадоў таму на месцы архітэктурнага артэфакта ззялі і буялі непралазны хмызняк, крапіва, і ўсё гэта было шчодра засыпана могілкавым смеццем. За мінулыя сезоны мы вычысцілі пляцоўку і нават стварылі сімвалічны помнік з раскіданых камянёў каплічнага падмурка. Але ж без дагляду куток ізноў, прычым даволі хутка, рызыкуе вярнуцца “да каранёў”. Спрыяе таму вось што. Ніхто з апытаных тутэйшых жыхароў ніколі не чуў ні пра дабрадзея Дамініка, ні пра славутага кампазітара Станіслава, ні пра іншых Манюшкаў. Натуральна, і пра капліцу людзі дазналіся ад нас. Інфармацыйны стэнд, крыж, таблічка маглі б значна змяніць становішча. Праўда, само месца пахавання патрабуе больш увагі і высілкаў. Гаворка вядзецца пра бацькоў сусветна вядомага кампазітара — і цікавасць турыстаў, як беларускіх, так і замежных, да Радкоўшчыны павысілася б. Ці ж годна выглядае магіла, заваленая бітай цэглай, камянямі? Нават з тым помнічкам і парай лампадак, якія мы пакідаем кожны раз? Прыходзіць на розум пахаванне бацькоў кампазітара Фрыдэрыка Шапэна на варшаўскіх могілках Паванзкі. Сціплы, але ж помнік, увесь у лампадках і кветках. 

Камень Евы з роду Вайніловічаў

АДПАЧНІ Ў МАНЮШКАЎ З МАНЭА 

Суботнік скончыўся ў аграгарадку Алесіна, што за некалькі кіламетраў ад Радкоўшчыны. Калісьці гэта быў маёнтак Ваньковічаў, звязаных з Манюшкамі сваяцтвам. Ад сядзібы даўно не засталося і следу. Сёння на яе месцы невялічкі парк. Затое некалькі гаспадарчых пабудоў з бутавага каменю і цэглы захаваліся, і жыццё ў іх віруе. Менавіта сюды шмат гадоў таму з Радкоўшчыны спярша перавезлі памятныя валуны, прысвечаныя Дамініку Манюшку братам Чэславам, бацькам кампазітара. На адным з іх у выглядзе надпісу “Манюшкі з Манэа” ўвасобілася легенда аб тым, што продак роду быццам з’яўляўся італьянскім рыцарам, шукальнікам прыгод. Сюды ж, у Алесіна, два гады назад перамясцілі адкапанае намі ў Радкоўшчыне каменнае крэсла самога Дамініка, пастаўленае ім пры дарозе ў 1824-м і аздобленае словамі “Мінак, адпачні”. На жаль, і цяпер няма ні інфармацыйнага стэнда, ні шыльды, што прадмет ёсць помнікам археалогіі. Ды сама пляцоўка ніяк не абазначана, таму аб важнасці гэтых камянёў здагадаецца толькі дасведчаны мінак, якому пашанцуе іх угледзець. 

ВЯРТАННЕ 

У сталіцу мы ехалі моўчкі. Напрацаваўшыся і паглыбіўшыся ў мінулае, кожны хацеў пабыць сам- насам з думкамі. Не магу сказаць, аб чым разважалі калегі, але ў маёй галаве ўсё круцілася вакол будучага Радкоўшчыны. Зразумела, што без далучэння дзяржаўных інстытуцый да аднаўлення гістарычнай памяці наша ініцыятыва рызыкуе так і застацца штогадовай забаўкай энтузіястаў. Падаецца, наспеў час пераходзіць на новы ўзровень. 

Газета "Культура" №20 ад 20 мая.

Зміцер ЮРКЕВІЧ